Гуманітарны спіс: палітвязні, якіх трэба вызваляць тут і цяпер

На сённяшні дзень як мінімум 32 палітвязні знаходзяцца за кратамі ў крытычным стане, гаворыць Вольга Гарбунова. Іх жыцці — пад пагрозай, але рэжыму ўсё адно.

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова. Фота з асабістага архіву

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова. Фота з асабістага архіву

Паводле стану на 10 чэрвеня 2024 года ў Беларусі 1396 палітвязняў. Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, не так даўно сама была адной з іх. У лістападзе 2021 года Вольгу затрымалі паводле падазрэння ў арганізацыі жаночых маршаў, у траўні 2022 года яе прысудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі», пасля чаго ёй удалося з'ехаць з краіны.

У Беларусі яна шмат гадоў дапамагала людзям, якія знаходзяцца ва ўразлівым сацыяльным становішчы, у тым ліку пацярпелым ад хатняга гвалту. У Аб'яднаным пераходным кабінеце Вольга накіравала свае намаганні на тое, каб праца з самай уразлівай катэгорыяй людзей са спісу палітвязняў праводзілася максімальна сістэматычна. Так з'явіўся гуманітарны спіс. Пра тое, хто ў ім знаходзіцца і колькім палітвязням у Беларусі патрэбная сёння дапамога, Вольга рассказала ў інтэрв'ю «Deutsche Welle».

«Сістэма выбрала тактыку: проста не аказваць дапамогу»

Сёння ў гуманітарным спісе лічыцца 255 чалавек. «Па сутнасці, мы закумулявалі ўвесь пласт інфармацыі, які збіраюць беларускія няўрадавыя і праваабарончыя арганізацыі, у адным месцы, — расказвае Вольга Гарбунова. — Таксама фіксуем усё, што трапляе ў сацсеткі. Пастаянна аналізуем інфармацыю і абнаўляем кожны месяц. Важна адзначыць, што гэты спіс умоўны. Акрамя недахопу інфармацыі, трэба разумець, што пагаршэнне стану многіх палітвязняў знаходзіцца ў пастаяннай дынаміцы».

29 красавіка 2023 года ва ўсіх СІЗА Беларусі была накладзеная забарона на прыём медпрэпаратаў імпартнай вытворчасці. На дадзены момант выключэнне складаюць толькі інсулін і вітамінна-мінеральныя комплексы замежнай вытворчасці.


Глядзіце таксама

«Многія палітвязні — гэта людзі ва ўзросце, з хранічнымі захворваннямі, а калі чалавек не можа прымаць патрэбныя прэпараты ў патрэбнай дазіроўцы і неабходнага вытворцы, калі лекараў да яго не дапускаюць, калі немагчыма здаць аналізы, гэта ў літаральным сэнсе знішчэнне чалавека. Гэтая сістэма абрала для сябе такую тактыку — проста не аказваць медыцынскую дапамогу. Калі я сама знаходзілася ў СІЗА і здала там аналізы на гармоны шчытападобнай залозы, мне не гаварылі вынік 4 месяца. У СІЗА не было нават эндакрынолага», — расказвае экспертка.

У спіс уносілі самыя цяжкія выпадкі

У гуманітарным спісе знаходзяцца не толькі людзі, якія маюць патрэбу ў тэрміновай медыцынскай дапамозе. Крытэрыяў для ўключэння ў спіс шмат, намаганні былі накіраваны на пошукі тых выпадкаў, дзе патрэбнаz экстраная дапамога.

Так, напрыклад, асобную групу ў спісе складаюць зняволеныя з афіцыйна ўстаноўленай інваліднасцю, якія знаходзіліся на рэгулярным лячэнні ў медыкаў. Такіх у спісе 16. Але на справе, як упэўненая Вольга Гарбунова, іх больш. Узяць, да прыкладу, кейс Антаніны Канавалавай, якой інваліднасць была прысвоена ўжо пасля абвяшчэння тэрміну.

Таксама ёсць захворванні, якія паводле беларускіх законаў не трапляюць пад паняцце інваліднасці. Сярод іх — некаторыя формы анкалагічных захворванняў, бранхіяльная астма або хваробы сэрца, пры якіх без належнай меддапамогі кожны дзень у зняволенні можа стаць апошнім. Такіх палітвязняў у гуманітарным спісе — 93. У гэтую катэгорыю ўключылі тых, хто чакаў планавай аперацый перад затрыманнем або ў каго ўжо ў зняволенні адбылося сур'ёзнае пагаршэнне здароўя.


Глядзіце таксама

Яшчэ 10 чалавек са спісу — гэта тыя, хто сутыкнуўся ў зняволенні з ментальнымі дыягназамі і засмучэннем псіхікі. Вядома, што частка гэтых людзей знаходзяцца на прымусовым псіхіятрычным лячэнні.

«Можа падацца, што гэта невялікая лічба. Але гэта ўсяго толькі тыя кейсы, пра якія нам удалося даведацца. Ёсць людзі, якія схуднелі на 30-40 кг, рабілі спробу скончыць жыццё самагубствам. Ёсць кейсы, калі людзі, якіх накіравалі на "хімію" або якія выйшлі з месцаў несвабоды, пакончылі з сабой», — кажа Вольга Гарбунова.

Для многіх палітвязняў тэрмін можа аказацца пажыццёвым

Адна з самых вялікіх катэгорый гуманітарнага спісу — людзі ва ўзросце 60+. У ёй — 63 чалавекі. Улічваючы сярэднюю працягласць жыцця беларусаў (64 гады ў мужчын і 78 гадоў у жанчын), можна сказаць, што нават пяці-сямігадовы прысуд для іх можа стаць пажыццёвым. Палітзняволенай Галіне Дзербыш 62 гады, у яе інваліднасць другой групы, анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам. Яе прысудзілі да 20 гадоў зняволення.

Таксама ў спісе зафіксаваныя выпадкі, звязаныя з непаўналетнімі. Рэжым пасадзіў 15-17-гадовых дзяцей. «Знаходжанне іх у турмах — непапраўны ўдар па ўсім іх далейшым жыцці», — кажа Вольга.

Яшчэ адна ўразлівая група — шматдзетныя бацькі або сем'і, дзе і маці, і бацька — палітзняволеныя. «Мы сфакусавалі ўвагу на бацьках з трыма і больш дзецьмі, — адзначае суразмоўца DW. — Прыклад — Вольга Залатар (шматдзетную маці са Ждановічаў прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Заўв. рэд.). Яе заключэнне — велізарная шкода псіхіцы і здароўю не толькі палітзняволенай, але і пяцярым яе дзецям».


Глядзіце таксама

Акрамя таго, у спіс уваходзяць зняволеныя ў рэжыме інкамунікада. Пакуль што ў гэтым спісе шэсць чалавек: Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Мікалай Статкевіч, Максім Знак. Ёсць таксама інфармацыя, што ў рэжыме інкамунікада цяпер утрымліваецца і палітзняволеная Алена Гнаук.

У 32 выпадках гаворка ідзе пра жыццё і смерць

Вольга Гарбунова падкрэслівае, што прозвішча аднаго палітвязня праходзіць у спісе толькі адзін раз, пры гэтым падстаў для трапляння ў некалькі груп у аднаго чалавека можа быць шмат. Так, да прыкладу, самаму ўзроставаму палітвязню сёння 76 гадоў. У гуманітарным спісе ён лічыцца ў катэгорыі «ўзрост 60+». Але па стане здароўя яго можна аднесці і ў групу зняволеных з пэўнымі захворваннямі.

З 255 чалавек, якія ўнесены ў гуманітарны спіс, 32 адносяцца да вельмі тэрміновых выпадкаў, дзе гаворка ідзе пра жыццё і смерць. У іх ліку — Ксенія Луцкіна, у якой пастаянна расце пухліна ў галаўным мозгу. Паводле слоў тых, хто знаходзіўся з ёй у зняволенні, адзінае лячэнне, якое яна атрымлівае, — гэта штодзённыя болеспатольныя ўколы. Магчыма, яе пухліна ўжо не аперабельная.

«Мы абмяркоўваем з калегамі, ці варта гаварыць пра гэта публічна. Маё меркаванне: так, варта. Але відавочна не для афіцыйнага Мінска. Таму што яны і так ведаюць, каго асудзілі і адправілі ў турмы. Мікалай Клімовіч, які памёр у траўні мінулага года, яшчэ ў судзе папярэджваў суддзю і пракурора, што ў яго сур'ёзныя праблемы з сэрцам, яму патрэбныя кардыёлагі і лекі, — кажа Вольга Гарбунова. — Мы збіраем і агучваем гэтую інфармацыю для міжнародных партнёраў.


Глядзіце таксама

Можна колькі заўгодна выкарыстоўваць інструменты ціску на рэжым, спрачацца адносна эфектыўнасці санкцый, але, шчыра кажучы, мяне як палітзняволеную, якая выйшла, як чалавека, якая чакае сваіх сяброў з турмаў і хоча вярнуцца дадому, мала хвалюе стратэгія на пяць-дзесяць гадоў наперад. Пры гэтым мяне вельмі хвалюе, што апошнія трое загінулых палітвязняў, загінулі цягам трох з паловай месяцаў. І іх у гуманітарным спісе не было».

Паводле слоў суразмоўцы DW, важна, каб блізкія дзяліліся інфармацыяй пра стан здароўя палітвязняў. Гэта можна зрабіць ананімна праз службу «Адно акно», якую Аб'яднаны пераходны кабінет запусціў у 2023 годзе. 

Як адзначае Вольга Гарбунова, звяртаць увагу на беларускіх палітвязняў становіцца ўсё складаней: «Вакол так шмат гора, што ўжо, здаецца, з'явілася канкурэнцыя, каму горш, хто праб'ецца на міжнароднай сустрэчы, хто трапіць у СМІ. Гуманітарны спіс патрэбны, каб пераконваць усіх, хто можа яшчэ сабе гэта дазволіць, выступіць пасярэднікам і ініцыяваць гуманітарныя перамовы».