Гандаль людзьмі ў 21 стагоддзі. 8 фактаў, якія важна ведаць
Гэтая злачынная дзейнасць распаўсюджана па ўсім свеце. Ахвярамі гандлю людзьмі становяцца таксама і беларусы і беларускі. Расказваем, што трэба ведаць, каб не трапіць у такую сітуацыю, і куды звяртацца, калі з вамі здарылася бяда.
Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці (УНП ААН) расказвае пра гандаль людзьмі ў XXI стагоддзі. Гэтыя факты дапамогуць лепш зразумець перадумовы злачыннай дзейнасці такога кшталту, яе сувязь з міграцыяй, зменамі клімату і канфліктамі, а таксама тое, як вярбуюцца і эксплуатуюцца ахвяры.
Гандаль людзьмі адбываецца ва ўсіх рэгіёнах свету
Гандаль людзьмі ажыццяўляецца паўсюдна, але ў асноўным людзей перавозяць з краін з нізкім узроўнем даходу ў краіны з больш высокім узроўнем даходу.
Большасць ахвяр (каля 60%) выяўляюцца ўнутры краіны паходжання, у той час як ахвяр трансгранічнага гандлю ў асноўным знаходзяць у тым жа рэгіёне (18% выпадкаў) або ў бліжэйшых краінах (6%). Толькі ў 16% прыкладаў людзі аказваюцца вельмі далёка ад месца паходжання.
Больш за ўсё ахвяр трансгранічнага гандлю людзьмі — з Афрыкі, асабліва з краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары, а таксама з Паўднёвай і Усходняй Азіі.
Гандаль людзьмі — шырока распаўсюджанае злачынства і прыбытковы бізнэс
Гандаль людзьмі — гэта вярбоўка, транспарціроўка, перадача, укрывальніцтва або атрыманне людзей гвалтам ці падманам з мэтай іх эксплуатацыі для атрымання прыбытку.
Сапраўдныя маштабы злачынства ўстанавіць цяжка. У 2020 годзе ва УНП ААН паступіла каля 50 тысяч скаргаў са 141 краіны. Да 50 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце (што эквівалентна насельніцтву Паўднёвай Карэі або Уганды) могуць падвяргацца розным формам эксплуатацыі.
Маштабы гандлю людзьмі растуць хуткімі тэмпамі, паколькі гэтая дзейнасць з'яўляецца высокапрыбытковым бізнесам, якія прыносяць штогод каля 150 мільярдаў долараў прыбытку.
Гандаль людзьмі квітнее з-за галечы, канфліктаў і змен клімату
Гандаль людзьмі абумоўлены складаным узаемадзеяннем сацыяльных, эканамічных і палітычных фактараў.
Канфлікты і пераслед, беднасць і палітычная нестабільнасць, адсутнасць доступу да адукацыі і працоўных месцаў, міграцыя і вымушанае перамяшчэнне, гендарная няроўнасць і дыскрымінацыя, стыхійныя бедствы і зменены клімату — усё гэта стварае ўмовы, якія спрыяюць гандлю людзьмі.
Улічваючы, што амаль палова насельніцтва свету жыве менш чым на 6,85 долара на чалавека ў дзень, а як мінімум тры мільярды чалавек жывуць у раёнах, што сур'ёзна пацярпелі ад змен клімату і дэградацыі навакольнага асяроддзя, уразлівымі перад эксплуатацыяй становяцца мільёны людзей.
Гандляры людзьмі маюць выгаду ад адчаю, няроўнасці і недахопу рэсурсаў, яны нацэльваюцца на уразлівых, маргіналізаваных людзей, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы, у тым ліку нелегальных і незаконна ўвезеных мігрантаў і тых, хто тэрмінова мае патрэбу ў працы.
Гандляры людзьмі выкарыстоўваюць усё: ад падману да гвалту, — для вярбоўкі і эксплуатацыі сваіх ахвяр
Паколькі пра гандаль людзьмі часта не паведамляецца ў праваахоўныя органы і ён недастаткова эфектыўна пераследуецца па законе, гэтае злачынства характарызуецца высокімі ўзнагародамі і нізкімі рызыкамі для вінаватых. Яны атрымліваюць значны прыбытак, не асцерагаючыся пакарання.
Ведаючы, наколькі высокі попыт маюць танная працоўная сіла, сэксуальныя або іншыя паслугі, злачынцы выкарыстоўваюць недахопы ў заканадаўстве, а таксама карупцыю і слабыя органы ўлады для ажыццяўлення сваёй незаконнай дзейнасці.
Яны падманваюць ахвяр, абяцаюць ім лепшае жыццё ў новай краіне, прапануюць цікавую працу з вялікімі льготамі або выкарыстоўваюць прамы гвалт у дачыненні да ўразлівых людзей, каб прымусіць іх да такіх практык, як сэксуальная эксплуатацыя або прымусовая праца.
Пазбегнуць эксплуатацыі можа быць надзвычай складана
Ахвяры часта трываюць бесчалавечныя ўмовы, і ім цяжка вырвацца з рук сваіх эксплуататараў, якія выкарыстоўваюць цэлы шэраг механізмаў і маніпуляцый, каб кантраляваць іх.
Ахвяр могуць збіваць, пагражаць ім і шантажаваць іх. Ім бывае больш няма куды ісці. У іх могуць адбіраць пашпарты і іншыя дакументы. Многія могуць нават не лічыць сябе ахвярамі, што часта здараецца, калі імі маніпулюе партнёр ці сваяк.
Страх перад расправай часта ўтрымлівае ахвяр ад звароту па дапамогу, і яны з большай верагоднасцю будуць ратавацца самастойна, чым з дапамогай уладаў. Каля 41% ахвяр звяртаюцца ў органы ўлады, але толькі ў 28% выпадкаў праваахоўныя органы пачынаюць актыўна весці расследаванне.
Найбольш распаўсюджанымі формамі гандлю людзьмі з'яўляюцца сэксуальная эксплуатацыя і прымусовая праца
Гандаль людзьмі выяўляецца ў шматлікіх формах. Апошнія даследаванні УНП ААН паказваюць, што 38,7% ахвяр становяцца ахвярамі сэксуальнай эксплуатацыі, якая адбываецца на вуліцах, у бардэлях, масажных цэнтрах, гатэлях і барах. Там ахвяры, у асноўным жанчыны і дзяўчаты, часта падвяргаюцца гвалту і жорсткаму абыходжанню.
Яшчэ 38,8% сутыкаюцца з прымусовай эксплуатацыяй працы. Некаторыя людзі працуюць доўгія гадзіны на фабрыках за мінімальную плату або бясплатна, вырабляючы адзенне, камп'ютары або тэлефоны. Іншыя працуюць на палях, плантацыях або рыбацкіх суднах, часта ў суровае надвор'е, вырошчваючы кукурузу, рыс або пшаніцу, збіраючы ўраджай кавы і какава-бабоў або ловячы рыбу і морапрадукты.
Каля 10% вымушаныя займацца незаконнай дзейнасцю — кішэннымі крадзяжамі, кленчаннем або продажам наркотыкаў.
Да іншых форм эксплуатацыі адносяцца прымусовыя шлюбы, канфіскацыя органаў і хатняе рабства.
Жанчыны — найбольш частыя ахвяры гандлю людзьмі
Ніхто не застрахаваны ад гандлю людзьмі. Людзі любога полу, узросту, паходжання і ва ўсіх рэгіёнах свету становяцца ахвярамі злачынцаў.
Жанчыны і дзяўчаты складаюць большасць ахвяр — 42% і 18% адпаведна. У асноўным яны сутыкаюцца з гандлем людзьмі ў мэтах сэксуальнай эксплуатацыі і ў тры разы часцей падвяргаюцца жорсткаму гвалту, чым мужчыны і хлопчыкі.
Апошнімі гадамі павялічылася колькасць выяўленых ахвяр мужчынскага полу: 23% — мужчыны, 17% — хлопчыкі. У асноўным іх выкарыстоўваюць для прымусовай працы.
За апошнія 15 гадоў доля дзяцей сярод выяўленых ахвяр гандлю людзьмі патроілася і склала 35%.
Гандлярамі людзьмі можа быць хто заўгодна: ад членаў арганізаванай злачыннай групоўкі да блізкіх сваякоў ахвяры
Даныя УНП ААН паказваюць, што 58% асуджаных за гандаль людзьмі складаюць мужчыны. Пры гэтым уцягнутасць жанчын у гэтую злачынную дзейнасць вышэйшая, чым у іншых відах злачынстваў, і складае 40% асуджаных.
Гандлем людзьмі займаюцца і арганізаваныя злачынныя групоўкі, і асобы, якія дзейнічаюць у адзіночку ці ў невялікіх групах.
Часта акрамя гандлю людзьмі злачынныя арганізацыі маюць дачыненне да іншых сур'ёзных злачынстваў, уключаючы гандаль наркотыкамі ці зброяй, а таксама карупцыю і подкуп службовых асоб. Такія групы эксплуатуюць большую колькасць ахвяр, часта на працягу больш працяглых перыядаў часу, перавозячы іх далей і выкарыстоўваючы больш гвалту, чым неарганізаваныя злачынцы.
Аднак гандлярамі людзьмі таксама бываюць члены сям'і ахвяры, бацькі, інтымныя партнёры ці знаёмыя.
Куды звяртацца беларусам па пытаннях гандлю людзьмі
У мінулым годзе польская паліцыя вызваліла беларуску Наталлю, якая стала ахвярай сэксуальнай эксплуатацыі. У цяжкой сітуацыі знаёмы прапанаваў ёй паехаць на заробкі ў Польшчу, але насамрэч аказалася, што жанчыну прадалі — у яе адабралі пашпарт і прымусілі «аддаваць даўгі», аказваючы сэксуальныя паслугі кліентам аднаго з мясцовых прытонаў.
У Беларусь жанчына вярнулася без грошай, з алкагольнай залежнасцю і праблемамі са здароўем. Улады пазбавілі Наталлю бацькоўскіх правоў. Міжнародная арганізацыя па міграцыі дапамагла ёй «закадавацца» ад алкагольнай залежнасці, купіць дом і зрабіць у ім рамонт. Пасля гэтага Наталля нарэшце змагла ўз'яднацца са сваімі дзецьмі.
З 2003 года ў Беларусі працуе «гарачая лінія» па пытаннях бяспечнага выезду і знаходжання за мяжой, арганізаваная Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі. Пасля пачатку вайны ва Украіне ў лютым 2022 года «гарачая лінія» таксама прадастаўляе кансультацыі па пытаннях уезду ў Беларусь, транзіту праз Беларусь і выезду з Беларусі ў сувязі з вайной, а таксама кансультуе па відах дапамогі, даступнай бежанцам і мігрантам з Украіны.
Паслугі гарачай лініі даступныя з 8:00 да 20:00 штодня па тэлефонах 113 (са стацыянарных тэлефонаў), 8 801 201 5555 (для званкоў з Беларусі) і +375 162 21 8888 (для званкоў з-за мяжы). Званкі з тэрыторыі Беларусі бясплатныя. Кансультацыі па гарачай лініі на англійскай мове даступныя з 8.00 да 20.00 у чацвер і нядзелю.