Чорны рынак сэкс-паслуг. Як беларусак у Ізраілі рабілі таварам

У Ізраілі раскрылі буйную злачынную сетку, якая гандлявала жанчынамі з Беларусі і Украіны. Справа была пастаўленая «на шырокую нагу».

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Ізраільская паліцыя затрымала 15 чалавек па падазрэнні ў гандлі жанчынамі з краін былога СССР і схіленні іх да прастытуцыі ў Ізраілі. Затрыманыя —жыхары Ашдода, Бат-Яма і Рышон ле-Цыёна ва ўзросце 30-50 гадоў. Сярод іх уладальнікі гасцініц у Бат-Яме. Як паведаміў прэс-сакратар паліцыі Міхаіл Зінгман, большасць прывезеных з-за мяжы жанчын — грамадзянкі Украіны і Беларусі.

У распараджэнне рэдакцыі выдання «Ynet» патрапілі паведамленні, якімі абменьваліся падазраваныя і іх кліенты. Высветлілася таксама, што ў кіраванні злачыннай сеткай падазраюцца дзве шлюбныя пары.

Паводле падазрэнняў, злачынная сетка, якая супрацоўнічала з крымінальнымі элементамі ва Украіне і Беларусі, спецыялізавалася на вярбоўцы маладых жанчын з населеных пунктаў з найбольш нізкім узроўнем жыцця. Многія жанчыны, якія прыбылі ў Ізраіль як турысткі, прыехалі з вёсак. Іх размяшчалі ў дзвюх гасцініцах у Бат-Яме.


Члены злачыннай сеткі давалі кожнай жанчыне выдуманае імя, пад якім прапаноўвалі яе кліентам. Справа была пастаўлена на канвеер: у гасцінічныя нумары, у якіх спыняліся «турысткі», прыходзіў прафесійны фатограф. Зробленыя ім партрэты і інтымныя фота траплялі на старонкі сайтаў. Кожны фотаздымак быў забяспечаны анатацыяй, пералікам сэксуальных паслуг і прэйскурантам. Як сцвярджае выданне «Ynet», следства мае тысячы такіх фотаздымкаў.

У ходзе расследавання высветлілася, што члены групоўкі падтрымлівалі рэгулярную сувязь з кліентамі і паведамлялі ім пра прыбыццё новага «тавару». У групоўкі меўся пералік кліентаў, кожны з якіх атрымліваў паведамленне: «У мяне ёсць тое, што ты любіш». У адказ на пытанне кліента: «Ці ёсць нешта новенькае?» — падазраваны адпраўляў яму інтымнае фота дзяўчыны.

Выбраўшы «тавар», кліент атрымліваў жанчыну па названым адрасе. Жанчын прывозілі на таксі. Пасля аказання сэксуальных паслуг іх адвозілі ў гасцініцу — таксама на таксі.

Паводле папярэдніх звестак, сетка бесперашкодна дзейнічала на працягу многіх гадоў. Толькі некалькі месяцаў таму ізраільская паліцыя атрымала інфармацыю, якая стала адпраўной кропкай для правядзення схаванага расследавання.

«Злачынцы цалкам кантралявалі жанчын. За кожнай з іх вялося пастаяннае сачэнне. Члены групоўкі асцерагаліся, што жанчыны збягуць. Некалькім з іх удалося збегчы і вярнуцца на радзіму», — паведаміла следчая група.

Пасля пераходу расследавання ў адкрытую фазу ў Ізраілі былі знойдзеныя сем жанчын, якія працавалі на злачынную сетку. Некалькі з іх пагадзіліся супрацоўнічаць са следствам. Яны сцвярджаюць, што не ведалі пра намер ізраільскіх вярбоўнікаў схіліць іх да занятку прастытуцыяй.

«Злачынцы скарысталіся фінансавымі і асабістымі абставінамі ахвяр, ставіліся да жанчын як да тавару, — заявіў кіраўнік Цэнтральнага следчага аддзела акругі Лахіш. — Нам удалося ўстанавіць сапраўды маштаб злачыннай сеткі, кожны з членаў якой меў пэўныя функцыі: ад адбору кандыдатак да маркетынгу "тавару". Гаворка ідзе пра наладжаны бізнес, абарот якога складаў мільёны шэкеляў».


Падчас ператрусаў у дамах падазраваных выяўлена і канфіскавана каля 400 тысяч шэкеляў наяўнымі, буйныя сумы ў замежнай валюце. Канфіскаваныя пяць аўтамабіляў прэміум-класа.

Жанчыны прыязджалі ў Ізраіль па турыстычных візах. Рэкламу сэкс-паслуг арганізатары схемы размяшчалі на розных інтэрнэт-сайтах. Падазраваныя супрацоўнічалі з крымінальнымі групоўкамі ва Украіне і Беларусі, дзе набіралі жанчын для працы. Гаворка ідзе пра дзясяткі, магчыма, сотні пацярпелых.