Хронікі рэпрэсій за 10 чэрвеня: затрыманне падлеткаў і 5 гадоў зняволення журналістцы

Галоўныя навіны дня знутры Беларусі ў адным аглядзе.

hroniki_represij2_1___1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1306 дзён, Дзяніс — 1186.

***

На тэлеканале АНТ выйшаў чарговы прапагандысцкі сюжэт, дзе расказвалася пра затрыманне падлеткаў з Віцебска і Магілёва. Аўтары паведамляюць пра дзясятак затрыманых, хоць у сюжэце паказалі толькі трох-двух падлеткаў з Магілёва і аднаго — з Віцебска. Паміж сабой яны не звязаныя, звяртае ўвагу «Наша ніва»

У фільме адзначаецца, што маладыя людзі нібыта самі выраблялі выбуховыя рэчывы з падручных сродкаў і падрывалі іх у лесе. Адзін з затрыманы ўдакладняе, што падрывалі «ў асноўным маленькія шкляныя слоікі невялікага аб'ёму, у якіх быў порах». Другі хлопец крыху пазней дадаў, што падрывалі «банкі з-пад ёду», пры гэтым «аскепкаў як такіх не было, проста гучная "бавоўна"».

Прапагандысты заяўляюць, што падлеткі нібыта дзейнічалі пад кантролем «украінскіх нацысцкіх груповак», стваралі для іх копіі тэлеграм-каналаў і перадавалі гэтыя каналы ў кіраванне. Паралельна ў сюжэце дэманструюцца кадры падпалаў, нацысцкай хронікі і нават Гітлер. 

Паведамляецца, што падлеткаў затрымалі на запыт заходніх спецслужбаў. Нібыта ў КДБ Беларусі звярнулася «адна з самых магутных заходніх спецслужбаў» і запрасіла дапамогу і садзейнічанне ў выяўленні ўдзельнікаў тэлеграм-каналаў, дзе распаўсюджвалася інфармацыя пра выраб выбухоўкі. 

У канцы сюжэту ўдакладняецца, што дваім падлеткам нічога не пагражае — яны яшчэ не дасягнулі ўзросту, з якога пачынаецца крымінальная адказнасць, а падлетак з Віцебска знаходзіцца ў СІЗА. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах: «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў» і «Падрыхтоўка да акту тэрарызму».

***

Палітзняволенага актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, асуджанага да 7 гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі амаль 3 гады і 9 месяцаў. Ён адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі №1, а потым яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў магілёўскую турму №4.

Цяпер стала вядома, што па заканчэнні тэрміну турэмнага рэжыму Яўгена зноў перавялі ў Наваполацк. Там яго размеркавалі на працу па ачыстцы кабеля. Вядома, што яго адразу пазбавілі перадач і спатканняў. Акрамя гэтага, ад яго ўжо месяц няма ні лістоў, ні званкоў. Блізкія палітвязня мяркуюць, што яго змясцілі ў ШІЗА.

Праваабаронцы нагадваюць, што за час у зняволенні ў Яўгена сапсаваўся зрок, таму цяпер ён вымушаны насіць акуляры. За кратамі ён шмат чытае і малюе. Вядома, што ў зняволенні на Яўгена аказваецца ціск з боку адміністрацыі папраўчых устаноў.

***

Сілавікі затрымалі мужчыну, які ў 2020 годзе быў на акцыі пратэсту на праспекце Машэрава ў Брэсце. Ролік з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, паведамляе «Медыязона».

На міліцэйскім відэа мужчына ў чырвонай кофце прадстаўляецца Кірылам і кажа, што 10 жніўня 2020 года быў «сярод натоўпу мітынгоўцаў», якія «кідалі камяні».

Старонка мужчыны ў «ВКонтакте» да моманту публікацыі відэа выдаленая.

***

Судовая калегія Вярхоўнага суда 11 чэрвеня разгледзіць апеляцыйную скаргу Вольгі Брыцікавай. Лідарку незалежнага прафсаюза «Нафтана» абвінавацілі ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» паводле ч.1 арт.130 Крымінальнага кодэкса.

Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Уладзіміра Чаравача.

Суд па гэтым артыкуле ў дачыненні да палітзняволенай Брыцікавай пачаўся 11 сакавіка 2024 года, апошняе судовае пасяджэнне датаванае 8 красавіка. Верагодна, у гэты дзень быў вынесены прысуд, зыход якога невядомы, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

***

20 чэрвеня ў судзе Барысаўскага раёна пачнецца судовы працэс над Сяргеем Дацюком. Справу будзе разглядаць суддзя Людміла Зінкевіч.

39-гадовага Сяргея Дацюка першапачаткова затрымалі ў сакавіку 2021 года. Тады сілавікі прыйшлі затрымліваць яго маці, хацелі адабраць яе тэлефон, аднак сын стаў на яе абарону.

У выніку Сяргея абвінавацілі ў «гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт.364 КК). Мужчыну прызначылі тры гады калоніі. Тэрмін ён адбываў у барысаўскай калоніі №14. 

Паводле інфармацыі «Гомельскай вясны», Сяргей павінен быў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну ў сакавіку 2024 года. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў рамках новай крымінальнай справы па арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»).

***

Следчы камітэт пачаў «спецыяльную вытворчасць» супраць інструктара па краў-мага Генадзя Капітанава, паведамляе тэлеграм-канал камітэта.

Капітанава падазраюць па артыкулах аб «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК), «закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі» (ч.3 арт.361 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) і «абразе Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК).

Капітанаў быў атэставаным інструктарам па краў-мага «Сусветнай акадэміі самаабароны і бяспекі» (WSSA) і Сусветнай федэрацыі краў-мага. У 2017 годзе быў у зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету, тады каманда заняла пятае месца.

***

3 чэрвеня Брэсцкі абласны суд прысудзіў журналістку Алену Цімашчук да 5 гадоў калоніі, паведамляе dissident.by. Яе абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт.369-1 КК), «распальванні варожасці» (ч.3 арт.130 КК), уваходжанні ў склад «экстрэмісцкага фарміравання» (ч.3 арт.361-1 КК).

Алена Цімашчук працавала пазаштатным журналістам на «Зялёным партале» і ў «Брэсцкай газеце», карэспандэнтам у «Брэсцкім весніку», рэдактарам аддзела навін у ТРК «Брэст» і педагогам-псіхолагам у «Яслі-сад №12».

Акрамя калоніі Цімашчук прызначылі штраф у 46 000 рублёў.

***

У Паставах арыштаваны і выстаўлены на продаж старэнькі «Гольф», які належыць палітвязню.

Экс-начальнік службы паветранай выведкі Валерый Раманоўскі быў асуджаны за «здраду дзяржаве». Ён нібыта фатаграфаваў для літоўцаў дакументы аб будаўніцтве БелАЭС.

Прысуд Раманоўскаму праваабаронцам невядомы.

Пра арышт і выстаўленне на продаж аўтамабіля Раманоўскага паведаміў канал «Віцебск, я гуляю!».

***

Назіральніцу за выбарамі 2020-га году Гражыну Гетка адправілі «на суткі».

Гражыну затрымалі ў Бярозаўцы яшчэ 5 чэрвеня. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, жанчыну арыштавалі на 10 сутак. Паводле якога артыкула яе судзілі — невядома.

Гэта ўжо другое затрыманне жанчыны за гэты год. Напрыканцы зімы ёй прызначылі 25 сутак арышту.

***

Суд Ленінскага раёна Магілёва разглядае справу пяцярых чалавек, якіх абвінавачваюць у «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК), паведамляе «Mayday».

Сярод абвінавачаных — Андрэй Цімонін, Валерый Іўчын, Міхаіл Пішчала, Святлана і Дзяніс Котавы.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Андрэя Цімоніна ў студзені 2024 года судзілі паводле артыкула аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП). «Mayday» знайшоў цёзку Валерыя Іўчына — ён працаваў на магілёўскім аддзяленні чыгункі.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 494 дні, Максіма Знака — 489 дзён, Мікалая Статкевіча — 485 дзён, Ігара Лосіка — 477 дзён, Віктара Бабарыкі — 414 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 344 дні, Уладзіміра Гундара — 311 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1396 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1559 чалавек. Сярод іх — 187 жанчын і 2 непаўнагадовых. 20 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.