Гасцінная і небяспечная Беларусь: каго з замежнікаў расстраляла наша дзяржава?
Як мінімум шасцярых чалавек, якія не былі беларускімі грамадзянамі, расстралялі ад нашага з вамі імя за часы незалежнасці. Лёс яшчэ чатырох дагэтуль невядомы. Цяпер жа дзяржава нацэлілася на жыццё яшчэ аднаго замежніка — грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера.

Турма на Валадарскага, у падвалах якой расстрэльвалі людзей. Фота «НЧ»
Грамадзянін Германіі Рыка Крыгер — не першы замежнік, якога прысудзілі да расстрэлу ў гісторыі сучаснай Беларусі. «Медыязона» з дапамогай «Кіберпартызанаў» знайшла яшчэ 12 чалавек, якім была прызначаная вышэйшая мера пакарання. Усе гэтыя прысуды прыйшліся на першае дзесяцігоддзе пасля развалу СССР.
(«Медыязона» лічыць замежнікамі ўсіх, у каго ў прысудзе месцам нараджэння паказаная не Беларусь. Па просьбе журналістаў арганізацыя «BELPOL» праверыла людзей з гэтага спісу — мяркуючы па даных з сістэмы АІС «Пашпарт», беларускі пашпарт яны не атрымлівалі).
Расійцы
«Медыязона» знайшла пяцярых выхадцаў з Расіі, якіх беларускія суды прысудзілі да смяротнага пакарання. Трое з іх былі расстраляныя. У дачыненні да яшчэ дваіх чалавек невядома, ці быў прыведзены прысуд у выкананне.
У 1994 годзе Віцебскі абласны суд прысудзіў да расстрэлу Віктара Кузміцкага, ураджэнца Омскай вобласці. Яго абвінавацілі ў забойстве, крадзяжы, хуліганстве, дробным крадзяжы і крадзяжы маёмасці шляхам махлярства. У 1995 годзе 36-гадовага Кузміцкага расстралялі.
Аляксея Бутакова з Іркуцкай вобласці той жа суд прысудзіў да вышэйшай меры па артыкуле аб забойстве ў 1996 годзе. За 4 гады да гэтага ён быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. У 1998 годзе ва ўзросце 22 гадоў Бутакова расстралялі.
Глядзіце таксама

14 жніўня 1996 года Брэсцкі абласны суд прысудзіў ураджэнца Свярдлоўскай вобласці Эдуарда Кардзюкова да смяротнага пакарання. Яго абвінавацілі ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасці, выкраданні або пашкоджанні дакументаў, незаконным абароце зброі, падрыхтоўцы да пашкоджання дзяржаўнай маёмасці, забойстве. Вярхоўны суд адмяніў прысуд і прызначыў разгляд у іншым складзе суддзяў. Нягледзячы на гэта, 21 кастрычніка 1997 года Брэсцкі абласны суд зноў прысудзіў яго да расстрэлу, гэтым разам па артыкулах аб разбоі, падрыхтоўцы да пашкоджання дзяржаўнай маёмасці, выкраданні або пашкоджанні дакументаў і забойстве. 5 лістапада 1998 года 24-гадовага Кардзюкова расстралялі.
У чэрвені 1994 года Гомельскі абласны суд прысудзіў да расстрэлу ўраджэнца Бранскай вобласці Уладзіміра Якавенку. Яго абвінавацілі ў забойстве. 14 лютага 1995 года прысуд уступіў у законную сілу, пра яго абскарджванне, як і пра прывядзенне ў выкананне, не паведамляецца.
Невядома і пра тое, ці быў прыведзены ў выкананне прысуд у дачыненні да Рамана Балоніна з Пскоўскай вобласці. 30 красавіка 1998 года Віцебскі абласны суд прысудзіў яго да расстрэлу па артыкуле аб забойстве. Раней ён быў судзімы і выйшаў на волю па ўмоўна-датэрміновым вызваленні.
Украінцы
За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі да расстрэлу прысудзілі дваіх выхадцаў з Украіны; аднаму з іх прысуд змякчылі, што было з другім — невядома.
Ігара Якіменку з Хмяльніцкай вобласці ў 1992 годзе судзіў ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругі. Па артыкулах аб забойстве, парушэнні статутных правілаў вартавой службы, якія пацягнулі шкодныя наступствы, незаконным абароце зброі і дэзерцірстве яго прысудзілі да расстрэлу. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета РБ смяротны прысуд замянілі на 20 гадоў калоніі асаблівага рэжыму.
Глядзіце таксама

Сяргей Марыненка нарадзіўся ў Луганскай вобласці. 8 лютага 1996 года Віцебскі абласны суд прысудзіў яго да расстрэлу па артыкуле аб разбоі і забойстве. 22 лютага 1996 года ён заехаў у СІЗА № 1 Мінска, што было далей — не ўдакладняецца.
Кыргызстан, Казахстан, Латвія, Абхазская і Татарская АССР
Тэнгіз Кутарба нарадзіўся ў Абхазскай ССР. 21 ліпеня 1993 года Брэсцкі абласны суд прысудзіў яго да расстрэлу па артыкуле аб незаконным абароце зброі і наўмысным забойстве з хуліганскіх памкненняў. 11 сакавіка наступнага года 31-гадовага Кутарбу расстралялі.
18 студзеня 1994 года Віцебскі абласны суд прысудзіў Алега Быкава з Кыргызстана да расстрэлу па артыкуле аб забойстве, згвалтаванні і крадзяжы. 26 красавіка 1995 года 33-гадовага асуджанага расстралялі.
Глядзіце таксама

Ураджэнца Рыгі Генадзя Дымперса судзіў той жа Віцебскі абласны суд. 24 лютага 1994 года латвійца прысудзілі да вышэйшай меры па артыкуле аб забойстве і катаванні. 1 чэрвеня 1995 года яго расстралялі.
13 студзеня 1997 года Брэсцкі абласны суд прысудзіў ураджэнца горада Шымкент Васіля Раскошнага да расстрэлу па артыкуле аб забойстве. Вярхоўны суд замяніў вышэйшую меру на 15 гадоў пазбаўлення волі.
Валерыя Міхайлава родам з Татарскай АССР 28 кастрычніка 1994 года Брэсцкі абласны суд прысудзіў да расстрэлу па артыкулах аб крадзяжы, падрыхтоўцы да крадзяжу і забойстве. Ці быў прыведзены прысуд у выкананне — невядома.