Топ-10 фільмаў пра вышэйшую меру пакараньня
У сувязі з жахлівай навінай пра тое, што беларускі рэжым прысудзіў грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера да пазбаўленьня жыцьця па палітычных артыкулах крымінальнага кодэксу, мы вырашылі нагадаць пра гэты дзікунскі від пакараньня, які ў Эўропе дзейнічае толькі ў нас. Лепшыя стужкі, якія пазнаёмяць вас з гэтай страшэннай рэальнасьцю жыцьця.
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Чалавек на ўсе часы (A Man for All Seasons). 1966
Фрэд Цынэман зьняў шыкоўнае кіно пра ангельскага сэра, які стаў каталіцкім сьвятым. Фільм адаптаваны паводле знакамітай п'есы Робэрта Болта. А распавядае ён пра Томаса Мора, выбітнага ангельскага юрыста і дзяржаўнага дзеяча часоў кіраваньня караля Генрыха VIII. Томас Мор сутыкнуўся з глыбокай маральнай дылемай, калі адмовіўся пагадзіцца з рашэньнем караля развесьціся з жонкай і парываньню манарха з каталіцкім касьцёлам.
Роля сэра Томаса Мора ў выкананьні Пола Скофілда — гэта прыклад ідэальнага акторскага майстэрства. Томас Мор паставіў усё на свае прынцыпы, на сваю веру, на свае перакананьні — і быў забіты за гэта кіраўніком дзяржавы, які праз спакусы згубіў усе арыентыры.
Нумар 9. Час забіваць (A Time to Kill). 1996
Судовая драма Джоэла Шумахэра распавядае пра гучны працэс, які меў месца не так даўно. У галоўных ролях Кэвін Спэйсі і Мэцью МакКонахі, якія сышліся ў двубоі ў залі суда.
Кевін Спэйсі грае бязьлітаснага акруговага пракурора. Кожны рух яго героя выдае ў ім сапраўдную інтэлектуальную перавагу па-над адвакатам МакКонахі. Яго нястомнае імкненьне да справядлівасьці, незалежна ад кошту, пакіне гледачоў у захапленьні.
Мы будзем суперажываць адвакату, і чакаць, што герой Кэвіна Спэйсі дапусьціць прынамсі адну памылку, каб можна было ўчапіцца, і падумаць пра перамогу ў судзе. Але выглядае на тое, што сілы не роўныя.
Нумар 8. Сьцежкі славы (Paths of Glory). 1957
Стэнлі Кубрык стварыў вельмі добры фільм пра вайну. Пазьбягаючы яскравых баявых відовішчаў, рэжысэр паглыбляецца ў цёмныя траншэі Першай сусьветнай вайны.
Кірк Дуглас у ролі палкоўніка стварае вобраз шчырага вайскоўца, які даведзены да мяжы зьнішчэньня самазабойчымі загадамі вышэйшага кіраўніцтва. Яго голас становіцца голасам розуму сярод ваеннага абсурду. У цэнтры фільма – яго непахісная абарона трох жаўнераў, несправядліва абвінавачаных у баязьлівасьці на полі бою. Пакараньне за гэта – сьмяротнае.
Назва фільма, узятая са знакамітага радка «Сьцежкі славы вядуць толькі ў магілу», заключае ў сабе яго сутнасьць.
Нумар 7. Газэтчык (The Paperboy). 2012
Стужка была намінантам на Залатую пальмавую галіну ў Канах.
Сюжэт разгортваецца ў Фларыдзе ў канцы 1960-х гадоў, дзе два браты рассьледуюць справу асуджанага на сьмерць. Гераіня Ніколь Кідман — гэта нявеста зьняволенага па перапісцы, жанчына, чые намеры абсалютна не вызначаныя.
Кідман паказвае адчай і непрадказальны характар сваёй гераіні. Яе вобраз дае значную глыбіню там, дзе іншая акторка магла застацца аднамернай.
Выдатнае экраннае спалучэньне зрабілі Мэцью МакКонахі і Зак Эфрон у ролях братоў. Іх пакручастыя адносіны з гераіняй Кідман даюць чаду. Стужка трымае ў трымценьні да апошніх кадраў. Жанр так званай “паўднёвай готыкі” заўжды знаходзіў безьліч прыхільнікаў. Не прапусьціце фільм.
Нумар 6. Жыцьцё Дэвіда Гэйла (The Life of David Gale). 2002
На што можна пайсьці, каб адстойваць свае перакананьні? Кэвін Спэйсі ў ролі Дэвіда Гэйла, паважанага прафэсара і актывіста супраць сьмяротнага пакараньня, якога несправядліва абвінавацілі ў забойстве. Пераклікаецца з рэальным жыцьцём актора, ці не так?
Перад намі гісторыя чалавека, які змагаецца за сваю невінаватасьць. Гэта таксама і дыскусія аб сьмяротным пакараньні. Як у ЗША, так і ў Беларусі кожны чалавек мае пагрозу сустрэцца з падобным ва ўласным жыцьці.
Кэвін Спэйсі на найвышэйшым узроўні паказвае ўвесь свой талент, калі спачатку ён палымяны актывіст, а потым напоўнены адчаем вязень у камэры сьмяротнікаў.
Нумар 5. Забіць перасьмешніка (To Kill a Mockingbird). 1962
Ідэальная экранізацыя вялікага рамана Харпер Лі. Увасабленьне праведнага галоўнага героя Грэгары Пэкам — гэта больш, чым простае акторскае выкананьне. Праца Пэка назаўжды ўвайшло ў гісторыю кіно. Яго знакавы маналёг у зале суда, калі выступае за расавую роўнасьць і справядлівасьць, застаецца шэдэўральным прыкладам акторскага майстэрства.
Грэгары Пэк уклаў усяго сябе ў ролю адваката, які абараняе чарнаскурага, абвінавачанага ў згвалтаваньні белай жанчыны на амэрыканскім поўдні ў 1930-я гады. Усё жыцьцё чалавека пастаўленае на кон.
Нумар 4. У выпадку забойства набірайце «М» (Dial M for Murder). 1954
Альфрэд Хічкок вырашыў паказаць нам гісторыю пра чалавека, які плянуе забіць сваю жонку. У ролі жонкі – будучая прынцэса Манака Грэйс Келі. Стужка прыцягвае ўвагу гледачоў ад пачатку да канца. Сам сюжэт добра прадуманы і прымушае нас здагадвацца, як і што адбудзецца ці не адбудзецца з жонкай да фінальных кадраў.
Адна з самых запамінальных сцэнаў у фільме — замах на забойства гераіні Грэйс Келі. Увага: сачыце за нажніцамі, яны выканаюць сваю, вельмі істотную ролю.
Стужка зьяўляецца абавязковай для прагляду аматарам жанру трылера. Аматарам Грэйс Келі таксама немагчыма прапусьціць замах на яе.
Нумар 3. Тая, што таньчыць у цемры (Dancer in the Dark). 2000
Гэта вельмі эмацыйны фільм, які спалучае характэрны рэжысэрскі рэалізм Ларса фон Трыера з фантастычнымі элементамі клясычных мюзіклаў. Ці чулі вы музыку завадзкіх трубаў і гаек, альбо як мэлядычна едзе таварны цягнік? У галоўнай гераіні, у выкананьні Б’ёрк, атрымліваецца адчуць нават самы лёгкі дотык навакольнай шэрай рэчаіснасьці і пераўтварыць яго ў музыку свайго сэрца.
Б’ёрк, якая за сваю ролю была прызнаная ў Канах таксама і лепшай акторкай, пасьля выйсьця фільму заявіла, што ніколі не будзе здымацца ў фон Трыера: настолькі ён жорсткі і педантычны чалавек.
Стужка распавядае пра Сэльму, чэшскую эмігрантку і самотную маці ў Амэрыцы, якая паступова губляе зрок праз генэтычнае захворваньне. Каб адкласьці грошы на апэрацыю сыну, яна безупынна працуе і ўяўляе, што жыве ў мюзікле, якія так любіла глядзець у дзяцінстве, дзе ўсе радасныя, шчасьлівыя і здаровыя.
Б’ёрк стварыла і запісала ўвесь саўндтрэк да гэтай стужкі. Глядзець яе прыйдзецца з пачкам насовак побач. Ларс фон Трыер умее трапіць у самы-самы шчымлівы кавалачак сэрца.
Нумар 2. Зялёная міля (The Green Mile). 1999
Тры гадзіны магутнай і адначасова кранальнай гісторыі ад рэжысэра Фрэнка Дарабонта. Дзеяньне фільма адбываецца ў 1930-я гады і вядзе гледачоў у няпростае падарожжа па жыцьці камэры сьмяротнікаў у папраўчай установе.
Том Хэнкс выконвае ролю турэмнага ахоўніка, які сутыкаецца з незвычайным зьняволеным. Актор паказвае ўзорны вобраз чалавечнасьці перад тварам сьмяротнага адчаю.
Перад гледачамі цяжкая гісторыя несправядлівага абвінавачваньня чорнага ў згвалтаваньні маленькай дзяўчынкі. Асуджаны на сьмерць сутыкаецца з дабрынёй там, дзе яе не павінна быць па вызначэньні.
Садысты і злачынцы, якія працуюць у беларускіх вязьніцах і на Акрэсьціна – пра вас здымуць зусім іншыя фільмы, якія павінны будуць называцца “Трыбунал”.
Нумар 1. Пакуты Жаны Д’Арк (La passion de Jeanne d'Arc). 1928
Лепшым фільмам з нашага сьпісу зьяўляецца, верагодна, ужо скрайне малавядомы шэдэўр Карла Тэадора Дрэйера. Адразу трэба пазначыць: стужка чорна-белая ды яшчэ і нямая. На нашую думку, “Пакуты Жаны Д’Арк” – гэта адзін з найлепшых фільмаў за ўсю гісторыю кінематографу. А роля Жаны Д’Арк у выкананьні Марыі Фальканэцьці – эталён акторскага майстэрства. Здымкі не прайшлі без наступстваў для акторкі – яна аддала, насамрэч усё сваё жыцьцё ў гэтую ролю. Больш Марыя Фальканэцьці не здымалася, і больш за тое, пазьней ёй прыйшлося праходзіць лекаваньне з прычыны душэўнага растройства.
У фільме не ўбачым гераічнай Жаны, якая ўзначаліла змаганьне супраць ангельскай акупацыі Францыі. Мы трапляем адразу ў 1431 год, калі Жана Д’Арк знаходзіцца на судовым працэсе ў якасьці абвінавачанай. Увесь фільм мы глядзім на твары, на твары, на твары. Дэкарацыі зьяўляюцца чымсьці цалкам другасным (хаця на іх стварэньне пайшоў амаль увесь бюджэт стужкі).
Абавязкова паглядзіце гэты фантастычны фільм.
На разьвітаньне мы заўжды пішам – прыемнага прагляду! І нават пра такія тэмы неабходна здымаць і глядзець фільмы, таму абавязкова абірайце нешта – і ўзгадайце ў думках Рыка Крыгера з Нямеччыны.