Сістэма не вытрымлівае. Наколькі прынцыповым акажацца Захад гэтым разам?

З аднаго боку, рэжым вызваляе некаторых палітычных зняволеных, у тым ліку і знакавых — на гэтым тыдні на волю выйшла Дар'я Лосік і яшчэ чатыры палітвязынкі. З іншага — нельга не адзначыць смяротны прысуд грамадзяніну Германіі, які незразумела як знайшоўся ў Беларусі. Можна падумаць, што сістэма ўступае ў супярэчнасць. Але не.

57725947_605.jpg

І вызваленне Лосік, і гэты смяротны прысуд цалкам укладваюцца ў парадыгму «новага гандлю з Захадам». З аднаго боку, выпускаючы некаторых палітычных зняволеных, рэжым спрабуе паказаць «добрую волю». З іншага, ён не можа дэманстраваць сваю слабасць — таму бярэ чарговага «знакавага закладніка», пры гэтым фактычна змушаючы краіну-лідара ў ЕС уступіць у дыялог дзеля вызвалення свайго грамадзяніна. А ўжо ў гэтым дыялогу для рэжыму з'яўляецца магчымасць «данесці сваю пазіцыю» да самых высокіх кабінетаў Германіі і па іншых пытаннях.

Так, прыём узяцця закладніка не вельмі этычны, але эфектны і, напэўна, эфектыўны. Мы не ведаем, што рэжым папросіць ад Германіі наўзамен на вызваленне яе грамадзяніна, але тое, што папросіць — гэта да варажбіткі хадзіць не трэба.

Пытанне ў тым, чаму рэжым вырашыў раптам шукаць дыялог з Еўропай. Прычым, шукаць тэрмінова і на мяжы фолу. Справа тут, напэўна, не толькі ў маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах 2025 года. Лукашэнка заўсёды праводзіў прэзідэнцкія выбары «для сябе», і не моцна хваляваўся, калі іх не прызнавалі — урэшце, ніводныя выбары пасля 1994 года не былі прызнаныя свабоднымі і справядлівымі.

Справа можа быць у тым, што «санкцыі не працуюць». «Палітыка ёсць канцэнтраванае выражэнне эканомікі», казаў у свой час Уладзімір Ільіч Ульянаў (Ленін). І тое, што адбываецца ў нас у эканоміцы, моцна не падабаецца нікому — ні Лукашэнку, ні ягоным чыноўнікам, ні беларускім грамадзянам. А гэты тыдзень быў багаты менавіта на такія навіны.

Расіянам паабяцалі двухзначную інфляцыю ўжо ў жніўні. Старшы выкладчык кафедры банкаўскай справы ўніверсітэта «Сінэргія» Андрэй Сіроткін сказаў «Газете.Ru», што на 1 ліпеня інфляцыя ў Расіі была ў дыяпазоне паміж 9,15% і 9,2%, і ў жніўні яна можа быць 10-10, 1%. «Я пакуль не бачу пазітыўных тэндэнцый і мяркую, што інфляцыя будзе паскарацца», — заявіў эканаміст.

Эканомікі Беларусі і Расіі цесна звязаныя. Наша афіцыйная інфляцыя за паўгода склала 5,8% — і гэта ва ўмовах жорсткага рэгулявання цэн. Нават ва ўмовах рэгулявання, як адзначае праект «Кошт Урада», у эканоміцы нарастае інфляцыйны ціск — з-за штучнага павышэння заробкаў і вялікай колькасці незабяспечаных грошай. І рана ці позна гэты кацёл перагрэецца і ірване.

А наш урад, седзячы на парахавой бочцы, працягвае небяспечныя эксперыменты, бо рабіць, насамрэч, няма чаго: выбухнуць можа ад любога рэзкага зруху. Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў заявіў аб чарговай «карэкціроўцы» пастановы ўрада №713 «Аб сістэме рэгулявання цэн».  Паводле яго слоў, сутнасць дакумента не мяняецца, захоўваюцца тыя ж падыходы, але «ўносяцца некаторыя навацыі», якія «дазволяць яшчэ больш эфектыўна весці бізнес-працэсы».

Наколькі эфектыўна вядуцца бізнес-працэсы, кіраўнік МАРГ таксама распавёў. Ведамства, паводле яго, не пабачыла вялікіх праблем з банкруцтвам сеткі «Востраў чысціні». У асноўным таму, што «ўдзельнікаў на рынку з аналагічнымі таварамі досыць шмат». Пры гэтым спадар Багданаў паспрабаваў пераканаць усіх, што прычына банкруцтва адной з найбуйнейшых сеткаў крам палягае не ў рэчышчы рэгуляванні коштаў, і не ў тым, што ў 2023 годзе рытэйлерам зацікавіўся ДФР КДК, правёўшы ў офісе кампаніі шэраг ператрусаў. Багданаў сказаў, што асноўная праблема «Вострава чысціні» ў тым, што гэтая сетка — буйная. Маўляў, бізнес «рос у іх вельмі хутка, і не кожная кампанія пры такім вялікім росце здольная справіцца».

«Востраў чысьціні» збанкрутаваў таму, што быў занадта паспяховы, лічыць Багданаў. Ну, напэўна, так бывае.

Глядзіце таксама

Але ж «праблемы роста», аказваецца, не толькі ў «Вострава чысціні». Начальнік Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Мінтранса Рыгор Глазко паведаміў, што ў бліжэйшы час у Беларусі будзе скарачацца будаўніцтва новых дарог. Не праз тое, што раней гэта будаўніцтва фінансаваў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, а без яго грошай на дарогі няма — вядома ж, не праз гэта. Аказваецца, у Беларусі дарог і так занадта шмат. «Шчыльнасць сеткі аўтамабільных дарог агульнага карыстання нашай краіны адна з самых высокіх сярод краін постсавецкай прасторы і ў цэлым у Еўропе. Таму ў бліжэйшы час мы будзем сыходзіць ад новага будаўніцтва», — паведаміў чыноўнік.

Праблема тая ж, што і ў «Вострава чысціні» — занадта хутка мы развіваемся, трэба прытармазіць.

У той жа час у Краснадарскім краі прыпынілі рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па стварэнні зборачнай вытворчасці беларускіх аўтобусаў і электробусаў. Планы па стварэнні такой вытворчасці ў 2023 годзе агучылі кіраўнік Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў і прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Прычынай прыпынення праекта стала ўваходжанне ў дзеянне змяненняў у пастанову ўрада РФ «Аб утылізацыйным зборы», якім павышаецца гэты збор у дачыненні да транспарту, выпушчанага ў абарачэнне на тэрыторыі Расіі.

«Гэта робіць плануемыя да выпуску аўтобусы і электробусы неканкурэнтаздольнымі… з прычыны высокага сабекошту», — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства прамысловай палітыкі Краснадарскага краю.

Ключавое слова ў гэтым паведамленні — «уступленне ў сілу». Ну, Галоўчанка мог не ведаць пра тое, што прымае ўрад Расіі, але яго візаві Кандрацьеў ужо сапраўды павінен быў сачыць за сітуацыяй, абмяркоўваючы планы стварэння вытворчасці, і павышэнне ўтыльзбору для яго не павінна было быць сюрпрызам. Так што, хутчэй за ўсё, хтосьці кудысьці спіша выдаткі на стварэнне нястворанага «з аб'ектыўных прычын» прадпрыемства. 

Грошы, грошы, усім патрэбныя грошы. А зарабіць іх няма дзе. Няма дзе настолькі, што ўлады Беларусі разглядаюць магчымасць паставак харчавання ў Паўночную Карэю. Чым будзе плаціць жабрацкая КНДР за гэта харчаванне, не паведамляецца.

Грошы ёсць у тых, з кім мы ў жорсткім канфлікце. І таму гэты канфлікт трэба неяк улагоджваць. І канешне, Лукашэнка і яго новы апарат на чале з Наталляй Качанавай будзе спрабаваць гэта зрабіць. Пытанне толькі ў тым, наколькі прынцыповым будзе «падступны Захад» гэтым разам, і ці дазволіць ён Лукашэнку зноў пагойдацца на «геапалітычных арэлях».

А напрыканцы тыдня Лукашэнка зноў паляцеў да Пуціна. І, хутчэй за ўсё, ён мае намер не толькі стандартна папрасіць грошай, але і ўзгадніць сваё новае гойданне на гэтых арэлях.