Карбалевіч: Мы назіраем спробу стварэння саюзу ізгояў: Расія — Беларусь — КНДР — Іран

Цяпер Менску няма чаго саромецца супрацоўніцтва з самым адыёзным рэжымам у сьвеце. Калі рэпутацыя безнадзейна сапсаваная, то яшчэ адзін штрых у выглядзе збліжэньня з КНДР на яе не паўплывае. Тым больш калі паравозам у гэтым кірунку ідзе Расея, да якой Лукашэнка прычэплены як вагон.

Фота EPA 

Фота EPA 

Новы кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў другі свой замежны візыт пасьля Кітая зрабіў у КНДР, піша на «Свабодзе» палітолаг Валерый Карбалевіч. У афіцыйнай інфармацыі на сайце беларускага замежнапалітычнага ведамства гаворыцца, што гэта візыт у адказ. З аднаго боку, гэта можа выглядаць дзіўна. Бо візыт міністра замежных спраў КНДР у Менск адбыўся ў далёкім 2015 годзе. А з другога боку, той факт, што візыту ў адказ давялося чакаць цэлых дзевяць гадоў, зьяўляецца добрай ілюстрацыяй нізкага ўзроўню супрацоўніцтва і ўзаемнай цікавасьці дзьвюх дзяржаў.

Дарэчы, на другі год пасьля таго адзінага візыту міністра замежных спраў КНДР у Менску афіцыйна адкрылася амбасада гэтай краіны. Амбасадар зьявіўся ў 2019 годзе, але практычна амбасада так і не запрацавала. Адметна, што амбасады Беларусі ў КНДР няма, а вось у Паўднёвай Карэі — ёсьць.

Аляксандар Лукашэнка з даўніх часоў не хаваў сваіх сымпатый да палітычнага рэжыму КНДР, абараняў яго з трыбуны ААН ад ціску з боку Захаду. Аднак далей дружалюбнай рыторыкі справа ў супрацоўніцтве не ішла. Прычына банальная. Пры ўсёй сваёй ідэалягічнай зацыкленасьці на барацьбе з Захадам і сяброўстве з краінамі-ізгоямі здаровы прагматызм падказваў яму, што грошай у гэтай краіне не заробіш.

Бо КНДР — краіна вельмі бедная, там рэгулярна здараецца масавы голад. У 2022 годзе яе экспарт склаў усяго 304 мільёны даляраў (!). Каб атрымаць цьвёрдую валюту, тамтэйшыя ўлады займаюцца продажам зброі, у тым ліку арганізацыям, якія сусьветная супольнасьць прызнала тэрарыстычнымі. Ня грэбуюць і крымінальным бізнэсам. Напрыклад, вытворчасьць наркотыкаў — гэта галіна дзяржаўнай эканомікі Паўночнай Карэі: цэлыя калгасы занятыя вырошчваньнем опіюмнага маку. У абмен на валюту карэйскія ўлады пастаўляюць працоўную сілу ў розныя краіны.

Да таго ж КНДР зьяўляецца абсалютным рэкардсмэнам у сьвеце ў колькасьці ўведзеных супраць краіны санкцый. Прычым шмат якія абмежаваньні ўведзеныя рашэньнем Рады Бясьпекі ААН: гэта значыць, іх падтрымалі пастаянныя сябры гэтага органа Расея і Кітай. Гэта значыць, Паўночная Карэя стала гэткім «infant terrible», якая раздражняе нават яе саюзьнікаў. Таму супрацоўнічаць з паўночнакарэйскім рэжымам гатовыя толькі самыя таксычныя краіны і кампаніі, якім уласная рэпутацыя ня важная.


Глядзіце таксама

Гандаль паміж Беларусьсю і КНДР мізэрны. Апошняя даступная статыстыка датуецца 2021 годам. У тым годзе беларускага экспарту ў гэтую краіну ўвогуле не было. А імпарт з Паўночнай Карэі склаў менш за 4 тысячы даляраў.

Здавалася б, краіны зусім не цікавыя адна адной.

Аднак здарыліся падзеі 2020 году, і ўсё пачало мяняцца. КНДР падтрымала Лукашэнку. Трэцяга лістапада таго году, калі яшчэ працягваліся пратэсты, паўночнакарэйскі амбасадар уручыў даверчыя лісты беларускаму ўладару. Той панаракаў на «неапраўдана нізкі ўзровень адносін» паміж краінамі.

Напад Расеі на Ўкраіну, хуткае збліжэньне Расеі і КНДР запусьцілі працэс разьвіцьця адносін і паміж Менскам і Пхэньянам.

У верасьні 2023 году, пасьля візыту ў Расею кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына, Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Уладзіміру Пуціну «падумаць і пра супрацоўніцтва недзе на траіх». На яго думку, «кавалак працы і ў Беларусі там знойдзецца».

І, здаецца, працэс пайшоў. У студзені 2024-га тагачасны міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік на палях саміту Руху недалучэньня ва Ўгандзе сустрэўся з намесьнікам кіраўніка МЗС КНДР Кім Сонг Гёнам.

У красавіку 2024 году Пхэньян наведала дэлегацыя Беларусі на чале з намесьнікам міністра замежных спраў Яўгенам Шастаковым. Прычым беларускі бок утойваў гэтую падзею: ні на сайце МЗС, ні ў дзяржаўных мэдыя пра паездку не паведамлялі.

І вось цяпер візыт кіраўніка МЗС Беларусі Максіма Рыжанкова. Ужо гэты візыт беларускія ўлады не хаваюць, а адкрыта дэманструюць. Ён адбываецца ў рамках агульнай лініі на паварот беларускай замежнай палітыкі ад Захаду на Ўсход і Поўдзень.

Цяпер Менску няма чаго саромецца супрацоўніцтва з самым адыёзным рэжымам у сьвеце. Калі рэпутацыя сапсаваная, то можна далей ні пра што не хвалявацца. Тым больш калі паравозам у гэтым кірунку ідзе Расея. І можна не баяцца трапіць пад другасныя санкцыі Захаду за парушэньне санкцыйнага рэжыму адносна КНДР. Бо і так заходнія краіны ўводзяць усё новыя абмежаваньні адносна Беларусі.

Мы назіраем спробу стварэньня саюзу ізгояў: Расея — Беларусь — КНДР — Іран. Што іх яднае? Ізаляцыя, знаходжаньне пад санкцыямі і нянавісьць да Захаду. І недзе збоку стаіць Кітай.

Што тычыцца прыкметных практычных вынікаў ад гэтага візыту, то іх наўрад ці варта чакаць. У КНДР няма чаго прадаваць, няма чым плаціць. Магчыма, Беларусь паспрабуе ўплішчыцца ў супрацу ВПК Расеі і Паўночнай Карэі.

Таксама нельга выключаць зьяўленьня ў Беларусі карэйскіх рабочых. Экспарт працоўнай сілы — гэта той рэдкі «тавар», які можа пастаўляць КНДР.

Калі візыты Лукашэнкі ў Афрыку, Манголію можна было назваць больш піяраўскімі, то візыт Рыжанкова ў КНДР нават у гэтую катэгорыю ня ўпісваецца. Бо сяброўства з такім адыёзным рэжымам не прыносіць нават прапагандысцкіх дывідэндаў.