Таемны візіт у Пхеньян. Навошта Лукашэнка збліжаецца з Паўночнай Карэяй?

Раптоўны візіт 16 красавіка намесніка міністра замежных спраў Яўгена Шастакова ў КНДР не анансаваўся і ніяк не асвятляўся беларускім бокам. Праз гэта з’явіліся розныя, у тым ліку, канспіралагічныя тэорыі.

Ілюстрацыйная выява. Фота: Вікіпедыя

Ілюстрацыйная выява. Фота: Вікіпедыя

Дзіўна, але ў гэтай гісторыі больш цывілізаванай краінай аказалася Паўночная Карэя — самая, бадай, жорсткая і закрытая сатрапія ў свеце. Яе прапаганда хаця б пра перамовы паведаміла.

Дзяржаўнае паўночнакарэйскае інфармагенцтва ЦТАК адзначыла, што Шастакоў сустрэўся з намеснікам кіраўніка МЗС КНДР Ім Чхон Ілем, з якім былі абмеркаваныя пытанні, якія «ўяўляюць узаемную цікавасць».

Сярод іншага бакі гаварылі пра супрацоўніцтва ў сферы эканомікі і культуры, пра ўзаемную падтрымку на міжнароднай арэне, развіццё «традыцыйна дружалюбных адносін паміж краінамі». Таксама чыноўнікі абмяняліся думкамі па «рэгіянальных і міжнародных пытаннях».

На гэтым усё. Беларускае МЗС, нагадаем, пра візіт Шастакова ўвогуле не сказала ні слова.

Дык у жа тут справа? І чаму насамрэч топ-чыноўнік знешнепалітычнага ведамства выправіўся на іншы край зямлі, дзе пануе дзівосная ідэалогія чучхе?

Рыхтуецца візіт Лукашэнкі?

Гэта першае, што прыходзіць на розум, і на тое ёсць цэлы шэраг прычын.

Пасля падзей 2020 года і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне замежныя кантакты афіцыйнага Мінска істотна скараціліся. Афіцыйныя і публічныя сувязі з дэмакратычным светам амаль абнуліліся. Іншыя дзяржавы ў госці таксама асабліва не клічуць, бо ведаюць залежнасць сённяшняй Беларусі ад Крамля. Навошта перамаўляцца з пуцінскай марыянеткай, калі ўсё можна вырашыць праз Маскву? Таму толькі і застаецца, што сябраваць з РФ, візіты куды апошнім часам усё больш падобныя на выклікі васала да сюзерэна. А на роўных атрымліваецца камунікаваць хіба з расійскімі губернатарамі.

З замежнай палітыкай усё настолькі кепска, што нават з леташняй паездкі Лукашэнкі ў Зімбабвэ прапаганда з усіх сіл намагалася зрабіць падзею сусветнага маштабу. Навіны сыпаліся як боб-гарох, так там усё было добра. І абдымаліся з «найлепшым сябрам» прэзідэнтам Мнангагвам па мянушцы Кракадзіл, і нейкіх дакументаў падпісалі цэлы стос… Агітпрап пырскаў слінай, расказваючы, як зараз закалосяцца стасункі з гэтай афрыканскай краінай. І вось мінуў час — і эксперты даўно на пальцах патлумачылі, што эканамічнага плёну з таго візіту аніяк не атрымалася. Як, дарэчы, і з іншых «прарываў» у краіны так званай «далёкай дугі», кшталту Экватарыяльнай Гвінеі, аб чым ужо адкрыта кажа і сам Лукашэнка, звыкла спіхваючы адказнасць на сваіх чыноўнікаў.

Глядзіце таксама

Ну і вось тут з’яўляецца КНДР. Пры ўсёй сваёй адыёзнасці даволі ўплывовая дзяржава, бо мае ядзерную зброю і пэўнае апекаванне з боку Кітая. З Пекінам, варта сказаць, у кантакце і Мінск, Лукашэнка ў мінулым годзе там таксама быў, чым вельмі ганарыўся. То чаму б туды і не зганяць, не паабдымацца з дарагім Кім Чэн Ынам?

Яшчэ гадоў пяць таму гэта выглядала б зашкварна і бессэнсоўна, але цяпер выбіраць не прыходзіцца. Тым больш з таварышам Кімам вунь і Пуцін сустракаецца, а ў 2019-м нават і прэзідэнт ЗША Трамп праводзіў перамовы.

Тут хіба інакш трэба ставіць пытанне: а ці патрэбны сам Лукашэнка Кім Чэн Ыну, які лічыць сябе палітыкам ледзь не роўным Пуціну? Ну, магчыма, гэтыя дэталі цяпер і абмяркоўваюць бакі, перад тым як дамовіцца аб візіце. І тут становіцца зразумелым, чаму Пхеньян пра гэта кажа, а Мінск маўчыць.

Супрацоўніцтва ў межах расійска-ўкраінскай вайны?

У верасні мінулага года Лукашэнка чарговы раз наведваў Расію. Падчас сустрэчы з Пуціным у Сочы ён раптам выказаўся пра Паўночную Карэю.

«Прыемна было бачыць вас з Кім Чэн Ынам на Усходнім касмадроме», — заявіў Лукашэнка, маючы на ўвазе нядаўнюю сустрэчу лідараў РФ і КНДР. І дадаў: «Я думаю, што мы можам падумаць і аб супрацоўніцтве дзесьці на траіх — Паўночная Карэя, Расія».

Гэтае «на траіх», як у савецкія часы казалі каля гастраномаў, тады прыцягнула ўвагу, але вялікага значэння чарговаму красамоўству беларускага аўтакрата ніхто асабліва не надаў.

Пры гэтым ужо тады ў медыя з’яўляліся звесткі аб ваенным супрацоўніцтве расіян і паўночных карэйцаў. Пазней пра пастаўкі ўзбраенняў з КНДР у РФ для патрэбаў вайны ва Украіне пачалі казаць адкрыта, і на сёння гэта з’яўляецца ўжо сакрэтам палішынеля. Кажуць, снарады і іншая зброя ў Паўночнай Карэі ў асноўным старыя, яшчэ савецкіх часоў, але Крамлю ў цяперашняй сітуацыі і гэта добра. Пры гэтым такое супрацоўніцтва парушае нормы міжнароднага права.

Глядзіце таксама

Беларусь падтрымлівае стасункі з Пхеньянам, у студзені, напрыклад, кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік сустракаўся з намеснікам міністра замежных спраў гэтай загадкавай краіны Кімам Сонгам Жыонгам на палях саміта Руху недалучэння ва Угандзе. Але гандлёвыя зносіны паміж дзяржавамі інакш як смешнымі не назавеш — гаворка там пра нейкія вартыя жалю мільёны долараў.

У нядаўняй паездцы Шастакова суправаджалі супрацоўнікі МЗС, якія займаюцца якраз гандлем — сельгаспрадукцыяй, лекамі, але атрымаць вялікі прафіцыт ад экспарту тут немагчыма. Што такога выгаднага можа набыць Пхеньян у далёкай Беларусі, чаго б нельга было б купіць у больш блізкіх Кітаі і Расіі? Пытанне рытарычнае.

А вось у ваеннай сферы перспектывы падаюцца больш прывабнымі. КНДР — мілітарысцкая краіна, хай і абкладзеная санкцыямі, яна мае неблагі ваенпрам, нават хваліцца сваімі балістычнымі ракетамі. Калі пастаўкі ідуць у Расію, то чаму б і Беларусі не набыць якую-небудзь прадукцыю. У той праваеннай істэрыі, якую часцяком ладзіць Лукашэнка, пагражаючы то экскурсіямі вагнераўцаў у Варшаву, то цікавасцю да Сувалкскага калідора, закупка ў Кім Чэн Ына тых жа ракет можа ўяўляць пэўны інтарэс.

Ці гэта не тое самае «на траіх», пра што казаў беларускі дыктатар? А прыхоўвацца такія праекты могуць праз небяспеку новых санкцый. Таму ўсё можа быць.

Танная працоўная сіла?

Яшчэ адным з напрамкаў, дзе Мінск і Пхеньян могуць знайсці адно аднаго, эксперты называюць працоўную міграцыю. Пасля 2020 года, як вядома, беларусы масава пакідаюць радзіму праз рэпрэсіі, вайну і эканамічныя прычыны. З’язджаюць як на Захад, так і на Усход. У выніку сітуацыя на рынку працы бядовая — не хапае як кваліфікаваных работнікаў (тых жа медыкаў), так і звычайных пралетарыяў.

Адсюль узнікаюць меркаванні, што дэфіцыт працоўных рук лукашэнкаўцы могуць выправіць за кошт такіх вось гастарбайтараў.

Інфармацыю пра паўночнакарэйскі экспарт работнікаў у СМІ знайсці няцяжка. Напрыклад, у 2017 годзе «Форбс» цытаваў тагачаснага дзяржсакратара ЗША Рэкса Цілерсана, які абвінаваціў Расію ў стварэнні цэлых працоўных лагераў з грамадзян КНДР на сваёй тэрыторыі. Працуюць, маўляў, карэйцы ў РФ як рабы, за капейкі, ледзь не па 20 гадзін у суткі.

У жніўні 2022-га паведамлялася, што паўночнакарэйскія працаўнікі могуць прыняць удзел у «аднаўленні Данбаса». У верасні 2023-га BBC паведамляла, што Мінпрамгандаль РФ вывучае патрэбу расійскіх прадпрыемстваў у мігрантах з КНДР. А літаральна ў сакавіку расійскі эксперт па міграцыйных пытаннях Вадзім Кожэнаў называў паўночных карэйцаў вельмі добрымі работнікамі, на якіх маецца «каласальны попыт». «Працуюць выдатна. І да іх добрае стаўленне. Ніякіх праблем са злачыннасцю, п'янствам — ідэальныя работнікі», — сказаў ён. Тут варта дадаць і тое, што за сваімі грамадзянамі за мяжой Пхеньян сочыць з дапамогай спецслужбаў, то сапраўды такія гастарбайтары праблем на чужыне наўрад ці створаць.

Іншая справа, што ёсць і іншыя выдаткі. Цяжка ўявіць, што ў Мінску могуць будаваць доўгатэрміновыя планы наконт прыцягвання такой працоўнай сілы. Усё ж занадта гэта экзатычна. Дый для таго боку не асабліва прывабна, бо ёсць жа Расія, там таксама мігранты патрэбныя і попыт на іх расце.

У дадатак, паводле слоў Кожэнава, перашкодай для такога сцэнара могуць стаць усё тыя ж санкцыі, бо на ўзроўні ААН забаронена імпартаваць працаўнікоў з КНДР. То, выглядае, і тут не ўсё так адназначна.

Але ў цэлым збліжэнне Беларусі з Паўночнай Карэяй у сённяшніх варунках выглядае натуральным. Лукашэнка пераўтварыў краіну ў сусветнага ізгоя, таму і даводзіцца туліцца да такіх жа геапалітычных адшчапенцаў. Агульных рысаў паміж дзяржавамі ўсё болей, адпаведна і супольных інтарэсаў можа быць шмат. І хай беларускія прапагандысты пакуль не ствараюць у гонар свайго куміра такіх жа бадзёрых гімнаў, як іх пхеньянскія калегі, выключаць гэтага таксама нельга. Усяму свой час, а кірунак у бок самых адыёзных таталітарных практык лукашэнкаўскі рэжым узяў цвёрда і трывала.