КНДР адправіла РФ больш за мільён снарадаў, а атрымала дапамогу ў касмічных тэхналогіях

КНДР паставіла ў Расію больш за мільён снарадаў для выкарыстання на вайне ва Украіне — гэтага хопіць на 2 месяцы вайны.

Кім Чэн Ын. Фота: Kremlin Pool / Global Look Press

Кім Чэн Ын. Фота: Kremlin Pool / Global Look Press

Узамен на пастаўкі снарадаў Пхеньян атрымаў ад Масквы кансультацыі наконт запуску спадарожніка, паведамляе AFP.

На закрытым пасяджэнні паўднёвакарэйскага парламента ў сераду, 1 лістапада, прадстаўнікі Нацыянальнага агенцтва выведкі Паўднёвай Карэі (NIS) паведамілі, што са жніўня Пхеньян ажыццявіў каля 10 паставак зброі ў Расію.

«NIS высветліла, што было перададзена больш за мільён артылерыйскіх снарадаў, — сказаў журналістам пасля пасяджэння дэпутат Нацыянальнага сходу Карэі Ю Санг-Бум.— Згодна з праведзеным аналізам, гэтага хопіць прыкладна на два месяцы вайны Расіі ва Украіне».

З ягоных слоў, ад Масквы КНДР, мяркуючы з усяго, атрымала тэхнічныя кансультацыі наконт запуску вайсковага выведвальнага спадарожніка. 

Глядзіце таксама

Пасля другой няўдалай спробы ў жніўні Пхеньян заявіў, што трэці запуск плануецца ў кастрычніку, але гэтага не адбылося.

«Хоць кастрычніцкі запуск быў адкладзены, фінальныя падрыхтоўкі, такія, як праверка рухавіка і пускавой прылады, ідуць поўным ходам. Падобна, што Паўночная Карэя атрымала тэхнічныя кансультацыі ад Расіі, таму мы чакаем больш паспяховых выпрабаванняў», — дадаў дэпутат.

У кастрычніку ЗША заявілі, што пастаўкі зброі з КНДР у Расію ідуць поўным ходам: паводле інфармацыі Вашынгтона, за апошнія тыдні было дастаўлена больш за 1000 кантэйнераў з вайсковым абсталяваннем і боепрыпасамі. На мінулым тыдні Сеул, Токіа і Вашынгтон выступілі з сумеснай заявай, у якой «рашуча асудзілі» пастаўкі.

Падчас свайго візіту ў Расію і перамоў з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным у верасні паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын заявіў, што двухбаковыя сувязі з Масквой з'яўляюцца для Пхеньяна «прыярытэтам нумар адзін».

Крэмль паведамленні аб пастаўках зброі з КНДР у Расію не каментуе.

«Шмат такіх паведамленняў, усе яны, як правіла, беспадстаўныя. Паўночная Карэя — наш сусед. Мы развіваем і будзем працягваць развіваць нашы адносіны ва ўсіх галінах», — казаў на мінулым тыдні прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Глядзіце таксама

Супрацоўніцтва Расіі з КНДР 

Пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну ўзмацнілася яе ізаляцыя на міжнароднай арэне, а расійскі бок стаў больш актыўна супрацоўнічаць, у прыватнасці, з КНДР. У Пхеньяна ёсць адзін з найбуйнейшых у свеце запасаў снарадаў і ракет, прычым яны сумяшчальныя з савецкім узбраеннем, якія РФ актыўна выкарыстоўвае ў вайне супраць украінцаў.

13 кастрычніка спікер Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі падзяліўся, што КНДР перадала расійскаму боку тысячу кантэйнераў ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў.

Нагадаем, яшчэ ўвесну Кім Чэн Ын заявіў, што КНДР павінна стаць сусветнай касмічнай дзяржавай.

Кім Чэн Ын наведаў Дзяржаўнае ўпраўленне па асваенні космасу. Ён агледзеў акадэмію касмічных навук і базу для выпрабаванняў у касмічных умовах і заклікаў працягваць незалежнае асваенне космасу: «Непарушнай воляй партыі і ўрада КНДР з'яўляецца ў выніку мэта зрабіць краіну сусветнай касмічнай дзяржавай».

А ў лютым гэтага года, як пісаў «НЧ», КНДР абяцала накіраваць сотні сваіх вайскоўцаў і паліцыянтаў на акупаваны Данбас.

Адметна, што раней КНДР адмовілася спыняць сваю касмічную праграму нават пад пагрозай увядзення санкцый.

Паводле ВВС,  www.unian.ualenta.ru