Дыктатуры ўсіх краін аб’ядналіся. КНДР накіруе сотні вайскоўцаў на акупаваны Данбас
Урад Паўночнай Карэі плануе адправіць ва Украіну вайскоўцаў і паліцэйскіх — пакуль 300-500 мужчын.
Улады Паўночнай Карэі маюць намер адправіць сваіх паліцэйскіх і вайскоўцаў на часова акупаваныя часткі Данецкай і Луганскай абласцей “для аднаўленчых работ”. Пра гэта паведамляе паўднёвакарэйскае выданне Daily NK.
Адзначаецца, што ўрад КНДР нядаўна загадаў паўночнакарэйскім гандлёвым кампаніям у Расіі выбраць персанал для адпраўкі на захопленыя РФ тэрыторыі ўсходу Украіны.
"Крыніца Daily NK у Расіі паведаміла, што 20 студзеня Паўночная Карэя выдала загад некалькім гандлёвым кампаніям, уключаючы Cholhyon Construction, афіляваную з Міністэрствам абароны, і Kumrung Construction, якая звязаная з Генеральным бюро, Міністэрства сацыяльнага забеспячэння. Улічваючы тое, што ўсе гандлёвыя кампаніі, якія атрымалі загад, звязаныя з ваеннымі або грамадскімі службамі бяспекі, Паўночная Карэя, падобна, мае намер адправіць салдат або паліцэйскіх, а не цывільных асоб, на ўсход Украіны", – гаворыцца ў матэрыяле.
Журналісты пішуць, што КНДР плануе адправіць ва Украіну 300-500 мужчын ва ўзросце ад 19 да 27 гадоў. Яны павінны прыбыць на акупаваныя тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей у канцы лютага або ў пачатку сакавіка 2023 года.
Днямі ў КНДР заявілі, што яны стаяць "на адным полі бою" з войскам Расіі. Пра гэта заявіла сястра Кім Чэн Ына — Кім Е Чжон, якая займае ў краіне пасаду намесніка загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК Працоўнай партыі рэспублікі.
Злучаныя Штаты абвінавачваюць Паўночную Карэю ў тайнай пастаўцы Расіі значнай колькасці артылерыйскіх снарадаў для выкарыстання ў вайне ва Украіне і спробе схаваць гэтыя пастаўкі.
Як пісаў НЧ, у канцы 2022 года стала вядома, што фабрыкі КНДР пачалі шыць зімовую форму для расійскіх ваенных. Гаворка ідзе непасрэдна пра форму, бялізну і абутак — сыравіну для іх дае сама Расія. Шыць форму для расійскіх вайскоўцаў пачалі як мінімум тры фабрыкі ў Пхеньяне і невядома колькі яшчэ — у іншых месцах. Адметна, што рэзалюцыя ААН 2375 ад верасня 2017 года забараняе Паўночнай Карэі любы экспарт вырабаў тэкстыльнай прамысловасці.
Паводле korrespondent.net