Дыктатар і крызіс сярэдняга ўзросту

На днях, паводле здагадак шматлікіх экспертаў, паўночнакарэйскаму дыктатару Кім Чын Ыну споўнілася 40 гадоў.

Фота: pixabay

Фота: pixabay

Фраза «паводле здагадак» наглядна сведчыць пра тое, як мала пра лідара КНДР ведае навакольны свет. Ёсць таксама версія, што ў студзені 2023-га Кіму спаўняецца толькі 39, а можа нават і 38 гадоў. У любым выпадку, надыход яго пятага дзесяцігоддзя ніхто не аспрэчвае, што выклікае ў некаторых невясёлыя думкі.
Свае трывогі яны тлумачаць у тым ліку азіяцкімі ўяўленнямі, як мусіць сябе паводзіць мужчына, што адсвяткаваў 40-гадовы юбілей. У Азіі дасягненне мужчынам гэтага ўзросту азначае, што чалавек больш не вагаецца ў сваіх меркаваннях і ацэнках. Калі мужчыну стукнула 40 гадоў, ён, як правіла, думае, што яго шлях правільны і варта толькі і далей яго прытрымлівацца.
Калі прыняць гэту тэорыю, то Кім Чын Ын хутчэй за ўсё будзе падвышаць стаўкі ў супрацьстаянні з Захадам. Збольшага гэта ўжо і адбываецца. У снежні мы сталі сведкамі запуску беспілотных апаратаў у бок Сеула. У студзені 2022 года Пхеньян правёў выпрабавальны запуск балістычных і крылатых ракет. Сярод іх была і ракета «Хвасон-17», здольная несці ядзерную боегалоўку прыкладна на 10 тысяч кіламетраў, гэта значыць у межах дасяжнасці мацерыковай часткі ЗША.
Дарэчы, псіхічны стан Кім Чын Ына неідэальны і без уліку працэсаў старэння арганізма. Яго дзяцінства прайшло ў вельмі жахлівай атмасферы. Як вядома, у дзіцячым узросце ён перамог у кастынгу за права стаць пераемнікам. Лічыцца, што бацька Кім Чэн Ір зрабіў такі выбар, паколькі хлопчык на фоне сваіх братоў вылучаўся жорсткімі паводзінамі, якія потым культывавалі. Ёсць сведчанні, што цалкам ізаляваны ад аднагодкаў, змешчаны ў асобны палац Кім перажыў самотнае дзяцінства.
Урэшце, дыягназ пацвярджаецца жорсткімі расправамі. Дзевяць гадоў таму Кім нібыта санкцыянаваў пакаранне смерцю свайго ўплывовага дзядзькі, абвінаваціўшы таго ў здрадзе. Жоўтыя СМІ сцвярджалі, што дзядзьку расстралялі зеніткамі, а потым ужо мёртвае цела спалілі агнямётамі. Пацвярджальных фактаў наконт гэтага не было, але пакаранне сваяка Кіма ўладамі КНДР не аспрэчвалася. Лічыцца, што ў 2017 годзе Кім «заказаў» прыбраць свайго зводнага брата Кім Чэн Нама ў адным з азіяцкіх аэрапортаў, ужыўшы нервова-паралітычны прэпарат.
Маркерам нездаровай псіхікі Кіма эксперты лічаць і прагу дыктатара да раскошы. Паўднёвакарэйская прэса сцвярджае, што сям'я Кімаў мае ў распараджэнні да 30 раскошных віл. На нейкіх рахунках ён трымае каля 5 мільярдаў долараў.
40-гадовы юбілей можа адбіцца і на тым, што адбываецца ў калідорах улады. Хоць 40 гадоў не вельмі салідны ўзрост, гэта ўсё ж пачатак адліку заканчэння актыўнай працоўнай фазы. Тым больш гэты працэс могуць стымуляваць праблемы са здароўем у дыктатара.
Што ўласна і нядзіўна. На кадрах хронікі бачна, што ў Кіма залішняя вага. Ён заўзяты курэц і не супраць «накаціць» (Кім — аматар моцных спіртных напояў і дарагіх французскіх вінаў). Вядома, што ён часта ігнаруе парады лекараў. Перыядычная адсутнасць на публіцы дае падставы меркаваць, што ён час ад часу мае справу з шэрагам сур'ёзных праблем са здароўем.
Збольшага наяўнасць праблем пацвярджаюць і паводзіны дыктатара. Сам Кім занадта эмацыйна ставіцца да тэмы свайго здароўя. Аж да таго, што ў рэдкіх паездках за мяжу ён падарожнічае са сваімі ўласнымі прыбіральнямі, каб замежныя спецслужбы не шукалі кампрамат у яго экскрэментах.
Нядзіўна, што і да 40-гадовага юбілею хапала чутак аб хуткай смерці Кіма. Цяпер іх будзе дакладна больш. Як і спекуляцый наконт пераемніка. Зрэшты, пакуль з гэтым пытаннем Кім, здаецца, вызначыўся. У асяроддзі экспертаў ёсць кансэнсус наконт таго, што ў выпадку смерці Кіма яго роля пяройдзе да славалюбівай малодшай сястры Кім Ё Чжон. Апошняя часта была заўважана побач з правадыром. Ён нават давяраў ёй насіць сваю попельніцу.
Аднак не выключана, што Кім разглядае сястру як нейкага рэгента. Магчыма, ён бачыць сваім пераемнікам любімую дачку Кім Джу Э. Менавіта гэтым тлумачаць яе нечаканае з'яўленне на публіцы ў суправаджэнні бацькі ў лістападзе 2020-га. Ці пагодзіцца Кім Ё Чжон на ролю часова выконваючага абавязкі правадыра? Таксама не будзем забывацца на тое, што, акрамя Кім Джу Э, у Кіма яшчэ двое дзяцей, якія таксама патэнцыйна могуць стаць удзельнікамі палацавых інтрыг.
Зрэшты, нават калі Кім кіне піць, курыць, пачне займацца спортам і паправіць здароўе, бліжэйшая дэкада і нават пяцігодка не дазволяць яму расслабіцца. Наступствы пандэміі ў выглядзе глабальнага фінансавага крызісу і санкцый нараўне са змяненнем клімату, які наносіць каласальную шкоду лакальнай сельскай гаспадарцы, здольныя сур’ёзна падарваць эканоміку краіны.
У мінулым годзе дыктатар ужо заклікаў грамадзян рыхтавацца да крызісу, аналагічнага таму, што меў месца ў 1990-х. Лічыцца, што тады ад дэфіцыту прадуктаў загінула да 3,5 мільёнаў чалавек. Калі верыць брытанскай прэсе, 40 працэнтаў жыхароў Паўночнай Карэі ўжо галадае.
Тое, што ў 90-я рэжым выстаяў, тлумачыцца таксама інфармацыйнай ізаляцыяй. Цяпер з-за новых тэхналогій блакіраваць прыток і распаўсюджванне інфармацыі ўсё цяжэй. Кіму ўжо зараз даводзіцца думаць, як кантраляваць маладое, тэхнічна падкаванае пакаленне. Гэта спрабуюць рабіць з дапамогай драконаўскіх законаў. Той, хто захоўвае радыёпрымач, рызыкуе гадамі турмы, а доступ да адкрытага Інтэрнэту заблакіраваны. Ёсць толькі дзяржаўны аналаг — інтранэт з жорсткай цэнзурай. Зрэшты, савецкі вопыт падказвае, што заўжды можна знайсці варыянт, як вырашыць гэтую праблему.
Адным словам, самы аптымальны тост для Кім Чын Ына ў дзень нараджэння — адсвяткаваць хаця б 45-годдзе, прычым жывым і на волі.