Ад Ына залежыць, калі ў РФ скончацца сілы ваяваць?

Цяпер ад Паўночнай Карэі залежыць, як доўга яшчэ кіраўніцтва Расіі будзе спрабаваць аднавіць імперыю. Зрэшты, аналітыкі лічаць, што пастаўкі зброі ад КНДР Расіі істотна не паўплываюць на ход вайны ва Украіне.

Фота ТАСС

Фота ТАСС

Злучаныя Штаты працягваюць пільна сачыць за супрацоўніцтвам Расіі і Паўночнай Карэі і гатовыя прыняць меры ў выпадку паставак карэйскай зброі ў Расію, піша  «Голас Амерыкі». Пра гэта падчас брыфінгу ў Вашынгтоне паведаміў намеснік спікера Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Ведант Патэль.

Ён заклікаў Паўночную Карэю спыніць перамовы з Расіяй аб зброі і прытрымлівацца публічных абяцанняў КНДР не даваць зброі Расіі. Па словах Патэля, ЗША будуць прымаць адпаведныя меры для падтрымкі ўкраінскіх партнёраў.

Глядзіце таксама

Патэль нагадаў, што гэтак жа Злучаныя Штаты рэагавалі на падтрымку дзеянняў Расіі Іранам, у прыватнасці, па прадастаўленні іранскіх беспілотнікаў. "Мы, вядома, распачалі крокі, каб працягваць прыцягваць да адказнасці не толькі Расійскую Федэрацыю, але і іранскі рэжым за такія адносіны", — сказаў Патэль.

Тое, што Расія вымушаная звярнуцца па падтрымку да Паўночнай Карэі, сведчыць пра яе адчайныя спробы атрымаць дапамогу, кажуць чыноўнікі ЗША.

"Усе намаганні Расіі аднавіць сваю імперыю цяпер залежаць ад Паўночнай Карэі", — заявіў у гэты ж дзень амбасадар ЗША ў Японіі Рам Эмануэль. Гэта сведчыць, наколькі вайна Расіі ва Украіне правалілася.

Глядзіце таксама

Магчымае пагадненне з Паўночнай Карэяй аб пастаўках Расіі зброі "не вітаецца, але гэта прыкмета таго, што эмбарга з'яўляецца эфектыўным і працуе", – дадаў Эмануэль у інтэрв'ю CNN.

Нагадаем, Уладзімір Пуцін і кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын плануюць сустрэчу ва Уладзівастоку. Расія мае патрэбу ў зброі, а КНДР, магчыма, захоча наўзамен атрымаць тэхналогіі, паведамляюць СМІ аб ацэнках службовых асоб ЗША.

Расійскія тэхналогіі могуць спатрэбіцца Паўночнай Карэі для распрацоўкі ядзерных падводных лодак і спадарожнікаў, піша New York Times пра тое, што хвалюе амерыканскіх чыноўнікаў.

Аднак амерыканскія ваенныя аналітыкі лічаць, што пастаўкі зброі ад КНДР Расіі істотна не паўплываюць на ход вайны.


Глядзіце таксама

Як пісаў НЧ, у канцы 2022 года стала вядома, што фабрыкі КНДР пачалі шыць зімовую форму для расійскіх ваенных. Гаворка ідзе непасрэдна пра форму, бялізну і абутак — сыравіну для іх дае сама Расія. Шыць форму для расійскіх вайскоўцаў пачалі як мінімум тры фабрыкі ў Пхеньяне і невядома колькі яшчэ — у іншых месцах. Адметна, што рэзалюцыя ААН 2375 ад верасня 2017 года забараняе Паўночнай Карэі любы экспарт вырабаў тэкстыльнай прамысловасці.