Пры любым развіцці сітуацыі з Крыгерам Лукашэнка выйдзе з яе «з адмоўнай сумай на руках»
Гісторыя са смяротным пакараннем грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера застаецца адной з галоўных тэмаў у беларускім інфармацыйным парадку дня.
«Ты ж мяне ведаеш, я звычайна такім не займаюся, — піша тэлеграм-канал «Лісты да дачкі». — Але хачу табе сказаць, што сёй-той вельмі дрэнна выглядае. Вось рэальна. Проста зусім дрэнна. Нядзіўна, што яго звычайна забараняюць здымаць у профіль.
Але цяпер не пра гэта. Дзіўна ўсё ж такі, наколькі беларускія ўлады не ўмеюць вучыцца на сваіх памылках. Вучыцца на чужых памылках я, заўваж, ім нават не прапаную.
Вось яны хацелі напалохаць увесь Захад адразу пасадкай самалёта. Потым утаймоўвалі Еўропу мігрантамі. Атрымалі бан на самалёты і закрытыя межы. Ні напалохаць, ні ўтаймаваць, заўваж, не атрымалася.
І што ты думаеш? Цяпер яны вырашылі пагражаць забойствам закладніка. Не, я, вядома, чуў, што гэта старэйшы саюзнік папрасіў прысудзіць да смяротнага пакарання грамадзяніна Германіі, каб яму было зручней мяняць. Каб Германія пагадзілася вярнуць старэйшаму саюзніку забойцу з ФСБ Красікава. І я разумею, што сёй-той не ў тым становішчы, каб адмовіць саюзніку ў любой просьбе.
Але самім жа дзеля чаго так старацца? Ну старэйшаму саюзніку трэба, хай ён і дамаўляецца пра ўмовы абмену. Навошта было здымаць відэа з гэтым няшчасным Крыгерам?
Да кіно нехта быў проста пасярэднікам. Няхай і ў трохі людаедскім абліччы. А цяпер сёй-той ужо галоўны тэрарыст, які пагражае забойствам закладнікаў.
Вось цяпер, пасля таго як па тэлевізары паказалі відэа з закладнікам, беларускія ўлады пры любым зыходзе выйдуць з адмоўнай сумай на руках. Саюзнік яшчэ можа апынуцца ў плюсе, калі абмен адбудзецца. А сёй-той дакладна будзе ў мінусе. Таму што сёй-той гэта цяпер той чалавек, які захапіў закладніка і паслаў сваякам відэа з патрабаваннем выкупу.
Не, я разумею. Яны спадзяюцца, што іх стабільнасці з гэтага абмену таксама што-небудзь абломіцца. Ну дык дарма. Нічога ёй не абломіцца. Нічога не абламалася з пасаджанага самалёта, нічога не абламалася з мігрантаў і з захопленага закладніка таксама нічога не абломіцца.
Ці думаюць, што ім усё роўна няма чаго губляць. Ну дык яны памыляюцца. У іх яшчэ шмат чаго засталося, што можна было б адабраць.
Яшчэ межы не ўсе закрыліся. Яшчэ ёсць транзіт і еўрапейскі імпарт на 3,5 мільярда еўра за пяць месяцаў гэтага года. Урэшце яшчэ амбасады засталіся. Я вось не ўзгадаю, каб у ІДІЛ былі амбасады ў еўрапейскіх краінах. Ну, то-бок амбасады, з пункту гледжання ІДІЛ, можа, і ёсць. Але яны называюцца тэрарыстычнымі ячэйкамі.
Улады Германіі цяпер, можа, і супраць таго, каб Польшча закрыла транзіт. Але калі
беларускія ўлады заб'юць закладніка, уладам Германіі няма
куды будзе дзявацца. Ім трэба будзе растлумачыць сваім выбаршчыкам, як
яны пакаралі забойцу. І для беларускіх уладаў гэтае забойства будзе азначаць
зусім новы статус, якога ў іх раней яшчэ не было. І,
дарэчы, дарма не было».