Лукашэнка сам баіцца. Чаму Крыгера не расстраляюць
У гісторыі са смяротным прысудам грамадзяніну Германіі Рыка Крыгеру дагэтуль шмат незразумелага. Але сёе-тое выглядае бясспрэчным, і дае падставы для некаторых высноў.
Са «справы Крыгера» вырашылі зрабіць таямніцу
Першае, што не выклікае аніякіх сумневаў: беларускі бок свядома хаваў інфармацыю пра кейс Крыгера. Усё — ад затрымання да суда і прысуду — трымалася ў сакрэце. І, канешне, гэта невыпадкова.
Пра смяротнае пакаранне немца незалежныя медыя паведамілі 19 ліпеня, і толькі пасля гэтага дзяржаўная прапаганда заварушылася. Пачала «перахопліваць парадак дня», публікаваць фота, здымаць сюжэты і рабіць выгляд, што інфармацыю «прытрымалі» з нейкіх важных прычын. Выглядаюць гэтыя спробы вартымі жалю.
Выявілася, што Крыгера затрымалі яшчэ летась у пачатку кастрычніка. Прысуд вынеслі напрыканцы чэрвеня. І ўвесь гэты час — дзевяць з паловай месяцаў — прапагандысты маўчалі пра яго, нібыта набраўшы ў рот вады.
Хаця ведалі, што да чаго. Нават прысутнічалі ў залі суда, дзе рабілі здымкі. Але вось не напісалі пра гэта ні радка.
Гэта дыяметральна супярэчыць звычайнай практыцы лукашэнкаўскіх агітатараў. Яны прывыклі дзейнічаць наадварот. Адразу распавядаць пра «дыверсантаў», здымаць пра іх «расследаванні» пад дыктоўку КДБ, запісваць «пакаяльныя» відэа. Карацей, атрымліваць прапагандысцкі эфект.
Здавалася б, у выпадку з Крыгерам можна было вырабіць цудоўны «галівуд». Як жа: у цэнтры сюжэта — немец, які па заданні заходніх выведак пракраўся ў Азярышча, каб здзейсніць тэракт супраць нашчадкаў герояў ВАВ. Пэўна, у тэлевізійшчыкаў рукі свярбелі ад такіх сцэнароў, але па руках далі. Загадалі нічога не публічыць.
Відавочна, што наконт гэтага хлопца ў рэжыма былі іншыя планы. І гэтыя планы пахіснуліся, калі пра страшны прысуд замежніку стала вядома на ўвесь свет.
Лукашэнка аказаўся ў далікатнай сітуацыі
Што яшчэ выглядае відавочным — Лукашэнка не збіраўся расстрэльваць Крыгера. Загад прысудзіць «вышэйшую меру» — аддаў (без асабістага загаду тут дакладна не абышлося). А вось прыводзіць яго ў выкананне — не.
Нават для сённяшняй беларускай рэчаіснасці караць смерцю грамадзяніна іншай дзяржавы — перабор. Так амаль не робяць у самых жудасных дэспатыях кшталту КНДР альбо Ірану. І ХАМАС так не робіць у дачыненні да тых жа ізраільцян. Гэта бліжэй да галаварэзаў ІДІЛ, быць падобных да якіх Лукашэнку наўрад ці хочацца.
Ён і сам да палітычных смяротных выракаў дагэтуль не звяртаўся, хаця «тэрарыстаў» у беларускіх турмах сотні. Ёсць сярод іх, напрыклад, рэйкавыя партызаны, якім інкрымінавалі той жа артыкул 289 КК, але нікога з іх да расстрэлу не падвялі. Як нават і да пажыццёвага зняволення.
Але з Крыгерам, як бачым, выпадак атрымаўся асобным.
Цяпер, калі прысуд агучаны, а Крыгер яго, як пішуць, вырашыў не абскарджваць, беларускі дыктатар сам трапіў у далікатную сітуацыю. Тым больш што гісторыя «выйшла ў паблік» і да яе прыцягнутая міжнародная ўвага.
Даць дазвол на выкананне прысуду азначае ў адзін момант перайсці чарговыя чырвоныя рысы, прычым перайсці незваротна. У такім выпадку пра ніякую адлігу з Захадам, якую, паводле некаторых ацэнак, Лукашэнка плануе, гаварыць ужо не давядзецца. І ў Мінску гэта цудоўна разумеюць. Якое змякчэнне санкцый, калі вы расстрэльваеце куляй у патыліцу замежнікаў невядома за што? Атрымайце новыя. І забудзьцеся пра любы дыялог.
Але што тады застаецца, калі прысуд набыў моц? Толькі адно: вызваляць хлопца на нейкіх умовах. Выглядае на тое, што пасля апублічвання сітуацыі беларускі рэжым у гэтым і сам зацікаўлены. З чаго можна ўпэўнена зрабіць выснову, што Рыка Крыгера ніхто ў Беларусі расстрэльваць не будзе.
Крыгера абмяняюць як украінца Швеца?
Як бы цяпер лукашэнкаўская прапаганда ні вылузвалася, ні даганяла ўчорашні дзень запозненымі сюжэтамі на ТБ, паказваючы, які страшны «тэрарыст» 29-гадовы малады бацька з Германіі, ужо вядома, што ніякіх «тэрактаў» ён у Азярышчы не здзейсніў.
З тых жа дзяржаўных СМІ вядома, што немец — канешне ж, па заданні СБУ — узарваў нейкія рэйкі на чыгуначным прыпынку. Ніхто не пацярпеў. Матэрыяльная шкода, паводле звестак «Медыязоны», склала 516 долараў.
Нават калі ўсё гэта Крыгер зрабіў (а ў судзе ён тое не прызнаў), пра ніякі «тэрарызм» і тым больш смяротнае пакаранне гаворкі тут быць не павінна.
Не павінна яшчэ і таму, што нічога такога не было ў выпадку грамадзяніна Украіны Мікалая Швеца. Таго схапілі за падрыў расійскага самалёта ў Мачулішчах — надзвычайнае здарэнне, якое выклікала магутны рэзананс. Выбух у Азярышчы наадварот прайшоў у медыя абсалютна незаўважна, і нават дасведчаныя людзі на гэта хутка забыліся.
Дык якая тады ў Лукашэнкі задума наконт узятага ў закладнікі Крыгера? Ды, уласна, такая ж, як і наконт Швеца. Таго Украіна абмяняла на палонных расійцаў у рамках чарговай здзелкі з Масквой. Выглядае, што ніякай карысці з таго кейса Мінск не атрымаў, што яго наўрад ці ўзрадавала. Ці атрымае хоць які бенефіт з абмену Крыгера? Выглядае, што так.
Тут магчымыя два варыянты. Першы: абмен нямецкага грамадзяніна на крамлёўскага кілера Красікава, які адбывае пажыццёвае зняволенне ў Берліне. У такім выпадку аддзячыць Лукашэнку Пуцін можа шчодра. Бо даўно дамагаецца абмену свайго агента ФСБ, ды ўсё ніяк не атрымліваецца.
Другі варыянт — гэта выпадак, калі ўся гульня вядзецца беларускім бокам ва ўласных інтарэсах. Што тут можа атрымаць Лукашэнка, сказаць складана. Санкцыі такім чынам не здымаюцца, легітымнасць не здабываецца. Але на нешта разлічваць можна, тым больш, як было сказана, расстрэльваць асуджанага рэжыму вельмі не хочацца.
Пра варыянт абмену Рыка Крыгера нядаўна амаль прамым тэкстам заявіла лукашэнкаўскае МЗС. Маўляў, Берліну прапануюцца «варыянты развіцця падзей». Безадносна да зашквару ведамства, якое мусіць займацца дыпламатыяй, а на справе ўдзельнічае ў гандлі людзьмі, можна сцвярджаць, што адзін з варыянтаў напэўна спрацуе.
У Германіі на гэты конт ніякіх заяў не робяць. Днямі канцлер Олаф Шольц адмовіўся каментаваць сітуацыю журналістам. ВВС адзначае, што ў пытаннях вызвалення сваіх грамадзян з лапаў таталітарных рэжымаў Германія звычайна дзейнічае непублічна. І, як правіла, мае поспех.
Хутчэй за ўсё, будзе поспех і ў гэтым выпадку. І што б узамен ні атрымаў Лукашэнка, яго і так раструшчаны імідж пацерпіць у вачах цывілізаваных краін яшчэ больш.