Паўночная Карэя беларускага разліву
Чым больш цывілізаваны свет адварочваецца ад Беларусі, тым больш збліжаюцца дыктатуры — напрыклад, беларуская і паўночнакарэйская.
Ложак для дзеда
Прыезд Максіма Рыжанкова ў Пхеньян, які адбыўся на гэтым тыдні, меў статус афіцыйнага візіту і адбыўся, наколькі можна меркаваць, упершыню ў гісторыі дыпламатычных адносінаў, а ім ужо 32 гады.
Яны былі ўстаноўленыя ў Мінску ў лютым 1992-га праз камюніке, якое падпісалі Уладзімір Сянько, тагачасны намеснік міністра замежных спраў Беларусі, і Лі Ян Гю, паўночнакарэйскі намеснік міністра. Прычым гэта здарылася на тыдзень раней за нашы дыпадносіны з Паўднёвай Карэяй, піша Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19».
Аднак, яшчэ да гэтай даты здарылася падзея, якая фармальна і па сёння гэты дзень засланяе ўсё тое, што было пасля.
Гаворка ідзе пра наведванне БССР «вечным прэзідэнтам» і заснавальнікам КНДР Кім Ір Сенам — дзядулем цяперашняга паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына. У траўні гэтай падзеі споўнілася 40 гадоў.
Паколькі ў святле актывізацыі кантактаў, што адбываецца на нашых вачах, прыезд у Беларусь унука ўжо не так складана сабе ўявіць, можа аказацца карысным успомніць некаторыя асаблівасці прыезду яго дзеда. Тым больш, што сякія-такія з дарожных звычак Кім Ір Сена відавочна перайшлі па спадчыне Кім Чэн Ына. Напрыклад, любоў да бронецягніка.
Перамесцімся ў часы позняй БССР. У нас было сваё МЗС і дыпламаты, але не было ўласнай знешняй палітыкі і адносінаў з замежнымі краінамі. Усё гэта з'яўлялася прэрагатывай СССР.
І вось на пачатку мая 1984-га з пратакольнага аддзела саюзнага МЗС у Мінск прыйшла інфармацыя, што ў СССР з афіцыйным візітам прыбудзе дэлегацыя КНДР на чале з яе лідарам. Меркавалася, што пасля мерапрыемстваў у Маскве яна наведае Мінск і Брэст, адкуль затым адправіцца далей у Польшчу.
Праз тыдзень пасля гэтага паведамлення ў Мінск прыбыла перадавая група паўночнакарэйцаў па падрыхтоўцы знаходжання ў БССР прэзідэнта КНДР. Яе ўзначальваў пасол Паўночнай Карэі ў СССР Квон Хі Геном. Тады ж стала вядома, што Кім Ір Сена будуць суправаджаць каля 150 асоб.
Перадавая група аб'ехала ўсе аб'екты, якія павінен быў наведаць лідар КНДР, і па выніках суперпільнага агляду выказала некалькі арыгінальных заўваг.
Госці, у прыватнасці, папрасілі «ліквідаваць прыступку на прывакзальнай плошчы», каб пазбавіць заснавальніка КНДР лішніх рухаў цела пасля выхаду з бронецягніка на перон.
Наступная просьба тычылася ліфта ў рэзідэнцыі «Заслаўе» — трэба было зрабіць так, каб ён менш шумеў і больш плаўна спыняўся.
Нарэшце, карэйцы пажадалі іншы ложак для свайго правадыра — большага памеру з пракладкай пласта фанеры пад мяккім матрацам.
Першыя дзве просьбы былі лёгка задаволеныя, а вось адносна ложка давялося карэйцам панервавацца, а Мінску — ладна напружыцца, а ўсё з-за яго нестандартнага памеру і сціснутых тэрмінаў на выраб.
Ложак патрэбны быў гасцям менавіта такі нестандартны і ніякі іншы: як высветлілася пазней, Кім Ір Сен меў звычку спаць у вялікай жаночай кампаніі, але не дзеля уцех, а дзеля цяпла, а таксама ў мэтах аховы, мабыць.
Экскурс у гісторыю беларускіх сувязей савецкага разліву з Паўночнай Карэяй будзе няпоўным, калі не згадаць двух беларусаў, якія ў савецкія гады былі пасламі СССР у КНДР.
Гэта Глеб Крывулін з Магілёва, які ўзначальваў савецкую амбасаду ў Пхеньяне з 1974-га па 1982-гі, а пазней займаў пасаду міністра сацзабеспячэння БССР. І Генадзь Барташэвіч з Мінска: кіраваў савецкай дыпмісіяй у КНДР з 1987-га па 1990-ты, паспеў крыху пабыць паслом па асаблівых даручэннях МЗС ужо незалежнай Беларусі.
Без доступу да цела
У Беларусі ў КНДР пакуль не было і няма ні пасольства, ні пасла нават па сумяшчальніцтве, хоць абмен дыппрадстаўнікамі агаворваўся яшчэ ў згаданым камюніке аб устанаўленні дыпадносінаў у 1992-м.
Першы паўночнакарэйскі пасол быў акрэдытаваны на Беларусь у 2014-м па сумяшчальніцтве з Масквы, але ў Мінску дзейнічала гандлёвае прадстаўніцтва. Толькі ў 2016-м Паўночная Карэя адкрыла ў Беларусі сваю амбасаду, а ў 2019-м прапісала ў Мінску свайго амбасадара.
Цалкам магчыма, хутка адбудуцца зрухі і ў пытанні дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў КНДР, адкрыўшы паўночнакарэйскую кар'ерную лесвіцу для беларускай дыпслужбы, якая перажывае геаграфічныя абмежаванні.
Складанасці ў адносінах з заходнімі светам усё больш збліжаюць Мінск і Пхеньян, размываючы адрозненні і нават як быццам змяншаючы адлегласць.
Па частцы міжнароднай ізаляцыі і колькасці санкцый нашы краіны дзеляць адну лігу ізгояў. Пры гэтым беларускі санкцыйны пакет выглядае ўжо цяжэй і разнастайней за паўночнакарэйскі.
Калі раней супрацоўніцтва стрымлівалася міжнародным рэжымам санкцый у дачыненні да КНДР, цяпер гэта ўжо не перашкода, а агульны матыў.
Беларусь, на жаль, не ў тым становішчы, каб выбіраць партнёраў. Краіна шукае варыянты, як і дзе прыстроіць свае тавары і паслугі за мяжой і не лічыцца больш ні з чым.
Можна асуджаць узаемадзеянне рэжымаў, але не супрацоўніцтва народаў. Пры ўсім пры тым, што правесці размежавальнай лінію паміж рэжымам і краінай бывае вельмі складана. Беларусі хіба гэтага не ведаць.
Кантакты з КНДР у афіцыйнага Мінска былі заўсёды. Часцей за ўсё для гэтага задзейнічаліся міжнародныя пляцоўкі, асабліва ААН, дзе бакі традыцыйна даволі цесна ўзаемадзейнічалі і падтрымлівалі адзін аднаго.
Пратакольная перапіска на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў — таксама адзін з традыцыйных каналаў камунікацыі, які падтрымліваецца ўсе гэтыя гады.
Апошняе пасланне ад Кім Чэн Ына на адрас Аляксандра Лукашэнкі датуецца 3 ліпеня гэтага года, і ў ім ён «выказаў упэўненасць у тым, што традыцыйныя адносіны дружбы і супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі будуць пашырацца».
Візіт Максіма Рыжанкова гэтаму відавочна паспрыяе, хоць магчымасці ў любым выпадку абмежаваныя.
Асабістая сустрэча Кім Чэн Ына і Лукашэнкі — пакуль яшчэ незадзейнічаны рэзерв для стымулявання супрацоўніцтва. Нават неяк дзіўна, што яна не адбылася дагэтуль.
Магчыма, такая сустрэча стане наступным крокам. Магчыма, ёй будзе папярэднічаць візіт прэм'ера. Відавочна, што бакі падышлі да кантактаў на вышэйшым узроўні ўшчыльную і сустрэча ў вярхах — ужо толькі пытанне часу.
Цікава тое, што праграма афіцыйнага візіту кіраўніка МЗС Беларусі ў Пхеньян не ўключала сустрэчу з Кім Чэн Ынам, нягледзячы, што беларускі госць у сябе дома з'яўляецца асобай, набліжанай да «імператара». Пад заслону візіту Рыжанкова прыняў прэм'ер-міністр КНДР.
Справа тут, відавочна, не ў пратакольнай практыцы: паўночнакарэйскі правадыр прымае гасцей і рангам ніжэй. Напрыклад, пару тыдняў таму ён даў аўдыенцыю намесніку міністра абароны Расіі.
Прычына можа быць ва ўзаемнасці. Справа ў тым, што афіцыйны візіт Рыжанкова ў КНДР пазіцыянуецца як зваротны. А адказвае ён на прыезд у Беларусь міністра замежных спраў Паўночнай Карэі, які адбыўся ў сакавіку 2015-га.
«Столлю» праграмы таго візіту таксама з'яўлялася сустрэча з прэм'ер-міністрам. Лукашэнка паўночнакарэйскага госця не прымаў, хоць звычайна знаходзіць пратакольныя паўгадзіны свайго неацэннага часу для размовы з прыезджымі міністрамі замежных спраў.
Верагодна, Пхеньян гэта запомніў і адказаў узаемнасцю, падаўшы ўрок дыпламатыі, у якой, трэба сказаць, вельмі спрактыкаваны.