Мацукевіч — пра ўзаемаадносіны Беларусі і Кітая: Польшчы няма чаго баяцца, а вось Расіі варта задумацца

Якія перспектывы ў беларуска-польскага дыялогу? Ці пойдуць бакі на перамовы? Польшча выставіла тры ўмовы пачатку дыялогу — ці прыслухаецца рэжым?

Для Варшавы дыялог з Беларуссю будзе азначаць прызнанне Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Для Варшавы дыялог з Беларуссю будзе азначаць прызнанне Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Польшча дапускае магчымасць дыялогу з уладамі Беларусі, але толькі пасля таго, як рэжым Аляксандра Лукашэнкі выканае тры ўмовы. Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў РП Павел Вронскі, у прыватнасці, 19 ліпеня паведаміў, што гаворка ідзе, перш за ўсё, пра дээскалацыю памежнага (міграцыйнага) крызісу і спыненне рэпрэсій супраць беларускай апазіцыі: «Пункт першы: Польшчы павінен быць выдадзены забойца польскага салдата (Матэвуша Сітэка, які служыў на мяжы з Беларуссю. Заўв. рэд.). Мы ведаем, што адбылося і чакаем дзеянняў з беларускага боку.

Другое пытанне: зніжэнне міграцыйнага ціску на польскай мяжы, якое, як усё на гэта паказвае, з'яўляецца арганізаваным ціскам.

Пункт трэці: у Беларусі нявінна асуджаныя такія людзі, як Анджэй Пачобут, Алесь Бяляцкі, якіх трэба вызваліць з турмы.

Вось умовы. І мы чакаем дзеянняў. І тады мы зможам абмеркаваць нашы ўзаемаадносіны», — цытуе словы чыноўніка «Польскае радыё».

Акрамя таго, Анджэй Шэйна, намеснік міністра замежных спраў РП, 22 ліпеня ў эфіры «Радыё Zet» падкрэсліў, што «Польшча выставіла канкрэтныя ўмовы ў дачыненні да Беларусі: калі яна хацела б нармалізаваць адносіны, то павінна пакласці канец гібрыдным нападам, выдаць Польшчы забойцу польскага салдата і вызваліць зняволеных палякаў».


Глядзіце таксама

Між тым, міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у праграме «Маркаў. Нічога асабістага» на беларускім тэлеканале АНТ на мінулым тыдні таксама выказаўся па шэрагу пытанняў беларуска-польскіх адносінаў. Ён прызнаў, што «Польшчы і Літве вельмі не падабалася палітыка ці не падабаецца палітыка нашага прэзідэнта і нашага ўрада».

Таксама беларускі міністр нечакана прызнаўся: «Я Польшчу трошкі ведаю і разумею. У мяне бабуля была Марыя Генрыхаўна, і мама была Браніслава Францаўна. Гэта польская частка майго генафонду. Таму, калі я скажу, што мая бабуля да апошніх дзён хадзіла ў Чырвоны касцёл і малілася на польскай мове, вы зразумееце, што я таксама разумею наогул, што такое польскі народ, польская нацыя, іх памкненні, унутраны менталітэт. Я вельмі добра памятаю і бабулю, і маму: яны былі чыстыя полькі з усімі характэрнымі справамі — працавітасцю, досыць рэзкай эмацыйнасцю, пры гэтым з вельмі жорсткім характарам. Вельмі яркія па сабе жанчыны. Гаворачы пра Польшчу, хацеў бы сказаць, што Польшча ніколі не будзе дзейнічаць на шкоду сваім інтарэсам».

Ці робяць на дадзеным этапе беларускі і польскі бакі нейкія крокі насустрач?

Спробы крыху разрадзіць абстаноўку гучаць з абодвух бакоў, але ўсё міма. Напрыклад, беларускі бок нават, была справа, запрашаў польскі паназіраць за вайсковымі вучэннямі. Варшава расцаніла гэта як правакацыю.

Напрыканцы траўня прэм'ер-міністр РП Дональд Туск, наведваючы польска-беларускую мяжу, не выключыў магчымасць аднаўлення працы памежнага пераходу «Баброўнікі». Мінск прапусціў гэта міма вушэй: гэты памежны пераход цікавіць людзей па абодва бакі мяжы, але не беларускія ўлады.

Нагадаю пра нядаўні візіт прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Кітай, падчас якога нібыта ішла гаворка пра тое, што Кітай паўплывае на беларускі бок, каб яна перастала садзейнічаць развіццю міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і Польшчы.

— Павел, як вы лічыце, якой можа быць роля Кітая ў вырашэнні беларуска-польскіх супярэчнасцей?

— Я думаю, што Кітай гуляе на баку Беларусі. Пекін разглядае Мінск як свайго хаўрусніка. Аляксандр Лукашэнка значна часцей сустракаецца са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, чым прэзідэнт Польшчы. Іх звязваюць сяброўскія адносіны, — гаворыць былы беларускі дыпламат Павел Мацукевіч. — Польшча — адзін з ключавых хаўруснікаў ЗША ў Еўропе. Не на карысць таго, каб Пекін стаў дапамагаць Варшаве.

Анджэй Шэйна, намеснік міністра замежных спраў РП, 22 ліпеня заявіў, што калі польскія ўмовы не будуць выкананыя, то «мы зможам спыніць перавозкі грузаў праз Беларусь». Пры гэтым ён дадаў: «Нам гэта таксама нявыгадна, але мы пачынаем даспяваць да гэтага, і ў Беларусі заўважаюць, што мы да гэтага ставімся сур'ёзна». А што б сказаў у дадзенай сітуацыі Кітай?


Глядзіце таксама

Кітай ужо сваё слова сказаў, калі заклікаў бакі да перамоваў на ўзаемапаважлівай аснове. Гэта прагучала практычна ва ўнісон з прапановай дыялогу з Мінска. Для Варшавы такі ўзаемапаважлівы дыялог азначае прызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі і марнасць усіх захадаў ціску, уключаючы ізаляцыю і плот на мяжы.

Пагроза перакрыцця кітайскага транзіту гучыць сур'ёзна, але яна выходзіць далёка па-за рамкі беларуска-польскіх адносінаў. Тут Варшава закранае інтарэсы Еўрапейскага Саюза і Кітая — гэта іх грузы. Рэалізацыя пагрозы прывядзе да ўскладненняў адносінаў Польшчы з імі.

Можна згадаць, што прыкладна гэтак жа тры гады таму Лукашэнка пагражаў Варшаве перакрыць расійскі транзіт газу, але не мог рэалізаваць сваю пагрозу, таму што гэта было шкодна буйнымі праблемамі з Крамлём.

Варта прывесці яшчэ адно выказванні Анджэя Шэйны. Ён прызнаў, што Беларусь з'яўляецца дзяржавай, якая цесна супрацоўнічае з Расіяй і варожа настроена ў дачыненні да Украіны, таму польскія «магчымасці дзеянняў супраць такой краіны абмежаваныя».

— Дарэчы, нядаўна ў Беларусі, на мяжы з Польшчай і Украінай, прайшлі беларуска-кітайскія вайсковыя вучэнні. Ці трэба польскаму боку баяцца гэтых манеўраў?

— Кітайскія вайскоўцы не першы раз удзельнічаюць у вайсковых вучэннях на тэрыторыі Беларусі. Я не думаю, што яны ўяўляюць нейкую пагрозу для Украіны ці для Польшчы. Хутчэй, тут ёсць пра што падумаць Расіі, таму што ў гэтых вучэннях можна пры жаданні ўбачыць кітайскую прэтэнзію на расійскую сферу ўплыву.