882-гі дзень вайны. Украіна гатовая да перамоваў, але ёсць нюанс

МЗС Кітая заявіў, што Кіеў гатовы весці перамовы з Масквой. Расійцы абстрэльваюць Харкаў. Распавядаем галоўнае, што адбылося падчас чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. 

Вайскоўцы УСУ. Anatolii Stepanov / AFP / Scanpix / LETA

Вайскоўцы УСУ. Anatolii Stepanov / AFP / Scanpix / LETA

Украінскі бок гатовы да дыялогу і перамоваў з расійскім бокам

Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба на сустрэчы з кітайскім міністрам замежных спраў Ванам І.

«Зразумела, перамовы павінны быць разумнымі і прадметнымі, накіраванымі на дасягненне справядлівага і трывалага міру», — прыводзіць МЗС Кітая словы Кулебы.

Па версіі МЗС Кітая, Кулеба заявіў, што ўкраінскі бок "уважліва вывучыў" мірны план, які ў маі 2024 года прадставілі Кітай і Бразілія.

Reuters піша, што перамовы Кулебы і Ван І працягваліся больш за тры гадзіны. «Даўжэй, чым планавалася. Гэта была вельмі глыбокая і канкрэтная размова», — распавёў агенцтву суразмоўца ва ўкраінскай дэлегацыі.

У прэс-рэлізе МЗС Украіны гаворыцца, што Дзмітрый Кулеба выказаў пазіцыю Кіева, якая заключаецца ў тым, што Украіна гатова весці перамовы з расійскім бокам «на пэўным этапе, калі Расія будзе гатова весці перамовы добрапрыстойна, але падкрэсліў, што зараз такой гатоўнасці з расійскага боку не назіраецца».

Глядзіце таксама

У Харкаве адзін чалавек загінуў пры абстрэле горада расійскімі войскамі

Па дадзеных мэра Харкава Ігара Церахава, адзін удар прыйшоўся ў прамысловую зону, другі — у раён прыватнага сектара. Папярэдне, па горадзе ўдарылі ракетамі С-300.

Акрамя таго, у выніку атакі дрона ў Маладанілаўскай абшчыне Харкаўскай вобласці загарэўся будынак стайні, пацярпелі двое мясцовых жыхароў.

Як стала вядома пазней, будынкам, які трапіў пад удар расійскіх войскаў у Харкаве, аказаўся офіс швейцарскага гуманітарнага фонду па размініраванні (FSD). У выніку траплення пашкоджаны сама меней шэсць аўтамабіляў, на якіх работнікі выязджалі на размініраванне палёў.

У другой палове дня Харкаў зноў быў абстраляны, пад удар паўторна патрапіў Халаднагорскі раён, пацярпелі шасцёра мірных жыхароў, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Мэр горада Ігар Церахаў паведаміў аб пятым "прылёце" за дзень і аб ракетным нападзе на інфраструктурны аб'ект.

Крыніца: telegram

У Ізмаіле Адэскай вобласці беспілотнікі атакавалі партовую інфраструктуру

Адзін з удараў прыпаў па пяціпавярховым жылым доме, пацярпелі тры чалавекі.

У выніку расійскага ўдара загінула жыхарка Херсона

У выніку начных абстрэлаў Херсонскай гарадской абшчыны расійскімі войскамі загінула адна мясцовая жыхарка, яшчэ двое атрымалі раненні сярэдняй ступені цяжкасці, паведаміў кіраўнік адміністрацыі Раман Мрачко.

Расійскія войскі атакавалі Украіну двума ракетамі і 23 беспілотнікамі

17 з іх былі збітыя, заявілі ва ўкраінскіх паветраных сілах. Большасць дронаў былі знішчаныя над Адэскай вобласцю.

Таксама збітыя восем разведвальных беспілотнікаў.

Румынія ў ноч на 24 ліпеня падняла ў неба два знішчальнікі F-16 у сувязі з атакай расійскіх беспілотнікаў на ўкраінскія парты на Дунаі

Самалёты вылецелі з авіябазы ў 2:19 ночы і вярнуліся каля 4:20 раніцы.

Акрамя таго, Мінабароны краіны вырашыла накіраваць групу для пошуку магчымых астаткаў дронаў, якія ўпалі на тэрыторыі Румыніі.