Сікорскі пра закрыццё беларускай мяжы: «Рэжым можа не пакінуць нам іншага выбару»
Магчымае закрыццё мяжы з Беларуссю — суверэннае права Польшчы. І хоць гэта спалучанае з нязручнасцямі для звычайных беларусаў і палякаў, беларускія ўлады могуць не пакінуць суседняй краіне іншага выбару, акрамя як пайсці на такі крок, адзначае «Люстэрка».
Пра гэта заявіў кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі ў эфіры RMF FM.
Радаслаў Сікорскі заявіў, што адносіны Польшчы з Беларуссю «кепскія з віны Беларусі» і гэта звязана ў тым ліку з міграцыйным крызісам на мяжы.
— Добры сусед так сябе не паводзіць. Беларусь павінная нешта зрабіць, каб палепшыць адносіны, — лічыць міністр.
Ён адзначыў, што апошнім часам сітуацыя з мігрантамі на мяжы стала менш напружанай. Паводле Сікорскага, ключавую ролю тут адыгралі кантакты Польшчы з уладамі Кітая, які перавозіць свае тавары праз польска-беларускую мяжу.
— Наколькі мне вядома, Пекін перадаў Беларусі свае асцярогі [з нагоды сітуацыі на мяжы], — сказаў міністр.
Сікорскі лічыць, што на паводзіны Лукашэнкі таксама паўплывала ўзмацненне кантролю на нешматлікіх па-ранейшаму дзейных пунктах пропуску на мяжы. Разам з тым пытанне пра поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю яшчэ не знятае з парадку дня — міністр назваў такі крок «суверэнным правам Польшчы».
— Большасць памежных пераходаў ужо закрытая, што прыносіць нязручнасці і нашым, і беларускім грамадзянам. Аднак [беларускі] рэжым можа не пакінуць нам іншага выбару, — заявіў кіраўнік польскага МЗС.
Ён не даў прамога адказу, ці можа поўнае закрыццё межаў прымусіць афіцыйны Мінск вызваліць палітвязня Андрэя Пачобута або выдаць забойцу польскага салдата Матэвуша Сітка, які загінуў у выніку сутыкнення на мяжы ў канцы траўня.
— Беларусь ведае, што трэба рабіць для паляпшэння адносін, і ведае, што для нас непрымальна, — сказаў Сікорскі.
Нагадаем, некалькі дзён таму польскія СМІ паведамілі са спасылкай на крыніцу ў дыпламатычных колах, што польскія і беларускія чыноўнікі вядуць перамовы пра вызваленне Андрэя Пачобута. Сярод аргументаў, якія можа выкарыстоўваць Польшча ў гэтых перамовах, — поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю.
Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Шэйна таксама заявіў, што суседняя краіна можа спыніць беларускія грузаперавозкі праз сваю мяжу, калі беларускія ўлады не выканаюць трох умоваў. Гэта спыненне патоку мігрантаў да беларуска-польскай мяжы, выдача забойцы польскага салдата і вызваленне зняволеных палякаў.
У канцы чэрвеня ў Кітай з афіцыйным візітам злётаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які паскардзіўся Сі Цзіньпіну на беларускія ўлады і на сітуацыю на мяжы.
Тым не менш міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што «шантаж з нагоды транзіту кітайскіх тавараў у Польшчы не атрымаўся».