Крывая міграцыйнага ціску пайшла на спад. Але ці надоўга?

Беларускія ўлады робяць выгляд, што не разумеюць прэтэнзій суседній краін адносна арганізацыі міграцыйнага крызісу на межах. Больш за тое, робяць выгляд, што ніякага крызісу няма. А між тым, пад пагрозай не толькі пасажырскія патокі, але і гразуперавозкі.

Ілюстрацыйная выява: svaboda.org

Ілюстрацыйная выява: svaboda.org

Пасля ўвядзення чарговага пакета санкцый ЕС супраць Беларусі Польшча ўзмацніла жорсткасць праверкі на аўтамабільных пунктах пропуску — у тым ліку абмежавала вываз шэрагу тавараў у суседнюю краіну. Варшава рыхтуецца да блакады чыгуначных зносін, нягледзячы на некаторае зніжэнне міграцыйнага ціску. Пры гэтым рэжым Лукашэнкі ігнаруе рэальныя праблемы і робіць выгляд, што змагаецца з нелегальнай міграцыяй, заклікаючы Захад да дыялогу.

Пасля ўльтыматума, агучанага Польшчай, рэжым знізіў узровень міграцыйнага ціску на мяжу. За пару дзён, якія прайшлі пасля прад’яўлення Варшавай пагрозы поўнасцю заблакаваць чыгуначныя грузавыя зносіны, было зарэгістравана каля 60 спроб парушэння мяжы, піша партал «Наше мнение». У сярэднім штодзень фіксавалася каля 20 злачынстваў такога кшталту. Частка мігрантаў працягвала паводзіць сябе агрэсіўна: у польскія патрулі ляцелі камяні. Тым не менш, Варшава прызнала: колькасць спроб незаконнага перасячэння мяжы скарацілася на 65%. Але МУС Польшчы звязвае гэтае скарачэнне хутчэй са стварэннем забароненай для наведвання зоны ля мяжы з Беларуссю.

Зрэшты, пасля двух тыдняў зацішша нелегальныя мігранты зноў з’явіліся на беларуска-літоўскай мяжы. 10 ліпеня памежнікі спынілі 15 спроб незаконнага перасячэння межаў з беларускага боку. Польскую мяжу ў гэты ж дзень спрабавалі перайсці больш за 40 чалавек.


Глядзіце таксама

Варшава працягвае настойваць, што зробіць усё магчымае для развязання праблемы. Паводле слоў намесніка міністра абароны Цэзарыя Томчыка, Польшча не мае намеру трываць працяг міграцыйнага крызісу. Каб знізіць ціск, Польшча ўзмацняе загароды і ахову мяжы. Акрамя таго, Мінску пасланы выразны сігнал, што сітуацыя «не можа доўжыцца вечна»: Варшава гатовая да любых рашэнняў, уключаючы блакаду грузавых зносін.

Так, услед за 33-гадзінным рэжымам надгляду грузаў, якія рухаюцца праз чыгуначны пункт пропуску «Малашэвічы», аналагічныя часовыя меры былі прыняты ў дачыненні да грузавога транспарту ў пункце пропуску «Казловічы». Гэта прывяло да практычна поўнага спынення руху. Справа ў тым, што новым санкцыйным пакетам прадугледжана і забарона на ўвоз у ЕС прычэпаў і паўпрычэпаў з беларускай рэгістрацыяй — у тым ліку, калі іх перамяшчае цягач з еўрапейскай рэгістрацыяй. Таксама ў пакеце ёсць абмежаванні на перавозкі для юрыдычных асоб ЕС, якія на 25% або больш належаць беларускай фізічнай або юрыдычнай асобе.

Польшча таксама абмежавала ўезд легкавых аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй. Праз мяжу прапускаюць машыны толькі ў выпадку прысутнасці ўладальніка. Гэта таксама звязана з новымі санкцыямі.

Раней, рэалізуючы санкцыі ЕС, уведзеныя рэгламентам 2024/1865 ад 29 чэрвеня 2024 года, польская мытня ўжо забараніла вываз шэрагу тавараў у Беларусь. Апроч прамысловага абсталявання, прадметаў раскошы і сыравіны, можна знайсці ў тым ліку тавары, запатрабаваныя ў простых людзей: смартфоны, сродкі аўдыё і відэазапісу, запчасткі, маніторы, праектары і інш.

Намеснік міністра абароны Польшчы выказаў упэўненасць: Пекін акажа ціск на рэжым Лукашэнкі, бо Кітай не хоча праблем на мяжы і мае намер «нейкім чынам дасягаць Еўропы».

Апошнімі тыднямі міністр замежных спраў Радослаў Сікорскі не раз выказваўся на карысць закрыцця мяжы, адзначаючы, што гэта павінна закрануць рух грузаў. Паводле даных польскага выдання «Rzeczpospolitа», 71,8% палякаў згодныя з неабходнасцю заблакаваць чыгуначныя пераходы, «супраць» выказаліся толькі 13,2%.


Глядзіце таксама

Пры гэтым пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры АБСЕ працягвае катэгарычна абвяргаць абвінавачванні ў інструменталізацыі міграцыі. Беларускі бок падкрэсліў, што суседнія краіны нібыта «ў аднабаковым парадку» спынілі супрацоўніцтва па памежных пытаннях. Паводле версіі Мінска, рост нелегальнай міграцыі ў 2021 годзе адбыўся праз аслабленне антыкавідных абмежаванняў. Але затым Беларусь прыняла меры і скараціла паток нелегальных мігрантаў да ўзроўню ніжэйшага, чым быў да 2020 года. Акрамя таго, беларускі бок заклікаў пачаць «нармальны дыялог» па міграцыі. Прапановы пра гэта нібыта былі адпраўлены Польшчы, Літве і Латвіі, але засталіся без адказу.

Такім чынам, беларускі рэжым працягвае рабіць выгляд, што не разумее прэтэнзій з боку краін Балтыі і Польшчы. Гэта сведчыць пра нежаданне Мінска згортваць гібрыдны міграцыйны ціск на краіны ЕС, які наўпрост каардынуецца беларускімі і расійскімі спецслужбамі.

У той жа час аналітык «Цэнтра новых ідэй»Генадзь Коршунаў адзначае, што з аднаго боку, апошнія 4 тыдні (гэта значыць амаль з сярэдзіны чэрвеня) міграцыйны ціск на суседнія краіны не перавышае планку ў 650 спроб парушыць межы на тыдзень, што ў 2-3 разы менш, чым было ў красавіку-траўні гэтага года. Гэта зусім не нулі на мяжы.

Да таго ж, тэндэнцыі ў дынаміцы колькасці спроб нелегальна трапіць у ЕС з тэрыторыі Беларусі перасталі выклікаць аптымізм. Пачатак ліпеня быў першым за апошнія 2 месяцы, калі ўстойлівы трэнд на зніжэнне нападаў на мяжы зламаўся. Калі ў першы тыдзень ліпеня такіх было крыху больш за 470, то пазней ужо больш за 570 — гэта рост на прыкладна 20%, што шмат.

І яшчэ. Канал «МотолькоПомоги» заўважыў, што ў 14 ліпеня ў Мінск з Бейрута прыбыў борт сірыйскай авіякампаніі «Cham Wings». Гэты рэйс адметны некалькімі рэчамі. Па-першае, гэта першы такі вылет са сталіцы Лівана ў Мінск. Па-другое, у 2021 годзе кампанія «Cham Wings» ужо праявіла сябе як транспартнік для нелегальных мігрантаў. Цікава, што раней гэты борт прылятаў у Беларусь роўна за тыдзень да таго з Дамаска (Сірыя) — 7 ліпеня.