Тэтрыс па-генеральску. Што зараз на мяжы з Украінай, куды нядаўна сцягвалі войскі?
Ох і любяць беларускія генералы гуляць у тэтрыс! Але гульня спакваля сыходзіць з моды — і замест фігураў дарослыя дзядзькі з вялікімі пагонамі забаўляюцца жаўнерамі. Перамясцілі на ўкраінскую мяжу, кулачком пагразілі — можна і назад, у казармы.
Што адбывалася на беларуска-ўкраінскай мяжы пад шыльдай праверкі боегатоўнасці? Як гэта паўплывала на абстаноўку на фронце? І ці наблізілася Беларусь да ўступлення ў вайну? Паспрабавалі адказаць на гэтыя пытанні.
Што было на мяжы да чэрвеня?
Да 2022-га 1084-кіламетровая ўкраінская мяжа была для найспакайнейшай для Беларусі, не ўлічваючы фактычна адсутную граніцу Расіяй. У сваёй ваеннай дактрыне Мінск не разглядаў Кіеў як патэнцыйнага праціўніка. Калі паўночна-заходні (Літва, Латвія) і заходні (Польшча, Літва) кірункі мелі адпаведныя камандаванні і злучэнні, што мусяць іх прыкрываць, то на паўднёвым кірунку буйных вайсковых частках Узброеных сілаў не існавала. Украінцы са свайго боку таксама не дужа дбалі пра Чарнігаўскі і Валынскі кірункі, чакаючы галоўных праблем ад іншага суседа.
Гэтая ідылія скончылася пасля 24 лютага. Ужо праз некалькі дзён беларускія генералы пачалі закрываць мяжу з Украінай найбольш баяздольнымі злучэннямі. Туды перакінулі батальённа-тактычныя (БТГ) групы Сілаў спецыяльных аперацый (103-я паветрана-дэсантная, 38-я дэсантна-штурмавая і 5-я спецыяльнага прызначэння брыгады), а таксама механізаваных (120-й, 11-й, 6-й і 11-й брыгад) і іншыя падраздзяленні. Знаходзячыся у некалькіх дзясятках кіламетраў ад мяжы, яны сталі заслонам для калегаў у зялёных берэтах.
Са знікненнем пагрозы ўдару ў адказ на ўварванне зменшылася і колькасць такіх падраздзяленняў. У чэрвені 2024-га ўкраінскую мяжу ўзмацнялі толькі БТГ 5-й (у ваколіцах Мазыра) і 103-й (аэрадром «Зябраўка» у Гомельскім раёне) брыгад агульнай колькасцю блізка 400-500 вайскоўцаў. Зябраўку ахоўвае і расійскі вайсковы кантынгент (каля 500-600 чалавек).
Пагаршэнне стасункаў з Украінай прымусіла лукашэнкаўскіх афіцэраў задумацца пра стварэнне Паўднёвага аператыўнага камандавання ў дадатак да Паўночна-заходняга і Заходняга. Пакуль што гэта ўвасобілася ў стварэнні 56-га зенітнага ракетнага палка ў Лунінцы (2023 год) і будаўніцтве ваенных гарадкоў.
У Кіеве пасля адыходу расійскіх войскаў з паўночнага кірунку ўвесну 2022-га неаднаразова падкрэслівалі: пагрозы з тэрыторыі Беларусі няма. Тым не менш да яе рыхтаваліся. Дзясяткі тысяч мін, сотні кіламетраў супрацьтанкавых рвоў, умацаванні, паваленыя дрэвы — Узброеныя сілы Украіны (УСУ) зрабілі беларускую мяжу непраходнай для патэнцыйнага праціўніка.
За абарону гэтай зоны адказвае аператыўнае камандаванне «Поўнач» УСУ, колькасць вайскоўцаў у якім Кіеў, вядома, не разгалошвае. У Мінску ж яе неаднаразова ацэньвалі ў 110-120 тысяч чалавек, у тым ліку каля 15-17 тысяч непасрэдна ля беларускай мяжы.
Чэрвеньская эскалацыя: а ці быў хлопчык?
Напярэдадні гульні ў тэтрыс у Мінску ў чарговы раз вырашылі пазабавіцца казкамі. Дзяржаўны памежны камітэт (ДПК) 20 чэрвеня заявіў пра нарошчванне сілаў з украінскага боку мяжы і анансаваў жорсткую рэакцыю на патэнцыйныя правакацыі.
Гуляць салдацікамі пачалі на наступны дзень: 21 чэрвеня Міністэрства абароны (МА) абвясціла пра «раптоўную» праверку боегатоўнасці ва Узброеных сілах. Паведамлялася, што ўдзел у ёй возьмуць падраздзяленні аператыўных камандаванняў, ССА, а таксама ракетных войскаў і артылерыі, ваенна-паветраных сілаў (ВПС) і супрацьпаветранай абароны (СПА). Галоўнай разынкай стала геаграфія манеўраў: правесці іх вырашылі ў Брэсцкай і Гомельскай вобласці — чытайце, на ўкраінскім памежжы. І гэта на наступны дзень пасля рэзананснай заявы ДПК. Анягож новая эскалацыя?
Аднак слова «раптоўную» нездарма апынулася ў двукоссі. Мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі ў беларускім войску, як і непрыемныя дні ў дзяўчат, цыклічныя. Першая палова вучэбнага года пачынаецца 1 снежня, другая — 1 чэрвеня. А на другі-трэці тыдзень паўгоддзя адбываюцца праверкі. Так, 12 снежня 2023 пачалася нібыта раптоўная праверка боегатоўнасці танкавага батальёна 6-й механізаванай брыгады (Гародня), а 15-га паднялі часткі ВПС і СПА.
Безумоўна, раптоўнасць такіх праверак даволі ўмоўная. Камандзіры падраздзяленняў, якія мусяць ў іх удзельнічаць, калі і не ведаюць пра гэта загадзя, то, прынамсі, папярэджаныя, што сакрэтная капэрта можа прыйсці па іх душу. Ці магло так адбыцца гэтым разам?
«Сапраўды, у большасці выпадкаў правядзенне мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі мае цыклічны і планавы характар, — паведамілі карэспандэнту «Новага часу» ў праекце «Беларускі гаюн», які адсочвае вайсковую актыўнасць на тэрыторыі Беларусі. — Бываюць выпадкі, калі пра мерапрыемствы, якія пазіцыянуюцца як «раптоўныя», вайскоўцы ведаюць загадзя (напрыклад, мабілізацыйнае разгортванне 11-й механізаванай брыгады ў 2023 годзе).
"Праверку", якая праводзілася з 21 чэрвеня да 13 ліпеня 2024 года нельга назваць "планавай". У тым сэнсе, што яна была загадзя ўключаная ў планы баявой падрыхтоўкі на навучальны год. Бо пры зацвярджэнні планаў наўрад ці нехта ведаў, што ў чэрвені будзе "абвастрэнне" на мяжы. Пры гэтым яе правядзенне (прынамсі, інфармацыйнае асвятленне) рыхтавалася загадзя. Пра гэта сведчыць скаардынаванае асвятленне "абвастрэння" сітуацыі на мяжы МА і ДПК», — упэўненыя ў «Беларускім Гаюне».
Аднак на фоне заявы ДПК «праверка» боегатоўнасці ў памежных раёнах выклікала справядлівую трывогу. Ці супадзенне, што абралі менавіта ўкраінскі кірунак? Тут варта адзначыць, што вучэнні з выхадам у раён прызначэння ў першы месяц вучэбнага паўгоддзя звычайна ахопліваюць толькі некалькі падраздзяленняў Узброеных сілаў. Масавымі яны становяцца бліжэй сканчэння шасцімесячнага цыклу. Паколькі цяпер Украіна ў дактрыне лукашыстаў — патэнцыйны праціўнік, калісьці манеўры мусілі закрануць і гэты кірунак. Усё ж такі вучыцца дзейнічаць у новым для сябе раёне, прапрацоўваць шляхі зносінаў, наладжваць узаемадзеянне з мясцовымі службамі на вайне будзе позна.
Пры бессумнеўнай неабходнасці такіх вучэнняў для мінскіх чыноў у вялікіх пагонах не варта забывацца і на іншы бок медаля. Праверка адбылася ў час, калі «другая армія свету» відавочна забуксавала на Харкаўшчыне. Пуцінскія генералы, імаверна, былі не супраць, каб украінскія рэзервы з пакуль што мірнага паўночнага кірунку так і заставаліся там, адчуваючы пагрозу з Беларусі. У дадатак такія дзеянні мелі перспектыву справакаваць новую хвалю напружанасці ва Украіне. Магчыма, Масква разлічвала менавіта на гэта?
«Так, сапраўды. У якасці адной з матывацый пачатку “праверкі” была ў тым ліку адсутнасць поспеху ў расійскага наступлення на Харкаўшчыне, — нагадалі ў «Гаюне». — Акрамя гэтага, “праверка” добра ўпісвалася і ў святкаванне Дня незалежнасці 3 ліпеня. Лукашэнка жадаў паказаць насельніцтву «перамогу ў невялічкай вайне на мяжы». Адначасова ў праекце падкрэслілі, што не адсочваюць вайсковую актыўнасць на тэрыторыі Украіны, таму не могуць сказаць, ці ўдалося Мінску і Маскве дасягнуць сваёй мэты.
Паводле « Гаюна», у праверцы агулам задзейнічалі каля 500-700 вайскоўцаў. Назваць больш дакладную колькасць цяжка, бо нельга выявіць кожнага жаўнера ці афіцэра, які наўпрост ці ўскосна мог удзельнічаць у гэтых манёўрах. «ֿГаюну» вядома пра ўдзел у праверцы наступных падраздзяленняў:
- аднаго з зенітных ракетных дывізіёнаў 15-й зенітнай ракетнай брыгады (ЗРК С-300ПС, Фаніпаль);
- рэактыўнай артылерыйскай батарэі 51-й артылерыйскай брыгады (РСЗВ «Град», Асіповічы) .
- 77-га асобнага рэактыўнага артылерыйскіа дывізіёна 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады (РСЗВ «Паланэз», Асіповічы);
- аднаго з батальёнаў 103-й паветрана-дэсантнай брыгады (Віцебск);
- падраздзяленняў 5-й брыгады спецыяльнага прызначэння (Марьіна Горка);
- авіяцыі: армейскай (50-я змяшаная авіябаза) і знішчальнаяй(61-я знішчальная авіябаза); у той жа час, напрыклад, МА РБ заяўляла пра авіяцыйную актыўнасць у межах «праверкі», хаця насамрэч гаворка ішла пра рэпетыцыю параду 3 ліпеня;
- іншых.
Пры гэтым варта адзначыць, што некаторыя з пералічаных частак знаходзіліся ва ўкраінскім памежжы і да пачатку праверкі.
«Сапраўды, падраздзяленні ССА з сакавіка 2023 года на ратацыйнай аснове знаходзяцца ў рэгіёнах, што мяжуюць з Украінай, — пагадзіліся з гэтым сцвярджэннем у «Гаюне». — Апошнім часам ля мяжы па чарзе разгортваліся па адным батальёне ад 38-й дэсанта штурмавой альбо 103-й паветрана-дэсантнай брыгад. Таксама у гэтым раёне дыслакуюцца падраздзяленні 5-й брыгады спецыяльнага прызначэння. Аднак гэтым разам да мяжы дадаткова перакінулі артылерыйскія падраздзяленні, СПА і інш. Таму нельга сказаць, што іншыя войскі туды не перамяшчаліся».
Але нават калі Мінск і Масква жадалі паўплываць на абстаноўку ў зоне «Поўнач», — напалохаць украінцаў такімі манёўрамі наўрад ці атрымалася. Як мы ўжо згадвалі, Кіеў засяродзіў на гэтым кірунку больш за 110 тысяч вайскоўцаў (ледзьве не ў два разы больш за ўсю беларускую армію). То-бок для наступу з адваротнага боку патрэбныя мінімум 220 тысяч, калі атакаваць марудна. У ідэале ваенныя статуты прадугледжваюць суадносіны, прынамсі, 3 да 1 (атака — абарона). Улічыце, што ўкраінцы добра ўмацавалі свае пазіцыі, замінавалі ці зруйнавалі шляхі зносінаў — і гэта на багністым Палессі! Казаць пра нейкую значную пагрозу не даводзіцца.
Што адбываецца на мяжы цяпер?
У «Беларускім Гаюне» нагадалі, што ў заяве ад 13 ліпеня Лукашэнка анансаваў убыццё з памежных раёнаў усіх падраздзяленняў, акрамя ССА.
«Таксама на пачатку ліпеня мы фіксавалі чарговую ратацыю падраздзяленняў ССА. Імаверна, на змену батальёну 103-й да мяжы перакінулі батальён 38-й дэсантна-штурмавой брыгады. Адпаведна, на мяжы знаходзяцца тыя сілы, якія былі да пачатку “праверкі”», — канстатуюць у праекце.
Паводле зводак Генеральнага штаба УСУ, на памежных з Беларуссю — Валынскім і Палескім кірунках — няма прыкметаў фармавання беларускіх ці расійскіх наступальных груповак. Побач жа, на мяжы Расіі з Чарнігаўскай і Сумской абласцямі, расіяне абстрэльваюць украінскія населеныя пункты і вядуць дыверсійную дзейнасць.
Праўда, 13 ліпеня кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў выклікаў трывогу словамі пра магчымую атаку з поўначы: «Праблемы ёсць, яны маюць тэндэнцыю да абвастрэння». Аднак ужо праз два дні прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі растлумачыў, што ягонага генерала няправільна зразумелі, а паспяховыя дзеянні УСУ на Харкашчыўне не дазваляюць расіянам стварыць новую ўдарную групоўку.
«Прыкметаў з’яўлення новай ударнай групоўкі на тэрыторыі Беларусі няма, — упэўненыя ў «Беларускім гаюне». — І агулам, з 2022 года яе стварэнне не назіраецца. З улікам тэхнічных магчымасцяў (даныя спадарожнікавых здымкаў і інш.) стварэнне новай ударнай групоўкі на тэрыторыі Беларусі не зможа застацца незаўважаным».
Вядома, падраздзяленні ў Беларусі могуць стаць толькі часткай ударнай групоўкі расіян на Сумскім, Чарнігаўскім і Валынскім кірунках. Але нават для гэтага маскоўскім генералам давядзецца перакінуць на Гомельшчыну і Брэстчыну тысячы жаўнераў, дзясяткі эшалонаў з тэхнікай, на што пры самай сціплай іх колькасці спатрэбіцца мінімум тыдзень. І гэта ў час актыўнай фазы вайны, калі перамяшчэнні нават найменшых вайсковых падраздзяленняў адсочваюцца спецыялістамі маніторагавых груп.
Уключаць свае тэтрысы на ўсю моц дзядзькі ў вялікіх пагонах з Камуністычнай вуліцы пакуль не плануюць — у гэты час простыя беларусы могуць выдыхнуць і паспаць спакойна. Але будзьце пільнымі і заўсёды сачыце за сваімі будзільнікамі!