Напружанне на мяжы так рэзка знікла, што гэта стала сюрпрызам нават для генералаў?
Пакуль беларускім генералам не сказалі, што напружанне знятае, тыя былі наогул не ў курсе, што яны ўсе напады ўжо адбілі, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Колькі дзён прайшло, а я ўсё роўна не разумею пра раптоўнае зняцце напружання на паўднёвых рубяжах. Ну гэта значыць, што самі сябе напружылі, а потым самі сабе напружанне знялі, — гэта мне якраз зразумела. З тым, адкуль узялося напружанне, ніякіх загадак не было. Мне незразумела, чаму гэта напружанне кудысьці так рэзка падзелася.
Але добра, я не разумею... Хто я такі, каб мне тлумачыць? Аднак для тэлевізара раптоўнае зняцце напружання таксама было вялікім сюрпрызам. Тэлевізару прыйшлося так рэзка мяняць свой эзатэрычны дыскурс, што яго да гэтага часу заносіць на паваротах.
Гэта значыць, тэлевізар таксама загадзя не папярэджвалі. Тэлевізару нават не намякнулі. І я табе больш скажу. У мяне ёсць адчуванне, што тэлевізару ніхто дагэтуль нічога так і не патлумачыў. Вось адкуль рыхтаваўся напад — патлумачылі, а куды дзелася напружанне — не тлумачылі.
Але, зноў жа, тэлевізар ніхто папярэджваць загадзя не абавязаны. Аднак жа генералаў сваіх мог бы і папярэдзіць! А для беларускіх генералаў зняцце напружання на паўднёвых рубяжах было такім жа раптоўным, як і для тэлевізара. Пакуль ім не сказалі, што напружанне знятае, генералы былі наогул не ў курсе, што яны ўсё ўжо адбілі.
Вось глядзі, пасля таго, як сёй-той адправіў войскі з паўднёвых межаў па месцах пастаяннай дыслакацыі, генерал Церцель далажыў, што «дзесьці 3-4 дня (ліпеня) нашай знешняй выведкай зафіксаваны адвод гэтых падраздзяленняў з прыгранічных з Рэспублікай Беларусь раёнаў. Яны вярнуліся ў месцы пастаяннай дыслакацыі». А генерал Хрэнін сказаў, што ўкраінскія войскі адвялі разам з сабой і ўсё цяжкае заходняе ўзбраенне.
Гэта значыць, версія такая. Сёй-той 2 ліпеня выступіў і патлумачыў, адкуль на яго зноў рыхтуецца напад. УСУ пачулі, спалохаліся — і 3 ліпеня пачалі адводзіць войскі з такой хуткасцю, што да 4 ліпеня ўсіх адвялі. Быццам бы ўсё лагічна. Асабліва калі правільна адлюстраваць у тэлевізары. Але ёсць нюанс.
Намеснік начальніка Генеральнага штаба генерал Купрыянюк, выступаючы на брыфінгу 5 ліпеня, ніякага адводу ўкраінскіх войскаў яшчэ не заўважыў. А заўважыў, наадварот, 115 тысяч украінскіх вайскоўцаў разам з танкамі і дыверсантамі каля беларускай мяжы.
І 8 ліпеня, не генерал, праўда, а зенітны палкоўнік Косцеж, адводу ўкраінскіх войскаў таксама не ўбачыў. А ўбачыў, што «ў нас на паўднёвых рубяжах абстаноўка неспакойная, напружаная».
Гэта значыць, пазл не складваецца. І сутнасць не ў тым, хто з генералаў і калі схлусіў. Хлусяць жа яны ўсе і заўсёды. А сутнасць у тым, што для генералаў зняцце напружанне было такім раптоўным, што генералы не змаглі на хаду прыдумаць несупярэчлівую версію. У іх нават не было часу паміж сабой дамовіцца аб тым, калі канкрэтна здарылася зняцце напружання.
І я хачу табе сказаць, што ў гісторыю пра раптоўнае зняцце напружання гэта дадае новыя фарбы. Якія канкрэтна фарбы, я табе цяпер не скажу. Таму што сам не магу разабраць. Але нейкія дакладна дадае. Таму што сваіх генералаў пра такія рэчы прынята ўсё ж такі папярэджваць загадзя. І калі генералаў ніхто загадзя не папярэдзіў, то гэта значыць, што камусьці не хапіла альбо часу, альбо даверу да сваіх генералаў.
І, дарэчы, хачу нагадаць табе пра сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.