Дээскалацыя на мяжы з Украінай, гатоўнасць да дыялогу з Польшчай. Куды хіліцца рэжым Лукашэнкі?
Рэжым Лукашэнкі працягвае дасылаць Захаду сігналы аб гатоўнасці «памірыцца», але робіць гэта з такой пыхлівай нязграбнасцю, што, здаецца, і сам не верыць у пацяпленне адносін.
Колькасць палітычных рэверансаў афіцыйнага Мінска ў бок дэмакратычных краін павялічваецца з рэактыўнай хуткасцю. На пачатку ліпеня Лукашэнка раптам вызваліў пару дзясяткаў палітвязняў. У тыя ж дні спакайней стала на мяжы Беларусі з ЕС — мігранты не зніклі, то іх стала істотна менш.
Здавалася, тут усё зразумела: польскі прэзідэнт Анджэй Дуда адправіўся ў Пекін, лукашэнкаўцы спужаліся імавернага закрыцця мяжы для кітайскага транзіту, адбылася тактычная дээскалацыя.
Але на гэтым не скончылася. Беларускі рэжым зрабіў яшчэ некалькі крокаў і заяў, спарадзіўшы падазрэнні, што гне ён не тактычную, а нават стратэгічную лінію. Накіраваную на сістэмнае паляпшэнне адносін з тым самым ненавісным «калектыўным Захадам».
Вельмі паказальнай у гэтым сэнсе была субота. Выходны дзень, спёка, кепскі прагноз надвор’я на вечар… Старому чалавеку ў такіх умовах добра адседжвацца недзе ў цянёчку, не марнаваць сілы, бо здароўе ж ужо не тое. Але 70-гадовы Лукашэнка раптам рвануў на самы поўдзень, да мяжы з Украінай, каб з удзелам усіх сваіх вышэйшых сілавікоў разыграць піяраўскі спектакль.
Сюжэт спектакля быў просты. «Ненахіляемы» кіраўнік Беларусі заявіў, што з боку Украіны больш няма аніякіх пагроз. Учора, маўляў, былі, але потым мы дамовіліся, і цяпер адводзім войскі. Усё добра, можна выдыхаць, бачыце, якія мы дамоваздольныя.
Што пагроз з украінскага боку і не было, гэтыя цудоўныя людзі ў пагонах нічога не сказалі. Але гэта якраз не здзіўляе: хіба ўпершыню беларускія ўлады прыдумляюць сабе міфічных ворагаў? Адна гісторыя пра «чатыры пазіцыі» чаго вартая. Магчыма, менавіта праз нягегласць усёй гэтай казкі пра «канцэнтрацыю УСУ» на мяжы з Беларуссю Кіеў на лукашэнкаўскі спектакль ніяк асабліва не адрэагаваў.
Але сам факт: раптоўны «марш-кідок» «галоўнакамандуючага» з генераламі на паўднёвыя рубяжы, важнае варушэнне вусамі ў выходны дзень, аналіз «аператыўнай абстаноўкі» наўпрост на месцы… Гэта не толькі карцінка для вокладкі «Савецкай Беларусіі», але, як выглядае, і спроба разрадкі сітуацыі на ўкраінскім кірунку. Аформленая, зразумела, у лепшых традыцыях рэжымных дэкаратараў. Гэта калі саступкі робяцца пад выглядам «жэсту добрай волі».
Потым прыйшоў панядзелак, і дзяржаўныя медыя пачалі цытаваць іншага «дабравольца» — свежапрызначанага міністра замежных спраў Рыжанкова.
Той заявіў пра гатоўнасць беларускіх уладаў да дыялогу з Польшчай, але, бачыш ты, Варшава да гэтага неяк не вельмі схільная. Хаця ніякіх мігрантаў на мяжы няма, гэта ўсё фэйкі. А Польшча сама нагнятае напружанасць на мяжы.
«Нядаўна кіраўнік нашай дзяржавы прапанаваў польскаму боку (і гэтая пазіцыя была даведзеная да часовага паверанага ў справах Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь): мы гатовыя прыняць любую польскую дэлегацыю, любых польскіх экспертаў, спецыялістаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва для таго, каб разам паглядзець сітуацыю на мяжы», — сказаў Рыжанкоў.
І дадаў: мяч цяпер на польскім баку. І зрабіў, мусіць, такія нявінныя вочы, што хоць заўтра вылучай на Нобелеўскую прэмію міру.
Гэтую заяву лукашэнкаўскага функцыянера можна спасцігнуць хіба што ў логіцы ружовых поні. Ну, канешне, гэта ж мігранты самі цягам трох гадоў і колькасцю ў дзясяткі тысяч штурмуюць мяжу. Гэта яны вымусілі палякаў (і літоўцаў з латвійцамі) пабудаваць за шмат мільёнаў еўра загароды ўздоўж мяжы. А міралюбны Аляксандр Рыгоравіч нічога не казаў пра магчымасць прымянення ядзернай зброі і «экскурсіі» вагнерўцаў у Жэшуў. І могілкі польскіх жаўнераў па ўсёй Беларусі самі сябе зруйнавалі, і польскія школы самі сябе закрылі. І салдата на мяжы ніхто не забіваў. І пра захоп Сувалкскага калідора ніхто не казаў. Дый увогуле ніхто не падтрымліваў расійскую агрэсію ва Украіне — самы буйны і крывавы ваенны канфлікт у Еўропе з часоў Другой сусветнай.
Не, нічога гэтага не было. Беларусь — самая мірная краіна, мы гатовыя да дыялогу. Але на нашых умовах. І мяч не на нашым баку.
Простай логікі дастаткова, каб зразумець, што ніякі дыялог у агучаным фармаце зараз немагчымы. Той жа міграцыйны крызіс у 2021 годзе быў нашмат вастрэйшы, але нават тады Польшча і краіны Балтыі не пачалі размаўляць з таксічным Лукашэнкам. Яны вырашылі праблему ў аднабаковым парадку. І цяпер робяць тое ж самае, апелюючы да Пекіна.
Выглядае, што словы Рыжанкова з пыхлівай мовы на звычайную можна перакласці прыблізна так: Мінск не гатовы, а вельмі хоча дыялогу з заходнімі краінамі. Яму карціць гэтага, бо нешта ў знешняй палітыцы моцна муляе.
Што канкрэтна, сказаць цяжка, хутчэй за ўсё цэлая сукупнасць фактараў. Тут і праблема кітайскага транзіту — усё ж польскі палітыкум намацаў балючае месца лукашэнкаўскага рэжыму. Тут, мабыць, і бягучая сітуацыя ў стасунках з РФ — прэферэнцый на расійскім рынку ўсё менш, пра спонсарскія крэдыты даўно нічога не чуваць, а інтэграцыя ў межах Саюзнай дзяржавы прымае ўсё больш некамфортныя формы. Пуцін вунь нядаўна заявіў, што ўвядзенне адзінай валюты — проста пытанне часу.
Тут і вайна: не падобна, што Масква яе выйграе, а эканамісты кажуць, што рэсурсаў на «спецыяльную аперацыю» ў Крамля засталося не так шмат. Не сёння, дык заўтра бакі пачнуць перамовы, і хто ведае, які лёс там чакае марыянетачнага беларускага хаўруснічка. Непрадказальнасць у палітыцы — катэгорыя трывожная.
Тут і так званыя выбары 2025 года. Вядома, унутры краіны ніякай турбулентнасці чакаць не варта — уся турбулентнасць даўно закатаная ў асфальт. Але падыходзіць да электаральнай кампаніі ў сітуацыі магутнай канфрантацыі з Захадам не хочацца. Хочацца іншага — аднаўлення легітымнасці і хаця б якой «шматвектарнасці». У ідэале — паслаблення санкцый. Тым больш час ідзе, і Лукашэнку ўсё часцей даводзіцца казаць пра немінучую змену пакаленняў унутры створанай ім сістэмы.
Карацей, усё не вельмі добра ў лукашэнкаўскай стабільнасці, нягледзячы на яе 30-гадовую вытрымку. Пакуль рэжым пачувае сябе больш-менш устойлівым, сігналы Захаду ён дасылае з традыцыйнай для сябе пыхай: мы гатовы, а вы вырашайце. Такая стратэгія плёну, канешне, не дасць. Але калі суседнія краіны ЕС (і Украіна таксама) захаваюць цвёрдасць у дачыненні да правінцыйнага беларускага дыктатара, то яго паводзіны могуць памяняцца. І мы ўбачым, як «ненахіляемая» палітыка становіцца вельмі «гнуткай».