«Кадравы дзень» Лукашэнкі. Чаму ён звольніў Алейніка і прызначыў Рыжанкова?
Чацвер у Лукашэнкі раптам стаў вялікім «кадравым днём». Прычым, магчыма, найбольш цікавым яго вынікам стала нават не запаўненне пустуючага крэсла кіраўніка лукашэнкаўскай адміністрацыі, а замена міністра замежных спраў.
![Фота "Люстэрка" Фота "Люстэрка"](/img/v1/images/mid_belarusi_01.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота "Люстэрка"
Лукашэнка звольніў з пасады кіраўніка МЗС Сяргея Алейніка, той пратрымаўся на чале знезнепалітычнага ведамства ўсяго паўтара года. Цяпер яго заменіць Максім Рыжанкоў.
Дзмітрый Круты рашэннем дыктатара пераведзены з пасады амбасадара ў Расіі на месца кіраўніка той самай адміністрацыі (пасада пуставала некалькі месяцаў пасля сыходу ў так званы парламент Ігара Сергеенкі).
Трэцяе з важных сённяшніх прызначэнняў — у лукашэнкаўскую наменклатуру пасля дзесяцігадовага перапынку вяртаецца Наталля Пяткевіч. Апошнім часам яна нібыта жыла ў ЗША, цяпер стала першай намесніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. Гэта пасаду яна займала 15 гадоў таму і запомнілася моцным уплывам на ўнутрыпалітычныя прыцэсы.
Адстаўка Алейніка, бадай, галоўная кадравая падзея ў Беларусі 27 чэрвеня. Чаму Лукашэнка адправіў колішняга міністра праседжваць порткі ў бессэнсоўны Савет Рэспублікі?
— Сяргей Алейнік на пасадзе кіраўніка МЗС не запомніўся ніякім канкрэтным дзеяннем або выказваннем. Але гэта хутчэй у плюс яму. У цяперашняй сітуацыі на такой пасадзе складана не вывальвацца да вушэй у гразі. А яму, падобна, удалося, — адзначыў у каментары «Салідарнасці» былы беларускі дыпламат Павел Слюнькін.
У той жа час эксперт канстатуе поўную адсутнасць у Алейніка поспехаў на заходнім напрамку. Паводле інфармацыі выдання, менавіта гэта і стала галоўнай прычынай адстаўкі.
Глядзіце таксама
![Фэйк ад прапаганды пра Вячорку і Алейніка Прапагандысты дамалявалі галаву Вячоркі сербскаму міністру, але селі ў лужыну (фотафакт)](/img/v1/images/alejnik2.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Аднак незразумела, як на вырашэнне гэтай праблемы можа паўплываць прызначэнне Максіма Рыжанкова міністрам замежных спраў, які працаваў у сістэме МЗС з 1994 па 2006 гады. Пікантная дэталь: адзін час яго непасрэдным начальнікам быў Павел Латушка. Іх шляхі перасякаліся ў амбасадзе Беларусі ў Польшчы. Акрамя таго, Рыжанкоў жанаты на былой жонцы Латушкі.
Рыжанкоў унесены ў санкцыйныя спісы Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і шэрагу іншых краін, што відавочна не палягчае задачу камунікацыі з Захадам. Хоць не выключана, што з нагоды прызначэння кіраўніком дыпламатычнага ведамства санкцыі ў дачыненні да яго прыпыняць.
— Рыжанкова
прызначылі навесці парадак перад прэзідэнцкімі «выбарамі», — мяркуе
Павел Слюнькін. — Гэта чалавек звонку, але ён ведае дыпламатыю.
Жорсткі, са шлейфам прэтэнзій да МЗС. Ён нам запомніцца больш, чым Алейнік — у
гэтым я ўпэўнены.