Ці будзе ў Беларусі кітайская вайсковая база?
Лукашэнка ўгаварыў Сі Цзіньпіна на сумесныя вайсковыя вучэнні, якімі цяпер казырае перад міжнароднай супольнасцю. А ці пойдзе Кітай далей за гэтыя вучэнні?
Сумесныя вайсковыя вучэнні двух саюзнікаў Расіі не выклікаюць асаблівай трывогі ў суседзяў Беларусі, але сталі аб'ектам павышанай увагі да рэгіёна.
З 8 па 19 ліпеня Узброеныя сілы Беларусі і Народна-вызваленчая армія Кітая праводзяць сумесныя вайсковыя вучэнні ў непасрэднай блізкасці ад Брэста ля беларуска-польскай мяжы. Да сталіцы Польшчы прыкладна 210 км, а адлегласць да мяжы з Украінай — прыкладна 65 км.
Вучэнні «Eagle Assault» («Атака арла») названыя «антытэрарыстычнымі». У тэлеграм-канале Міністэрства абароны паведамляецца, што падчас гэтых вучэнняў «вайскоўцы абедзвюх краін адпрацуюць пытанні начнога дэсантавання, пераадолення водных перашкод, вядзення дзеянняў у населеным пункце» і што вайскоўцы абодвух бакоў будуць «дзейнічаць як сумеснае падраздзяленне».
Кітайскае вайсковае ведамства заявіла, што вучэнні будуць уключаць «аперацыі па вызваленні закладнікаў і контртэрарыстычныя місіі». І што «мэта вучэнняў — павысіць узровень падрыхтоўкі і каардынацыйныя магчымасці войскаў, якія ўдзельнічаюць, а таксама паглыбіць практычнае супрацоўніцтва паміж войскамі дзвюх краін».
Сумесныя вучэнні найбліжэйшых саюзнікаў Крамля стартавалі праз некалькі дзён пасля таго, як Беларусь афіцыйна далучылася да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і напярэдадні юбілейнага саміту NATO, які праходзіць у Вашынгтоне, піша «Голас Амерыкі».
У сваю чаргу, як заявіў у сераду, 10 ліпеня, начальнік штаба польскага войска генерал Веслаў Кукула, Польшчы неабходна падрыхтаваць свае войскі, зыходзячы з наяўнасці пагрозы поўнамаштабнага канфлікту праз павелічэнне колькасці войскаў на мяжы з Беларуссю.
«Сёння мы павінны падрыхтаваць нашы сілы да поўнамаштабнага канфлікту, а не да канфлікту асіметрычнага тыпу, — заявіў ён, выступаючы на прэс-канферэнцыі. — Мы павінны знайсці добры баланс паміж памежнай місіяй і падтрыманнем інтэнсіўнасці навучання ў войску».
Выступаючы на тым жа мерапрыемстве, намеснік міністра абароны Польшчы Павел Бейда заявіў, што са жніўня колькасць войскаў, якія ахоўваюць усходнюю мяжу Польшчы, будзе павялічана да 8000 чалавек з цяперашніх 6000, а дадатковы ар'ергард колькасцю 9000 чалавек можа быць задзейнічаны на працягу 48 гадзін.
У траўні Польшча абвясціла пра дэталі праграмы «Усходні шчыт» коштам 10 каля мільярдаў злотых (2,5 мільярда долараў), накіраванай на ўмацаванне абарончых збудаванняў на мяжы з Беларуссю і Расіяй, якую яна плануе завяршыць да 2028 года.
Мяжа Польшчы з Беларуссю стала агменем напружанасці з таго часу, як у 2021 годзе туды пачалі сцякацца мігранты. Гэта адбылося пасля таго, як Беларусь адкрыла турыстычныя агенцтвы на Блізкім Усходзе — яны прапануюць новы неафіцыйны маршрут у Еўропу. Гэты крок, як падкрэслівае ЕС, быў ажыццёўлены з мэтай справакаваць крызіс.
«Для Беларусі гэта запасны варыянт, як не быць цалкам залежнай ад Крамля»
Былы супрацоўнік Службы бяспекі Украіны, ваенны эксперт Іван Ступак мяркуе, што першапрычынай кітайска-беларускіх вайсковых вучэнняў магла быць асабістая просьба Аляксандра Лукашэнкі да Сі Цзіньпіна «патрэніраваць яго войскі». Армія Лукашэнкі — стэрыльная ў баявых адносінах. «Апошні раз, калі беларускія войскі прымалі нейкі ўдзел у баявых дзеяннях, была афганская авантура, ды і тое з нацяжкай. А па-сапраўднаму апошнімі баявымі дзеяннямі, у якіх прымалі ўдзелу беларусы, была Другая Сусветная вайна», — нагадаў ён у каментары для «Голасу Амерыкі».
На думку Івана Ступака, самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі адчувае комплекс непаўнавартаснасці, калі параўноўвае войска сваёй краіны з Узброенымі сіламі Кітая, Расіі і Украіны. Менавіта імкненнем павысіць узровень баявой падрыхтоўкі беларускай арміі было прадыктавана жаданне Лукашэнкі запрасіць у Беларусь удзельнікаў ПВК «Вагнер», лічыць украінскі эксперт.
«Але і гэта не склалася — там заставалася толькі дзве тысячы "вагнераўцаў", а цяпер наогул невядома колькі. І ён бачыць, што Польшча на 15 млрд. еўра размясціла ўзбраенняў, украінскае войска вельмі моцна "паднатасканае", расійскае войска — таксама. А яго армія адзіная, якая застаецца ненавучанай. Паглядзіце на трэніроўкі беларускага спецназа. Што яны робяць? Разбіваюць галавой цэглу, скачуць праз падпаленыя кольцы, як у "Cirque du Soleil", трымаюць парту зубамі, нібы гаворачы: "Хто з партай да нас прыйдзе, ад парты і загіне". Але гэта ўсё несур'ёзна, гэта і 15 гадоў таму было смешна», — дае экспертную ацэнку былы супрацоўнік СБУ.
Іван Ступак таксама дапускае, што Лукашэнка можа звярнуцца да Кітая з просьбай размясціць на тэрыторыі Беларусі вайсковую базу.
Акрамя таго, для Кітая правядзенне ваенных вучэнняў на беларуска-польскай мяжы мае і іміджавае значэнне, улічваючы, што адлегласць ад Пекіна да Брэста па прамой лініі перавышае 7 тысяч кіламетраў. Такім чынам кітайскае кіраўніцтва можа прадэманстраваць свету маштабы свайго ўплыву на заходнім кірунку.
«Побач і Балтыйскае мора, і блок NATO. Можна і альянсу нервы паказытаць, вядома, наўпрост гэтага не паказваючы і робячы выгляд, што галоўная мэта прысутнасці тут – вайсковыя трэніроўкі. Потым могуць рушыць услед паўнавартасныя вучэнні, манеўры. А для Беларусі гэта запасны варыянт, як не быць цалкам залежнай ад Крамля. Мы ж ведаем, што, паводле звестак на 2023 год, беларуская эканоміка амаль на 70% залежыць ад Расіі. Таму для Лукашэнкі важна паказаць, што да яго прыязджаюць і іншыя "вялікія людзі", акрамя Пуціна, і што ён не знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі», — падсумоўвае ўкраінскі ваенны эксперт Іван Ступак.
«З пункту гледжання Польшчы і Украіны, кітайцы проста паказваюць свой сцяг»
Эксперт па пытаннях бяспекі, былы афіцэр паліцыі Ізраіля, аўтар Telegram-канала «The Peacemaker» Сяргей Мігдаль лічыць піяр галоўным складнікам беларуска-кітайскіх вучэнняў. «Зразумела, што Лукашэнка хоча паказаць, што ён не ізаляваны і што ў яго ёсць хаўруснікі. І, як я разумею, гэта ў тым ліку грунтуецца на супрацоўніцтве ў рамках ШАС, якая не з'яўляецца ваенным саюзам, так што гэта – двухбаковае ўзаемадзеянне. А па-другое, Лукашэнка, напэўна, думае, што гэта будзе раздражняць амерыканцаў і Еўрасаюз, хоць наўрад ці яны ад гэтага раздражняюцца — у іх ёсць іншыя клопаты», — адзначыў ён.
І дадаў, што ёсць і другі бок: «Навошта гэта трэба Кітаю? Зразумела, кітайцы на беларускай тэрыторыі ні з кім ваяваць не збіраюцца. Так што для іх гэта не самы практычны варыянт, бо яны выдатна ведаюць, што ні NATO, ні хто-небудзь іншы не будзе нападаць на Беларусь. Але яны павышаюць сваё рэнамэ і свой статус як вялікай дзяржавы, а не рэгіянальнай, як аднойчы Расію крыўдна назваў Абама. Прынамсі, Кітай так бачыць сэнс гэтых вучэнняў», — мяркуе Сяргей Мігдаль.
Пры гэтым ён не лічыць, што ў Пекіна ёсць планы паставіць вайсковую базу на беларускай тэрыторыі. «NATO не з'яўляецца супернікам або праціўнікам Кітая. Ні ў якіх дакументах або аператыўных планах генштабаў Кітая і NATO я не бачыў нават намёку на гэта.
Тыя месцы, дзе кітайцы будуюць свае базы, гэта, па-першае, зона іх непасрэдных інтарэсаў — Паўднёва-Кітайскае мора, басейн заходняй і паўночна-заходняй часткі Ціхага акіяна, гэта значыць там, дзе ёсць так званыя "спрэчныя тэрыторыі". І, акрамя таго, яны будуюць базы для свайго ваенна-марскога флоту ў тых кропках, праз якія праходзяць марскія гандлёвыя шляхі, вельмі важныя для кітайскай эканомікі», — аргументуе свой пункт гледжання эксперт па пытаннях бяспекі.
Адзначыўшы, што ў Беларусі нічога падобнага няма, ён працягнуў, што, хутчэй за ўсё, кітайцы захочуць удзельнічаць тут у якіх-небудзь інфраструктурных праектах. «Мы ж бачым, што яны ствараюць па ўсім свеце глабальную сетку транспартнай інфраструктуры. І цалкам магчыма, што яны хочуць і ў Беларусі атрымаць доступ да мясцовых інфраструктурных вузлоў па добрай цане», — дапускае Сяргей Мігдаль.
Вяртаючыся да тэмы «антытэрарыстычных вучэнняў» паблізу Брэста, эксперт заўважае, што ні Польшчы, ні Украіне не варта на іх рэагаваць асаблівым чынам. «Бо абедзве краіны і так ужо апошнія два з лішнім гады займаюцца ўмацаваннем мяжы з Беларуссю. У Польшчы гэта нават пачалося яшчэ раней — у 2021 годзе, калі Лукашэнка выкарыстаў мігрантаў. Для суседзяў галоўная небяспека — гэта, вядома, наяўнасць расійскіх сухапутных войскаў і авіяцыі на тэрыторыі Беларусі. А, з пункту гледжання Польшчы і Украіны, кітайцы проста паказваюць свой сцяг. Дарэчы, абедзве краіны зацікаўлены ў тым, каб мець добрыя адносіны з Кітаем», — завяршае свой каментар эксперт па пытаннях бяспекі, былы афіцэр паліцыі Ізраіля Сяргей Мігдаль.