Дамаўляцца з беларускімі ўладамі па-добраму зусім не мае ніякага сэнсу
Беларускія ўлады не разумеюць, што «спыніць мігрантаў» — не значыць адпраўляць на мяжу трыццаць чалавек у дзень, не трыста, а трыццаць. А «адпусціць Пачобута» не значыць сказаць, нібы Пачобут сам не хоча выходзіць, бо не напісаў прашэнне аб памілаванні. Таму што як канкрэтна адпусціць Пачобута — гэта цяпер асабістая праблема беларускіх уладаў, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
І ўсё ж такі Польшча, відаць, закрывае мяжу. Не вось тут і зараз і не адразу. Па частках. Спачатку беставарны выезд, потым безаўтамабільны ўезд. Учора вось пачалі ўзмоцненыя праверкі фур на прадмет парушэння санкцый. Так што замест належных тысячы фур у суткі мяжу перасеклі менш за сто. Ну гэта значыць намякаюць такім чынам, каб гэтыя намёкі дайшлі аж да самых адсталых слаёў насельніцтва.
Хоць нават адсталыя слаі насельніцтва маглі б зразумець гэты тонкі намёк яшчэ з першага разу. Вось калі польскі прэзідэнт у Кітаі намякаў, што мігранты, якія штурмуюць польскую мяжу, пагражаюць кітайскаму экспарту. Або калі Польшча на два дні перастала прапускаць кітайскі экспарт па чыгунцы. Ці калі польскія міністр замежных спраў сказаў: спыніце мігрантаў і адпусціце Пачобута, інакш мы закрыем мяжу.
Я б сказаў, што ўсе намёкі былі даступныя для разумення, але апошні — ён быў асабліва празрысты. Такі, што не дапускае ніякіх двухсэнсоўных тлумачэнняў, нават самымі адсталымі пластамі насельніцтва. Не намёк, а выразная пакрокавая інструкцыя.
Але беларускія ўлады прывыклі думаць пра сябе, што яны самыя хітрыя. Яны хітрыя — а ўсе астатнія дурныя. Таму яны прыдумалі намёкам альтэрнатыўнае тлумачэнне.
Што «спыніць мігрантаў» — значыць адпраўляць на мяжу не трыста чалавек у дзень, а трыццаць.трыста чалавек у дзень, а трыццаць. А «адпусціць Пачобута» значыць сказаць, што Пачобут сам не хоча выходзіць, бо не напісаў прашэнне аб памілаванні. А па законе без прашэння аб памілаванні адпусціць Пачобута нельга.
Так я хачу сказаць, што як канкрэтна ім адпусціць Пачобута — гэта асабістая праблема беларускіх уладаў. Вось як саджалі, так і адпускайце. Таму што самі ж усім паказвалі, дзе ў вас не да законаў.
І вось мне здаецца, што беларускія ўлады неяк самі сябе перахітрылі. Зрабілі б усё адразу, як іх пра гэта прасілі, так ніхто, можа, нічога б і не заўважыў. Пяць хвілін ганьбы — і ўсе пра ўсё забыліся.
А цяпер жа заўважаць. Таму што ўсе глядзяць. Таму што сваімі манеўрамі беларускія ўлады самі прыцягнулі да сябе ўвагу. І калі цяпер зрабіць тое, пра што іх просяць, то вельмі цяжка будзе паказаць, што яны гэта зрабілі па добрай волі і без усялякага прымусу. Таму што факт прымусу ён, вядома, напісаны на твары ў кожнага сведкі стабільнасці, які выступае з гэтай нагоды ў тэлевізары.
І я, вядома, падазраю, што ўрэшце беларускія ўлады зробяць, як іх просяць. Таму што з твару ваду не піць, а грошай шкада. І ўсё пытанне ў тым, колькі яшчэ намёкаў прыйдзецца ім для гэтага зрабіць. Таму што дамаўляцца з беларускімі ўладамі па-добраму, вядома, зусім не мае ніякага сэнсу. Ласкавых слоў беларускія ўлады ўсё роўна не разумеюць — як мінімум з тых часоў, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.