Хронікі рэпрэсій за 10 ліпеня: Чарговы «пякельны этап» Шарэнда-Панасюк, затрыманне за «чык-чырыка»
З лютага ў «спіс тэрарыстаў» КДБ дадалі 46 чалавек. Масавы суд за ўдзел у акцыях пратэсту 2020-га ў Мінску. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі самыя важныя навіны за 11 ліпеня пра палітычны пераслед у Беларусі.
- Палітзняволенная Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў Навінках
Муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда распавёў пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Паліну нарэшце давезлі да Менску. Чарговы пякельны этап доўжыўся 9 дзён. Паліна ў Цэнтры судовых псіхолага-псіхіатрычных экспертызаў у Навінках, і прабудзе там некалькі тыдняў».
- Масавы суд за ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску
У судзе Заводскага раёна Мінска 11 ліпеня распачаўся суд адразу над пяццю жыхарамі Мінска: Ігарам Дубоўскім, Сяргеем Марушыным, Леанідам Ціхановічам, Максімам Марцінчыкам, Іллём Назаравым. Усіх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).
Справу разглядае Алена Капцэвіч, на рахунку якой з 2020 года не меней за 39 прысудаў па палітычна матываваных крымінальных справах.
- У Мазыры за «распаўсюд экстрэмізму» пакаралі галоўную рэдактарку заводскай газеты і спецыяліста нафтаперапрацоўчага завода
Паводле інфармацыі, атрыманай гомельскімі праваабаронцамі, 10 ліпеня затрымалі дваіх супрацоўнікаў Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Гэта спецыяліст завода Валерый Бойша і галоўная рэдактарка заводскай газеты «Мозырский нефтепереработчик» Святлана Богуш.
Іх абодвух асудзілі паводле часткі 2 артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Прысуд, які работнікам МНПЗ вынесла суддзя Святлана Буйнавец, высвятляецца.
- Другі закрыты суд над палітвязнем Дзмітрыем Загалаўцом
У Віцебскім абласным судзе 11 ліпеня распачаўся суд за данаты паводле арт. 361-2 КК над палітзняволеным Дзмітрыем Загалаўцом. Працэс вядзе суддзя Яўген Буруноў.
Летась палітвязня ўжо асудзілі ў закрытым рэжыме да трох з паловай гадоў калоніі. Тады яго абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК).
Паводле версіі абвінавачвання, доўгі час мужчына ў інтэрнеце нібыта «агітаваў людзей выходзіць на барыкады, пускаць цягнікі пад адхоны, і ладзіць фізічныя расправы над сілавікамі». Дзмітрыя затрымалі 20 студзеня 2023 года.
- Міліцыя затрымала берасцейца, які назваў супрацоўніка ДАІ «чык-чырыкам»
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым за ролік у цік-току берасцейцам. На відэа затрыманы беларус кажа, што ў чэрвені зняў на відэа супрацоўніка ДАІ, дзе выказаўся ў яго бок нецэнзурнай лаянкай. Ролік берасцеец выклаў у Цік-ток.
Таксама затрыманага прымусілі казаць: “Уладу люблю, радзіму люблю", паведамляе «Медыязона», якая знайшла профіль затрыманага ў сацсетках. Берасцей там называе сябе Максім Шкляеў, і працуе кухарам. Паводле якога артыкула абвінавачваюць затрыманага і ў якім ён статусе знаходзіцца — невядома.
- Затрыманы тату-майстра з Магілёва за татуіроўкі «нямецкай сімволікі»
Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым. На камеру затрыманага прымусілі казаць, што ён працуе тату-майстрам у Магілёве і набіваў сваім кліентам “нямецкую сімволіку», а ў самога на целе ёсць татуіроўкі з такой сімволікай.
У роліку сілавікі паказваюць эскізы татуіровак з элементамі нямецкай формы, сімволікай Трэцяга рэйха, а таксама партрэта Сталіна. «Медыязона» знайшла старонку затрыманага ў сацсетках, там ён падпісаны як Дзяніс Гарбачоў.
- У Віцебску ліквідавалі грамадскае аб'яднанне «Беларуская федэрацыя спорту чанбара»
У Віцебскім абласным судзе 10 ліпеня разглядалі пазоў Міністэрства юстыцыі па ліквідацыі чарговага спартовага аб'яднання. Гэтым разам непажаданай аказалася ГА «Беларуская федэрацыя спорту чанбара», зарэгістраванае ў верасні 2016 года ў Віцебску. Як тады пісала БЕЛТА, «мэта дзейнасці федэрацыі — аб'яднанне намаганняў яго членаў для ўдасканалення і далейшага развіцця спорту чанбара ў Беларусі, яго папулярызацыя сярод насельніцтва».
Гэты від спорту быў створаны ў Японіі ў 1973 годзе на аснове самурайскага паядынку на мячах. Чанбара або спочан (скарочанае ад «спорт чанбара») — гэта поўнакантактнае фехтаванне на нетраўматычных імітацыях халоднай зброі. У Японіі чанбара — афіцыйны від спорту. У Беларусі ім займаюцца дзеці і дарослыя ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях, у Брэсце, Магілёве і Мінску.
- З лютага ў «спіс тэрарыстаў» КДБ дадалі 46 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ 46 чалавек. З іх 35 — беларусы, яшчэ адзін — украінец.
Сярод іх маладая маці Кацярына Шаблінская-Іванова, іпэшнік з Баранавічаў Сяргей Буната, жанчына, якая мае сына з інваліднасцю, Надзея Лапцёнак, 18-гадовы першакурснік БДПУ Герман Лебедзеў.
Ёсць і тыя, хто асуджаны завочна. У спісе з'явіліся імёны Вольгі і Андрэя Павукоў, колішняга ўдзельніка каманды Віктара Бабарыкі і сакратара Каардынацыйнай рады Івана Краўцова, а таксама палітолага Дзмітрыя Балкунца, піша »Наша Ніва».
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1187 чалавек, з іх 447 — беларусы.