Ад Семашкевіча да Бандарэнкі. Забітыя беларускія мастакі
Цёплы летні дзень 11 ліпеня назаўжды азмрочаны для беларусаў страшнай звесткай: у такі самы дзень год таму, пад наглядам канваіраў, памёр выбітны беларускі мастак, актывіст Алесь Пушкін. Узгадаем гісторыю Алеся і іншых беларускіх мастакоў, якія падзялілі яго трагічны лёс.
Раман Семашкевіч
«У размовах даследнікі сьцьвярджаюць, што і мастакоў як такіх у трыццатыя гады была ў Беларусі жменька. А членаў новастворанага Саюзу мастакоў і ўвогуле налічвалася ўсяго 10. Маўляў, каго тут рэпрэсаваць, — казаў журналіст Сяргей Дубавец на «Радыё Свабодзе». – І потым – як разабрацца, што такога падазронага намаляваў творца ў сваіх пейзажах і нацюрмортах. Але сталіншчына любіла пранікаць якраз у такія недаступныя ёй сферы і ў гэтых сфэрах вяршыць свой разбой».
Усяго толькі 37 гадоў было наканавана пражыць выбітнаму беларускаму мастаку Раману Семашкевічу.
Ён нарадзіўся ў 1900 годзе у мястэчку Лебедзева пад Маладзечнам. Быў адным з шаснаццаці дзяцей. Як адзначаў мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, Раман Семашкевіч быў гадаванцам Язэпа Драздовіча і Віленскай Беларускай Гімназіі (дырэктарам якой, дарэчы, быў Браніслаў Тарашкевіч). Быў сябрам камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.
У 1924 годзе Семашкевіч ляснымі сцежкамі прабіраецца ў БССР. Навучаўся на скульптурным аддзяленні Віцебскага мастацкага тэхнікума. У 1927 годзе ён накіроўваецца ў Маскву, дзе паступае ў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут (аддзяленне жывапісу).
Падчас навучання Раман Семашкевіч становіцца сапраўды значным мастаком. Яго творы набываюць Пушкінскі музей, Траццякоўская галерэя, рэспубліканскія музеі Мінску і Чабаксараў, а таксама прыватныя калекцыянеры.
У 1932-м годзе прызнаны мастак прыязджаў у савецкую Беларусь, дзе напісаў партрэты Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Зрабіў групавы партрэт Мікалая Галадзеда, Мікалая Гікалы і Андрэя Александровіча (адметна што блізказць і адданасць чорнай бальшавіцкай справе не ўратуе ўсіх трох ад рэпрэсій, як урэшце і аўтара партрэту).
Вядома і тое, што Раман Семашкевіч сустракаўся з Браніславам Тарашкевічам у 1933 годзе, у Маскве.
Як распавядаў Сяргей Харэўскі, «у Менску рэпрэсіі ўжо набывалі статыстычны размах, а ў Маскве на тое пакуль не выглядала. Але Семашкевіч нібы вычуваў. Напрыклад, ягоны малюнак «Чалавек і пачвара». Стаіць сабе мужык, як мае быць у ботах ды картузе, а за ім ужо цікуе нейкая земнаводная страшыдла з высалапленым языком. Альбо, рыхтык Гагенаўскія «Арыштанты». Сапраўды прадчуваў. Як і шмат хто іншы. Але, у адрозненне ад іншых, выкладаў свае прадчуванні на паперы. Зрэшты, два ягоныя родныя браты ўжо былі арыштаваныя за пераход мяжы й польскі шпіянаж».
НКУСаўцы наведалі камунальную кватэру мастака ўначы з 1 на 2 лістапада 1937 года. Цяжарнай жонцы Семашкевіча тады было 24 гады. У снежні таго ж страшнага года НКУСаўцы вывезлі ўсе працы мастака з яго кватэры – больш за 300 палотнаў. 22 снежня 1937 года Раман Семашкевіч быў расстраляны на Бутаўскім палігоне пад Масквой. Яшчэ раней, у лістападзе, былі расстраляныя ягоныя родныя брат і сястра.
Сяргей Харэўскі ў размове з Сяргеем Дубаўцом расказваў:
«Уладзімір Мілашэўскі, сябра й зямляк Семашкевіча, славуты савецкі графік, якому пашчасціла ацалець пасля ссылкі, падчас адлігі 60-х шчыра ня мог узяць у цям гэткую нялітасцівасць: «Наш Семашкевіч быў цалкам бессвядомы. — казаў ён. — Жывапісец з вялікай літары. Якія ў яго маглі быць палітычныя погляды?»
Аднак, мяркую, што погляды ў гэтага бясшкоднага творцы ўсё ж былі. Невыпадкова на ягоных малюнках суседзяць паседжанні партячэек з пінгвінамі й ламамі ў заасадзе, паляванні побач з вымысленымі турмамі. Ягоная творчасць – гэта мастацтва супраціву. Не маляваў ён Сталінаў, Варашылаваў, Жданаваў. Не маляваў трыюмфаванне пралетраыяту. Не імкнуўся паладжвацца й ня меў ілюзіяў. Грэбаваў тымі людзямі, што забівалі ў саміх сабе сваю самавітасць і тымі, што забівалі яго. Ён не сказаў ім нічога. Ён ведаў, за што яго знішчалі...»
Яфім Мінін
З партрэта на нас глядзіць таленавіты малады чалавек 1986 года нараджэння. Ён паходзіў з віцебскага старажытнага стараверскага роду.
На жаль, пра кароткае жыццё выдатнага мастака мы маем толькі нешматлікія пункцірныя звесткі: у 1915-м скончыў Віцебскае камерцыйнае вучылішча, потым вучыўся ў Петраградскім Лясным інстытуце. У 1916-м быў прызваны ў войска, а пасля вайны вярнуўся ў Віцебск.
Вучыўся ў Школе жывапісу і малюнка Іегуды Пэна. Выкладаў у Віцебскім мастацкім вучылішчы.
Вядома, лепш за ўсё пра мастака кажуць яго творы. Яфім Мінін – родапачынальнік тэхнікі экслібрыса — графічнага твора з імем і вобразнай выявай ўладальніка кнігі. А яшчэ – графік, ілюстратар, аўтар шэрага партрэтаў, краявідаў Віцебска.
Да яго прыйшлі ў той жа чорны дзень, што і да Рамана Семашкевіча – 1
лістапада 1937-га. 19 лістапада прысуджаны
да расстрэлу, як фігурант сфабрыкаванай справы «Польскай арганізацыі
вайсковай». 29 снежня таго ж гожа
Яфіма Мініна расстралялі.
Уладзіслаў Галубок
Уладзіслаў Галубок нарадзіўся 3 (15) мая 1882 года на чыгуначнай станцыі Лясная, што ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Ён не меў бліскучай адукацыі — скончыў царкоўна-прыходскую школу і два класы Мінскага гарадскога вучылішча. Пазней браў прыватныя ўрокі музыкі і жывапісу.
У 1920 годзе стварыў і ўзначаліў уласны вандроўны тэатр. Толькі за адзін 1922 год трупа Галубка паказала сельскаму гледачу ў розных кутках Беларусі 122 спектаклі.
«Вандроўнаму тэатру самім лёсам, здавалася, была наканавана высокая місія несці беларускае мастацкае слова ў самыя глухія куткі нашай Бацькаўшчыны. На сялянскіх фурманках, не раз проста несучы на сабе сціплы тэатральны рэквізіт, дабіраліся галубкоўцы туды, куды ніколі не заглядаў тэатр. Выступалі, дзе толькі можна было змайстраваць падмосткі», — заўважыў Арсень Ліс.
«Галубок – ня толькі літаратар, актор і рэжысэр, але й мастак, — адзначаў Сяргей Дубавец. — Ён сам афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх спектакляў, а да таго ж браў удзел у выставах як жывапісец».
У 1927 годзеладзіслаў Галубок першым у
нашай рэспубліцы атрымаў званне «народнага артыста Беларусі».
У 1932 годзе тэатр Галубка зрабілі аседлым. Гісторык Уладзімір Арлоў пісаў: «Уладзе не спадабаліся гэтыя вандраванні, якія цяжка трымаць пад пільным вокам, асабліва ва ўмовах абвастрэння класавай барацьбы. Тым больш, перад кожным спектаклем Галубок выступаў з бліскучай лекцыяй пра беларускую гісторыю і культуру». Тэатр зрабілі «аседлым» і загадалі як мага хутчэй ўвесці ў рэпертуар п'есы пра класавае змаганне.
Галубка арыштавалі ў жніўні 1937 года і прысудзілі да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу. Уладзіслаў Іосіфавіч быў расстраляны 28 верасня 1937 года.
Лявон Баразна
Лявон Баразна нарадзіўся 4 лютага 1929 года ў вёсцы Новае Сяло Талачынскага раёна. У 12-гадовым веку сустрэў вайну, падчас якой маляваў для партызанаў карты і планы.
У 19550-х 20-гадовы Лявон упершыню трапляе ў разбураны пасляваенны Мінск, атрымлівае адукацыю ў сталічнай мастацкай вучэльні. «Якраз здох Сталін (1953 г.), і ў грамадзкай атмасфэры крыху палягчэла. Лявон купіў капялюш, дажджавы плашч, закінуў за плечы паходны мальбэрт, кайстру з паперай, фарбамі, алоўкамі, узяў у рукі кій і пайшоў пехам па вёсках Беларусі зьбіраць, замалёўваць, фатаграфаваць творы народнай творчасьці і ўжытку (найперш, адзеньне, вопратку, арнамент). Пра хлеб надзённы Лявон не пераймаўся, бо лічыў, што ў сваім народзе не прападзе. І не прапаў», — так апісвае трэцяе дзесяцігоддзе жыцця Лявона Баразны яго сябар Зянон Пазняк на старонках кнігі «Тэрра Дэй».
У фондах мастацкага музея захоўваюцца альбомы малюнкаў Лявона Баразны «Беларускі народны арнамент Палесся» (1957) і «Беларуская народная вопратка» (1958). Іх часткі экспануюцца ў Раўбічах. Баразна падрыхтаваў таксама альбом «Арнамент Гродзеншчыны» (1960). Замалёўкі дасюль не выдадзеныя.
У 60-я гады Баразна ствараў сцэнічныя касцюмы для прынамсі 15 самадзейных калектываў рэспублікі, напрыканцы 60-х стаў галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР. Лявон Баразна нават быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1963), Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры БССР і БРК прафсаюза працаўнікоў культуры і дыпломамі.
Менш чым праз 10 гадоў паплечнікі ўзнагародчыкаў яго забілі, хоць усяго за 5 гадоў да забойства Лявону Баразне даручылі афармленне сталіцы БССР да свята 900-годдзя. Праўда, варыянты афармлення падаліся Машэраву занадта ўжо нацыянальнымі, і хутка мастак быў пазбаўлены гэтага гонару.
Але не дзяржаўнымі ўзнагародамі і высокімі даручэннямі было найбольш адметнае чацвёртае дзесяцігоддзе жыцця Лявона Баразны. У 1969 годзе Баразна і Пазняк надрукавалі ў маскоўскай газеце «Праўда» сумесны артыкул, у выніку публікацыі якога Машэраў быў вымушаны на 3 гады адкласці знішчэнне будынкаў у цэнтры Мінска, што маюць гістарычную каштоўнасць — Траецкага прадмесця, Высокага Рынка, Ракаўскага прадмесця…
15 жніўня 1972 года, імаверна з удзелам КДБ, Лявон Баразна быў забіты. Незадоўга да смерці павінна была адбыцца акцыя пратэсту супраць разбурэння гістарычнага цэнтру Мінска.
Вось як тыя страшныя падзеі ўзгадваў Зянон Пазняк:
«15 жніўня 1972 года яго забілі ў цэнтры сталіцы, як стала зразумела, у выніку распрацоўкі савецкага КГБ па барацьбе зь беларускім нацыяналізмам. Забойцы – два браты-крымінальнікі, расейцы, дзеці палкоўніка КГБ, які займаўся аховай Дому ўраду. Суд і камуністы ўсяляк стараліся выгарадзіць забойцаў, каб прысудзіць ім меншы тэрмін. Асноўны забойца адмовіўся даваць паказаньні і цьвердзіў увесь час толькі тры словы: «Я сын Сталіна». Яго гэтаму падвучылі, інакш бы шмат што адчынілася.
Забойства Лявона Баразны ўскалыхнула тады нас усіх. Гэта была вялікая страта для Беларусі. Яго магіла, як і магіла Каліноўскага, і сотняў іншых ахвяраў Масквы, засталася неадпомшчанай, і гэты сьпіс павялічваецца».
Глядзіце таксама
Раман Бандарэнка
Імя гэтага маладога героя адгукаецца ў сэрцы кожнага беларуса глухім болем.
Раман Бандарэнка. Ілюстрацыя Ганны Р.
Ён нарадзіўся 1 жніўня 1989 года ў Мінску. Пасля школы паступіў у Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж. Пасля заканчэння каледжа паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, скончыў факультэт дызайну ў 2012 годзе.
У Мінску Раман Бандарэнка жыў ля «Плошчы перамен» — так беларусы назвалі плошчу ў двары жылога комплекса, з муралам, прысвечаным двум беларускім дыджэям, якія не збаяліся ўключыць пратэстную музыку на праўладным мерапрыемстве. Тэлеграм-канал Nexta паведамляў, што па яго звестках аўтарам мурала з’яўляецца менавіта Раман Бандарэнка.
11 лістапада 2020 года Раман Бандарэнка выйшаў у двор свайго дома, калі заўважыў, што невядомыя ў цывільным і масках зразаюць бел-чырвона-белыя стужкі на «Плошчы перамен». Раман маўкліва назіраў за гэтым, а потым зрабіў заўвагу.
«Невядомыя» збілі Рамана да паўсмерці і адвезлі ў Цэнтральны РАУС. Адтуль уначы ён паступіў у прыёмнае аддзяленне мінскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай дапамогі, у скрайне цяжкім стане. Хлопцу рабілі аперацыю некалькі гадзінаў, але ён памёр у рэанімацыі, не прыходзячы ў прытомнасць.
27 студзеня 2021 года ініцыятыва BYPOL апублікавала расследаванне па факце гібелі Рамана Бандарэнкі. Па дадзеных BYPOL, дзякуючы атрыманым аўдыёзапісам і білінгу нумароў мабільных тэлефонаў ім атрымалася дакладна ўсталяваць круг асоб, якія маюць дачыненне да забойства маладога мастака. Сярод іх – Дзмітрый Баскаў, Дзмітрый Шакута і Наталля Эйсмант, прэсавая сакратарка Лукашэнкі.
У 2007 годзе Раман Бандарэнка ўдзельнічаў у дэкаратыўным роспісе трапезнай Жыровіцкага манастыра. Ён браў удзел у стварэнні фрэскі, калі працаваў над дыпломнай працай у Мінскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы. На фрэсцы быў намаляваны манастыр пад шатамі Жыровіцкай іконы Божай Маці. У лістападзе 2023 года, праз тры гады пасля забойства Рамана, гэтую фрэскузафарбавалі.
Фрэска Рамана Бандарэнкі
Алесь Пушкін
Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 году ў вёсцы Бобр Крупскага раёна.
Алесь Пушкін
Пра пачатак сваёй творчасці ён распавёў у далёкім 2009 годзе журналістам украінскага выдання «Вголос»:
«Усё пачалося з таго, што я аднойчы, на канікулах, ляжаў на печы і чытаў пра Беларускую Народную Рэспубліку. Гэта мяне вельмі ўразіла, бо пра наш бел-чырвона-белы сцяг я даведаўся толькі ў 1988 годзе, а мне тады было ўжо 23 гады. Пасля арміі я ўжо нічога не баяўся, бо служыў у Афганістане.
Таму я вырашыў намаляваць беларускі сцяг і акрываўленую руку. Узяў 300 грамаў уласнай крыві. Канцэпцыя заключалася ў тым, каб толькі праз уласны боль спазнаваць гісторыю свайго народа.
На палотнішча памерам 2 метры на 1, стандарт дзяржаўнага сцяга, я паклаў акрываўленую руку, а потым падняў палотнішча, пацякла кроў. Гэтая работа была прызнана самай смелай на першай незалежнай выставе часоў Перабудовы».
Алесь Пушкін. Сцяг з крывёю
А вось як вызначаў сэнс свайго жыцця Алесь Пушкін ў эфіры «Радыё Свабоды» 10 гадоў таму:
«Я збіраюся жыць доўга. Дзеткі мае любяць беларускую мову. Над хатай бел-чырвона-белы сцяг. Купалле, Каляды ладзім. Вось гэтымі стваральнымі рэчамі нам бы проста пажыць паболей, парадаваць людзей нейкімі творамі.
І тады пасля мяне нехта будзе святкаваць БНР. Можа быць нават і не мае дзеці, можа быць вучні з’явяцца ў Яніны Аляксандраўны [жонка Алеся – заўв. рэд.] у школе. Можа быць у бобрскай школе вучні ўбачаць, як я малюю, і нешта таксама захочуць маляваць. Узгадаюць, чаму дзядзя менавіта 25 сакавіка рабіў выставу».
Алесь Пушкін, 1989
Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка 2021 года. У партрэце беларускага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара, які напісаў Пушкін, рэжым убачыў «здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму».
Алесь Пушкін з партрэтам Яўгена Жыхара
Так ён пісаў з-за кратаў пра абвінавачванне:
«Пачынаць крымінальную справу супраць мастацкага твора і выказванняў, дакладна зафіксаваных журналістамі (маецца поўны відэазапіс адкрыцця выставы 19 сакавіка); хуткія асуджальныя і непраўдзівыя высновы экспертнай дзяржаўнай камісіі па экстрэмізме пры Гродзенскім аблвыканкаме ў складзе Вадзіма Хілюты і Сняжаны Сямернік (нібыта я экстрэміст і рэабілітую сваімі дзеяннямі і выказваннямі нацызм) — гэта і ёсць пераслед мяне з боку дзяржаўных інстытуцый цяперашняй улады за творчую дзейнасць, іншадумства, неабыякавае стаўленне да гісторыі свайго краю».
Паводле гэтага абсурднага абвінавачвання мастак быў асуджаны на 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.
За кратамі Алесь Пушкін не страціў сваёй веры не толькі ў Бога, але і ў чалавека. У сваіх сукамерніках, бандытах, ён таксама стараўся заўважаць нешта чалавечае, і нагадаць ім пра гэта.
«...Малюю розных бедалаг, жулікаў, бандытаў, злодзеяў, вымагальнікаў, наркаманаў і раздаю ім, — пісаў з-за кратаў мастак. — І яны, дасылаючы гэтыя партрэты сваім родным, радуюцца».
Глядзіце таксама
Ён спадзяваўся, што на волі гэтыя людзі «раптам, убачыўшы на сцяне свой партрэт, што мастак маляваў іх добрымі, харошымі, прыгожымі людзьмі, вырашаць — да старога жыцця і былых грахоў вяртання няма! І завяжуць!».
У кастрычніку 2021 года Алесь Пушкін намаляваў за кратамі карціну, у якой перадаў, якім бачыць свята свайго вызвалення. 11 ліпеня 2023 года ён памёр у рэанімацыі, пад наглядам канваіраў – відавочна, ад адсутнасці належнай медыцынскай дапамогі.
Так Алесь Пушкін бачыў дзень свайго вызвалення
Скончым гэты трагічны аповед пра вынішчэнне тых, хто здольны сумяшчаць у сабе наіўнасць і нязломнасць, хто здольны вытрымліваць папрокі ў «вар’яцтве» і працягваць сваю справу, не зважаючы ні на што, яшчэ адным выказваннем Алеся Пушкіна:
«Мы прэцэдэнт для нашай краіны, пасля раскулачвання, пасля сусветных войн, рэпрэсій. Нас можна задзьмуць у адзін момант, як свечку, мы лёгка можам знікнуць, як знікла шмат палітыкаў, як могуць у нашай краіне зрабіць з любым чалавекам. Так і нашая сям'я можа знікнуць»…