Лукашысты знішчылі фрэску аўтарства Рамана Бандарэнкі ў Жыровічах

У кафэ-трапезнай для паломнікаў Свята-Успенскага манастыра ў Жыровічах была фрэска, удзел у стварэнні якой прымаў нявінна забіты мастак Раман Бандарэнка. Цяпер яе няма, паведамляе «Хрысціянская візія».

Тут і далей фота з тэлеграм-канала «Хрысціянскай візіі»

Тут і далей фота з тэлеграм-канала «Хрысціянскай візіі»

На фрэсцы, напісанай Раманам Бандарэнкам у рамках дыпломнай працы ў Мінскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы, быў намаляваны манастыр пад шатамі Жыровіцкай іконы Багародзіцы.

Таксама на сцяне размяшчалася шыльда з імёнамі стваральнікаў фрэскі, там было пазначана і імя Рамана Бандарэнкі.

Зараз гэта ўсё знішчана. У кафэ-трапезнай ідуць рамонтныя работы, фрэска зафарбавана, на яе месцы з'явілася выява іконы «Тайная вячэра». Шыльду з імем Рамана Бандарэнкі таксама знялі са сцяны.

12 лістапада споўнілася тры гады з дня гібелі маладога чалавека ад рук сілавікоў і праўладных актывістаў.


photo_2023_11_16_16_59_51__2_.jpg

31-гадовага мастака Рамана Бандарэнку збілі ўвечары 11 лістапада 2020 года на пратэснай «Плошчы Перамен» у Мінску, калі ён паспрабаваў загаварыць з людзьмі, якія здымалі з плота бел-чырвона-белыя стужкі. Затым невядомыя выкралі Бандарэнку. Праз нейкі час мужчына апынуўся ў Цэнтральным РУУС Мінска, адкуль з цяжкімі траўмамі быў дастаўлены ў бальніцу, дзе памёр на наступны дзень.Тагачасная прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава назвала здарэнне «дваровым канфліктам», а тых, хто збіў Бандарэнку — «неабыякавымі грамадзянамі», якія спрабуюць «аднавіць парадак і не дапускаць парушэнняў правіл добраўпарадкавання».

Крымінальную справу па факце гібелі Рамана Бандарэнкі Генпракуратура распачала толькі 18 лютага 2021 года. Пры гэтым у ведамстве загадзя заявілі, што «дачыненне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да нанясення Бандарэнку цялесных калечанняў не ўстаноўлена». Праз паўгода справа была і зусім прыпынена «з прычыны неўстанаўлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага», піша «Deutsche Welle».


photo_2023_11_16_16_59_52.jpg

Сваё расследаванне здарэння праводзілі беларускія СМІ і аб'яднанне былых сілавікоў «BYPOL». «BYPOL» сцвярджаў, што валодае запісамі тэлефонных размоў і білінгамі тэлефонных нумароў прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, тагачаснага кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава, спартсмена Дзмітрыя Шакуты і яшчэ 10 чалавек, якія знаходзіліся ўвечары 11 лістапада ў раёне «Плошчы Перамен» і могуць быць датычныя да гібелі Рамана Бандарэнкі. Гэтыя людзі, кажуць у «BYPOL», дзейнічалі 11 лістапада на «Плошчы Перамен» пад прыкрыццём сілавікоў. Але за кратамі ў Беларусі апынуліся лекар і журналісты.