«Па-першае, я нічога не ведаю, а па-другое, гэта не мы! Мы — за мір». Калі ігнаруеш рэальнасць, аднойчы можа і «прыляцець»
Да пары-да часу можна рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, і працягваць падтрымліваць хаўрусніка, гандляваць з агрэсарам заплюшчваць вочы і не бачыць фотаздымкі разбураных бальніц. Але гэта не азначае, што не давядзецца каяцца.
«Сябар мой, згадай, што маўчаць добра, бяспечна і прыгожа», — пісаў Дастаеўскі. І звыкла, калі ты жывеш там, дзе ахвяры рэпрэсій ёсць ужо ў некалькіх пакаленнях. Дзед — за анекдот, унук — за камент. Сумны досвед, страх і гідлівасць ў генах. І жаданне пажыць так, каб твой адвакат уздыхнуў нарэшце з палёгкай. І спробы. Але не атрымліваецца. Ты маўчыш, не заўважаеш, абстрагуешся, адпісваешся ад усіх навін. Але потым прарывае ад чарговага беспадстаўнага затрымання, пякельнага тэрміну або прылёту па ўкраінскай бальніцы. Таму што ты не сляпы, не глухі і ўся прапаганда свету не пераканае цябе, што мучыць людзей — правільна, піша Вольга Лойка на «Plan B».
Не на мзсаўскай, але на чалавечай
Прарывае ў абывацеляў, бамбіць прафесіяналаў. Нават работнікаў МЗС, якія звыкліся з покер-фэйсам выказваць заклапочанасць і шкадаваць, што вы засмучаныя. Вось і кіраўнік Міністэрства замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі пасля ракетнага ўдару па «Ахматдзеце» не вытрымаў. Ён выклікаў у МЗС амбасадара Расіі ў Празе Аляксандра Змяеўскага і нервова адпісаўся ў сацсетках.
«Я вырашыў выклікаць расійскага амбасадара. Забойцы, якія нападаюць на дзяцей у бальніцы — гэта адкіды чалавецтва. Яму было даручана перадаць гэта ў Маскву», — напісаў міністр (@janlipavsky) у сацсетцы «X». Паведамленне ён прадубляваў на англійскай і ўкраінскай мовах. На мзсаўскую, з усімі іх асцярогамі, шкадаваннямі і рэверансамі, вырашыў не перакладаць.
Хаўруснікі палічылі за лепшае акуратна агучыць версію расійскага Мінабароны пра ўкраінскую «антыракету». Увогуле, самі вінаватыя, мы па дзецях не страляем, вам здалося.
Зрэшты, відавочнасць думкі пра тое, што, калі б не расійскія абстрэлы Кіева, ніякіх «антыракет» і не спатрэбілася б, падштурхнула да таго, каб на гэтую тэму ў навінах хутчэй забыцца ці не ўздымаць зусім.
Не пішам, не чытаем, не ведаем
Ну папала і папала. Гэта нервовыя сусветныя СМІ хай сваімі першымі палосамі людзей палохаюць. А ў нас з хаўруснікам — выставы, надоі, барацьба за ўраджай, 30 гадоў Лукашэнкі ва ўладзе. На худы канец — футбол і рэклама адпачынку ў Дагестане (самалётам, з Мінска, дорага, тэракты і магчымасць бясплатна папрацаваць на цагляных заводах прыкладаюцца).
Псіхіка абараняецца адчайна. Ігнаруючы рэальнасць і пазбягаючы негатыву, мы спрабуем захаваць звыклую карціну свету, уласны дабрабыт і самапавагу. І навошта тады мне чытаць імёны шасцярых медработнікаў, забітых падчас масіраванага ракетнага ўдару па Кіеве 8 ліпеня?
Святлана Лук'янчык была лекарам нефралогіі «Ахматдзета». У момант удару эвакуявала дзяцей у сховішча.
Вікторыя Бандарэнка — старшая касірка. У жанчыны засталіся двое дзяцей. Яе сын і муж цяпер на фронце.
Святлана Паплаўская — акушэр-гінеколаг, маці траіх дзяцей.
Таццяна Шарова — старшая медсястра. У 2014 годзе разам з сям'ёй бегла ад вайны з Данецка. Яе сын быў у палоне.
Віктар Брагуца — урач УГД-дыягностыкі. У яго засталіся дзве дачкі.
Аксана Корж — сястра-гаспадыня, маці дваіх дзяцей. Яе малодшы сын скончыў школу, а старэйшая дачка нядаўна нарадзіла двойню.
Доб-ра! Усё будзе добра!
Не бачыць гэтыя твары, не чытаць іх гісторыю вельмі важна. Гэтае няведанне (дакладней, ігнараванне) дазваляе нам працягваць сваё нармальнае жыццё, нармальны бізнэс (так-так, якраз на расійскім кірунку паперла) і нават з некаторай аддаленай цікавасцю слухаць пра мірныя ініцыятывы пратэрмінаванага гаранта.
Па-першае, я нічога не ведаю, а па-другое, гэта не мы! Мы — за мір. У нас нават мірная ядзерная зброя для тых, хто сумняваецца, прызапашаная.
А ўсе вашы аповеды пра рост эканомікі на расійскім абаронзаказе і дабрабыт цэлых сектараў (і канкрэтных уладальнікаў бізнэсаў) за кошт працы на вайну — гэта правакацыя, перакручванне і, як кажуць тыя, якім не да законаў, «распальванне іншай сацыяльнай варожасці». Ад пяці да дванаццаці гадоў па трэцяй частцы.
І колькі можна маўчаць?
Так што высокімі заробкамі народу і «крыміналкамі» тым, хто сумняваюцца, можна надоўга загнаць людзей у жорсткае ігнараванне самых жахлівых рэалій. Яшчэ і навакольных паспрабаваць прымусіць. А што, вунь у Кітая атрымалася. Хочаце працаваць у Кітаі? Першае правіла: забудзься пра «тры Т» — Тыбет, Тайвань і разню на плошчы Цяньаньмэнь (якія сотні загінулых? вам здалося!).
Практыка забыцця так добра працавала, што там жа аказаліся Далай-лама, культ Фалуньгун, крытыка Кампартыі Кітая, параўнанне Сі Цзіньпіна з Віні-Пухам (госпадзе, з гэтым-та што не так? Чым ім Пух не дагадзіў?), генацыд уйгураў, пандэмія кавіду…
Краіна вялікая, рынак бяздонны. Хочаш працаваць на ім? Ігнаруй пытанні па спісе і працуй.
Зрэшты, Беларусі разлічваць на сцэнар, пры якім яе роля суагрэсара і бенефіцыяра агрэсіі ў дачыненні да Украіны сыдзе з рук, не даводзіцца. Аналагічна — з рэпрэсіямі. Чым больш жорстка і доўга, тым менш шанцаў на «іспанскі сцэнар» дэмантажу дыктатуры. Мы ўжо «перагортвалі старонку» сталінскіх рэпрэсій — без прызнанняў, выбачэнняў і сантыментаў. Усім дзякуй, усе свабодны. Гэта была дрэнная ідэя. Урок не вывучаны.
Гэтым разам увесь шлях давядзецца прайсці да канца. Як прайшла Германія, каб вярнуцца ў еўрапейскую сям'ю. Гэта доўга, цяжка і скончылася нават не трыбуналам і прысудамі. А калі? Можа быць, калі канцлер Заходняй Германіі Вілі Брандт 7 снежня 1970 года падчас дзяржаўнага візіту ў Польшчу пасля ўскладання вянка да помніка ахвярам паўстання ў Варшаўскім гета нечакана для ўсіх апусціўся на калені?
Прабачэння за злачынствы нацыстаў прасіў былы журналіст, які сам прайшоў падполле, эміграцыю, пазбаўленне грамадзянства, лагер для ваеннапалонных, уцёкі…
Вярнуць сваю краіну ў нармальнасць будзе паскладаней чым «адвесці ад прорвы».