Расійская выведка ўпаўнаважаная дапамагчы «Грузінскай мары»?
«Абсалютнай хлуснёй» назваў Дзярждэпартамент ЗША заяву прэс-бюро Службы замежнай выведкі Расіі, нібыта ў Вашынгтоне быў распрацаваны сцэнар гвалтоўнай змены ўлады ў Грузіі.
Заяву амерыканскага боку з непрыхаваным раздражненнем успрынялі ў кіруючай партыі «Грузінская мара», піша «Эхо Кавказа»
Са свайго боку, у апазіцыі нагадалі, што пазіцыю расійскіх спецслужбаў не раз агучвалі самі ўлады Грузіі.
9 ліпеня расійская Служба замежнай выведкі РФ заявіла, што астуджэнне стасункаў Грузіі з Еўрасаюзам з'яўляецца наўпроставай перадумовай дзяржаўнага перавароту ў краіне. У заяве асабліва падкрэсленая роля прэзідэнткі Саламэ Зурабішвілі.
«Ключавую ролю ў распальванні антыўрадавых настрояў павінна адыграць грузінскі прэзідэнт Саломэ Зурабішвілі. Як задумалі «вашынгтонскія рэжысёры», кіраўнік дзяржавы дасць інтэрв'ю аднаму з амерыканскіх СМІ, у якім ускладзе на грузінскі ўрад віну за «дэградацыю» перамоўнага працэсу па ўступленні Тбілісі ў ЕС, папярэдзіць «шырокую грамадскасць» аб «катастрафічных наступствах збліжэння з Масквой». Амерыканскія «куратары» ўжо далі каманду апазіцыйным сілам у Грузіі прыступіць да планавання прымеркаваных да выбараў пратэстных выступаў у краіне. «Таранам» супраць уладных структур заклікана стаць насельніцтва Тбілісі», разагрэтае «вясной гэтага года на антыўрадавых акцыях у сувязі з Законам аб «замежных агентах», — гаворыцца ў заяве расійскіх спецслужбаў. Зрэшты, ніякіх доказаў у яго падтрымку выказана не было.
Раней, 30 траўня, 1 канал расійскага тэлебачання прысвяціў самы папулярны эфірны час разбору дзейнасці прэзідэнта Грузіі. Довады запрошаных у студыю «экспертаў» былі цалкам ідэнтычныя з высновамі расійскай выведкі за 9 чэрвеня.
У адказ Дзярждэп ЗША назваў заяву расійскага боку абсурдам:
«Расія ўжо не першы раз выстаўляе падобныя абвінавачванні ЗША ва ўмяшанні ў справы Грузіі і іншых краін свету, якія з'яўляюцца абсалютна ілжывымі. І я проста паказваю на іронію краіны: Расіі, якая незаконна акупуе 20% тэрыторыі Грузіі, — і цяпер выстаўляе гэтыя абсурдныя абвінавачванні на адрас іншай краіны», – заявіў на брыфінгу прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер.
Віцэ-спікер парламента Грузіі Гія Вольскі асудзіў як заявы Расіі, так і ЗША. Але ў першую чаргу яго збянтэжыла пазіцыя амерыканскага дыпламата:
«Калі Расія робіць нейкія заявы і на іх адказвае Мілер, гэта з'яўляецца прыкметай непрафесіяналізму, бо мэтай Расіі з'яўляецца не захаванне ўлады «Грузінскай мары», а падтрымка нестабільнасці, у якой яны будуць спрабаваць злавіць рыбку ў каламутнай вадзе. Што тычыцца Захаду, то ён падрывае свой імідж у Грузіі, выказваючы падтрымку крываваму «Нацыянальнаму руху». Яны, як і Мэцью Мілер, павінны думаць, што адбудзецца з нашай краінай, але ім пляваць на Грузію, чым больш тут будзе нестабільнасці і чым больш тут крыві пральецца, тым лепш будзе для радыкальнай апазіцыі».
У сваю чаргу, апаненты ўлады мяркуюць, што заява выведкі Расіі гучыць ва ўнісон з заявамі лідараў і дэпутатаў «Грузінскай мары».
Па прыклады далёка хадзіць не трэба: яшчэ ўчора адзін з самых актыўных дэпутатаў партыі ўлады Іраклій Заркуа распавёў журналістам аб працы пэўных «уплывовых груп», якія, маючы ўплыў на заходніх паслоў, распрацоўваюць сцэнар рэвалюцыі, за якім павінна рушыць услед адкрыццё «другога фронту» супраць Расіі.
Усё гэта, са слоў апазіцыі, толькі павялічвае прорву паміж грузінскай уладай і заходнімі партнёрамі.
На думку партыі «Гахарыя за Грузію», укід расійскіх спецслужбаў, згодна з якім Захад плануе ўмяшанне ў выбары і рэвалюцыю, з'яўляецца асноўным інструментам фальсіфікацыі і ўздзеяння на выбаршчыкаў.
«Вышэйзгаданая падробка, якая на самай справе прыдуманая для прыкрыцця ўмяшання Расіі ў выбары, актыўна распаўсюджваецца ўрадавымі прапагандысцкімі каналамі, так званымі «экспертамі» ўлады, інтэрнэт-тролямі, а таксама вуснамі першых асоб «Грузінскай мары» – яны абвінавачваюць Захад у спробах зладзіць рэвалюцыю, а Расію называюць гарантам суверэнітэту, і гэта калі Захад абараняе цягам 30 гадоў наш суверэнітэт ад Расіі, якая акупавала 20% нашых тэрыторый», – гаворыцца ў заяве партыі.
Са свайго боку, палітолаг Гія Джапарыдзэ, які ўступіў у шэрагі абноўленай платформы ЕНД, лічыць, што Расія не ўпершыню аказвае прамую падтрымку цяперашняй грузінскай улады:
«Заяву расійскай выведкі неаднаразова транслявалі прадстаўнікі ўлады, нічога новага мы не пачулі. Нагадаю, адной з прычын адмены сумесных амерыкана-грузінскіх ваенных вучэнняў з боку ЗША была названая антызаходняя прапаганда ўлады, якая як мінімум двойчы заяўляла аб рыхтаваным ваенным перавароце з боку нашых міжнародных партнёраў. Таму заяву расійскага боку варта разглядаць у якасці адкрытай падтрымкі рэжыму «Грузінскай мары».
Нагадаем, 18 верасня мінулага года Служба дзяржбяспекі Грузіі (СДБ) апублікавала заяву, у якой распавядалася пра падобны сцэнар, — праўда, запланаваны на снежань 2023 года. Галоўнай мэтай гэтага сцэнару, які планаваўся пры каардынацыі і фінансавай падтрымцы замежных краін, было «звяржэнне ўрада гвалтоўнымі метадамі», адзначалася ў заяве СДБ.
Як пісаў НЧ, 9 чэрвеня стала вядома, што Еўрасаюз часова прыпыніў працэс далучэння Грузіі да блоку: «так вырашылі лідары ЕС на апошнім пасяджэнні Еўрапейскай рады». Пра гэта заявіў амбасадар ЕС у Грузіі Павел Герчынскі.
У рашэнні ЕС сказана, што Еўрапейская рада «выказвае сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з нядаўнімі падзеямі ў Грузіі», у прыватнасці, з-за прыняцця закона «Аб празрыстасці замежнага ўплыву», што »ўяўляе сабой адступленне ад крокаў, выкладзеных у рэкамендацыі Камісіі аб прадастаўленні статусу кандыдата».
«Еўрапейская рада заклікае ўлады Грузіі растлумачыць свае намеры і скасаваць цяперашні курс дзеянняў, які ставіць пад пагрозу шлях Грузіі ў ЕС і дэ-факта прыводзіць да спынення працэсу ўступлення», — гаворыцца ў пастанове.
Амбасадар Еўрасаюза ў Грузіі заявіў журналістам, што акрамя прынятага закона аб «замежных агентах» з мэтай уступлення Грузіі ў ЕС «цалкам несумяшчальная антызаходняя, антыеўрапейская рыторыка».
Акрамя таго, Еўрасаюз прыпыніў падтрымку Грузіі з Еўрапейскага фонду міру і замарозіў вылучэнне 30 мільёнаў еўраў для Сіл абароны Грузіі.
- Нагадаем, Еўрапейская рада 14 снежня 2023 года надала Грузіі статус кандыдата ў сябры Еўрасаюза. Тады ж Еўрапейская рады вырашыла пачаць перамовы з Украінай і Малдовай аб уступленні ў ЕС.
- Парламент Грузіі ў сярэдзіне траўня прыняў закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву», які выклікаў масавыя пратэсты ў краіне. Спікер парламента Шалва Папуашвілі падпісаў папраўкі ў пачатку чэрвеня. Крытыкі параўноўваюць закон з расійскім законам аб «замежных агентах». Пасля прыняцця дакумента ЗША абвясцілі, што абмяжуюць выдачу віз тым, хто адказны за «падрыў дэмакратыі» ў краіне, а таксама пачалі пераглядаць двухбаковае супрацоўніцтва. У некаторых краінах ЕС заклікалі адмяніць бязвізавы рэжым з Грузіяй.
- Кіруючая партыя «Грузінская мара» ў чэрвені прадставіла пакет паправак «Аб сямейных каштоўнасцях», якія, у прыватнасці, прадугледжваюць забарону на трансгендарны пераход, на ўсынаўленне дзяцей аднаполымі парамі і распаўсюд інфармацыі, звязанай з ЛГБТК+. Законапраект, распрацаваны ў Грузіі, падобны да Закону аб забароне «Прапаганды ЛГБТ», які дзейнічае ў Расіі. Парламент Грузіі 27 чэрвеня прыняў законапраект у першым чытанні.