Адбываецца «беларусізацыя» Грузіі?

ЗША абвясцілі «Грузінскай мары» і тым, хто адказны за прыняцце закона пра замежных агентаў, візавыя абмежаванні.

hruzija___es.jpg

Дзяржаўны дэпартамент ЗША абвясціў аб увядзенні новай палітыкі візавых абмежаванняў для грамадзян Грузіі, «адказных або датычных да падрыву дэмакратыі» ў краіне, і членаў іх сем'яў, піша «Голас Амерыкі».

Белы дом папярэдзіў, што новае заканадаўства «ў расійскім стылі» прывяло да «ўсебаковага перагляду» ўсяго супрацоўніцтва паміж ЗША і Грузіяй.

Дзярждэпартамэнт патлумачыў візавыя абмежаванні адказнасцю прадстаўнікоў уладаў Грузіі за «падаўленне грамадзянскай супольнасці і свабоды мірных сходаў у Грузіі».

«Мы працягваем спадзявацца, што лідары Грузіі разгледзяць праект закона і прымуць меры для прасоўвання дэмакратычных і еўраатлантычных памкненняў сваёй краіны. Разглядаючы адносіны паміж нашымі краінамі, мы будзем улічваць дзеянні Грузіі пры планаванні нашых уласных», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве Дзярждэпартамента ЗША.

У прыватнасці, дзеянні кіроўнай партыі «Грузінская мара», якая распрацавала і прыняла закон аб «замежным уплыве», які, на думку Дзярждэпартаменту, душыць ажыццяўленне свабоды асацыяцыяў і выказвання поглядаў, стыгматызуе арганізацыі, якія служаць грамадзянам Грузіі і перашкаджае незалежным СМІ.

Глядзіце таксама

Улады разгарнулі кампанію запалохвання і гвалту супраць грамадзян Грузіі, якія выйшлі на акцыі пратэсту, заяўляюць у ЗША. 

«Сам закон [аб «замежных агентах»] і рэпрэсіўная тактыка, якая выкарыстоўваецца для падаўлення пратэсту, падрываюць дэмакратыю Грузіі і асноўныя свабоды, на якія мае права грузінскі народ, і супярэчаць даўно заяўленай мэце Грузіі, абвешчанай у яе канстытуцыі, – еўраатлантычнага супрацоўніцтва і стратэгічнага партнёрства з ЗША», – гаворыцца ў заяве дзяржсакратара Энтані Блінкена.

Нагадаем, тысячы людзей пратэстуюць у Грузіі супраць закона аб «замежным уплыве». Міжнародная арганізацыя «Freedom House» асудзіла рэпрэсіі і гвалт, якія працягваліся супраць мірных удзельнікаў гэтых пратэстаў.

Freedom House лічыць, што новаўвядзенні стыгматызуюць законную грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ і даюць грузінскім уладам новыя інструменты, якія яны могуць выкарыстоўваць для накладання штрафаў або іншых пакаранняў на няўрадавыя арганізацыі, з працай якіх урад не згодны. 

Глядзіце таксама

Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі наклала вета на закон аб «замежных агентах», але «Грузінская мара» абвясціла, што 28 траўня яго пераадолее: «Гэты закон па сваёй сутнасці і па духу — гэта расійскі закон, які супярэчыць нашай канстытуцыі і супярэчыць усім еўрапейскім нормам настолькі, што з’яўляецца перашкодай на нашым еўрапейскім шляху». Пра гэта сказала Зурабішвілі ў звароце да грузінскага народу.

Лідар рэспубліканскай меншасці ў Сенаце ЗША Мітч МакКонэл выказаў спадзяванне, што ўлады ў Тбілісі «паставяць суверэнітэт краіны вышэй за перспектыву падпарадкавання» і адменяць «расійскае заканадаўства».

МакКонэл далучыўся да шэрагу ўрадавых чыноўнікаў і палітыкаў ЗША, якія заклікаюць Грузію не ўводзіць заканадаўства аб «замежных агентах», якое, на іх думку, было інспіравана Масквой, дзе падобны закон выкарыстоўваўся для пераследу незалежных СМІ, няўрадавых арганізацый і апазіцыя.

Глядзіце таксама

На нашых вачах адбываецца зусім не «ўкраінізацыя», якой палохаюць улады Грузіі, а «беларусізацыя» Грузіі, заявіў дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка, якога беларускія ўлады прызналі экстрэмістам,  на пасяджэнні Пастаяннага камітэта ПАРЕ, дзе сёння абмяркоўвалася бягучая сітуацыя ў Грузіі.

«Мы ўжо бачылі рэжым, які спачатку пачынае стыгматызаваць грамадзянскую супольнасць, потым фальсіфікаваць выбары, потым адбываюцца забойствы і арышты апазіцыянераў... І вось, аказваецца, ёсць яшчэ адна краіна, якая стаіць не на еўрапейскім шляху», — сказаў Гачарэнка.

Таксама Гачарэнка заявіў, што «рэальны гаспадар Грузіі Бідзіна Іванішвілі сёння гаворыць на мове Пуціна — і гэта рэальнасць, якую мы маем сёння». «Што мы можам зрабіць? — вось у чым пытанне», — сказаў Ганчарэнка і на грузінскай мове заклікаў народ Грузіі адстойваць сваю свабоду, піша Newsgeorgia.

Паводле www.ekhokavkaza.comwww.holosameryky.com, сацсетак