«Напружанасць нарастае». Беларускія войскі сцягваюць да мяжы з Украінай
Сёння ў тэлеграм-канале Міністэрства абароны з’явілася адразу тры каментары вайсковых чыноўнікаў, якія заявілі прыкладна адно і тое ж. Маўляў, на мяжы з украінскага боку павялічылся групоўка УСУ, таму і беларускія падраздзяленні для «прадухілення правакацый» перамяшчаюцца на поўдзень краіны.
Спачатку выступіў намеснік камандуючага Сіламі спецыяльных аперацый па ідэалагічнай рабоце палкоўнік Вадзім Лукашэвіч.
«Становішча на беларуска-ўкраінскай мяжы характарызуецца нарастаннем напружанасці, — сказаў ідэолаг. — Кааліцыяй заходніх краін развязаны гарачы канфлікт паблізу нашай тэрыторыі. З іх боку робяцца спробы ўцягнуць нашу краіну ў вайну. У гэтых складаных умовах наша краіна робіць усё, каб захаваць мір на беларускай зямлі.
У нас маецца інфармацыя, што Украіна сцягвае да нашых межаў войскі, узбраенне, вайсковую тэхніку. У прыватнасці, у Жытомірскай вобласці размешчаныя амерыканскія баявыя машыны пяхоты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, цяжкая дальнабойная артылерыя і іншая тэхніка.
Паводле нашых ацэнак, ва УСУ не ўсё добра на фронце. Нягледзячы на велізарныя страты, недахоп тэхнікі, яны сцягваюць да нашых межаў вялікую колькасць асабістага складу. Вайскоўцы пастаянна займаюцца піярам таго, што нібыта будуюць абарончыя пазіцыі, будуюць абарончыя збудаванні, мінна-выбуховыя загароды на нашай мяжы. Пры гэтым спрабуюць паказаць усім, што яны нібыта рыхтуюцца абараняцца. Але мы дакладна ведаем, што ў шэрагу мінна-выбуховых загарод маюцца праходы, яны іх абсталявалі. Для чаго яны гэта зрабілі? Напэўна, каб у далейшым праз гэтыя праходы была магчымасць пранікнуць на нашу тэрыторыю дыверсійна-разведвальным групам праціўніка, рэйдавым атрадам, каб на нашай беларускай зямлі правесці дыверсіі, тэрарыстычныя акты.
Акрамя таго, мы ведаем пра тое, што УСУ разгарнулі сістэмы назірання радыёэлектроннай разведкі паблізу нашых межаў, шырока выкарыстоўваюць беспілотныя лятальныя апараты. Перыядычна яны, парушаючы мяжу, залятаюць на нашу тэрыторыю.
Нашы падраздзяленні Сіл спецыяльных аперацый выконваюць задачы сумесна з органамі пагранічнай службы. Яны маюць задачу весці пошукавыя дзеянні, а ў выпадку выяўлення дыверсійна-разведвальных груп праціўніка блакаваць і знішчыць іх. Акрамя таго, вайскоўцы нясуць службу на блокпастах, затуляюць падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі, знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасці да аператыўнага рэагавання, вылучэння пры неабходнасці ў раёны засадных дзеянняў на прызначаныя рубяжы. Вайскоўцы Сіл спецыяльных аперацый зараджаныя на якаснае выкананне пастаўленых задач. Мы гатовыя да любых правакацый, мы гатовыя даць адпор любому суперніку».
Затым у тэлеграм-канале ведамства з’явіўся каментар начальніка зенітна-ракетных войскаў палкоўніка Андрэя Севярынчыка:
«У апошні час мы фіксуем рэзкае павелічэнне колькасці палётаў беспілотных лятальных апаратаў, якія вядуць выведку ў прыгранічных раёнах тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — сказаў ён. — Абстаноўка ў паветранай прасторы напружаная. Адзначаецца пастаяннае парушэнне дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы нашай дзяржавы. У сувязі з выкананнем задач мы не заўсёды можам адкрыта расказаць пра ўсе факты парушэння, але пры гэтым магу запэўніць, што ні адно парушэнне не застаецца без уздзеяння.
Неабходна ўлічваць, што падраздзяленні Узброеных сіл Украіны, якія знаходзяцца на прыгранічнай тэрыторыі, забяспечаныя не толькі разведвальнымі беспілотнымі лятальнымі апаратамі, але і апаратамі з магчымасцю нанясення паражэння ў глыбіню Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на тое, што ўкраінскія фарміравання адчуваюць праблемы са сродкамі супрацьпаветранай абароны на іншых напрамках, адзначана скапленне сіл СПА ў Жытомірскай вобласці.
Для забеспячэння выяўлення лятальных апаратаў у паветранай прасторы нашай краіны дадаткова нарошчаныя сілы і сродкі выведкі. Выкананне задач баявога дзяжурства ваенна-паветранымі сіламі і войскамі СПА ў мірны час — іх асноўная задача. Ажыццяўляецца вядзенне радыёлакацыйнай выведкі сіламі радыётэхнічных войскаў у цесным узаемадзеянні з падраздзяленнямі радыёэлектроннай барацьбы, якія на сённяшні дзень з'яўляюцца адным з самых эфектыўных па барацьбе з беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Таксама нарошчаная сістэма пастоў візуальнага назірання з адной мэтай — забеспячэнне інфармацыяй агнявых падраздзяленняў зенітных ракетных войскаў і войскаў СПА, якія стаяць на баявым дзяжурстве. З гэтай мэтай дадаткова выведзеныя сілы і сродкі СПА ў прызначаныя раёны для прыкрыцця паўднёвых рубяжоў, а таксама крытычна важных аб'ектаў Рэспублікі Беларусь.
У кругласутачным рэжыме ажыццяўляюцца палёты дзяжурных экіпажаў авіяцыі для патрулявання мяжы і вядзення выведкі, а таксама рэагавання на разнастайныя задачы. Дзеянні ў забеспячэнні бяспекі ў паветранай прасторы ажыццяўляюцца ў цесным узаемадзеянні з падраздзяленнямі пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Хацелася папярэдзіць і астудзіць гарачыя галовы тых, хто спрабуе ўцягнуць нашу краіну ва ўзброены канфлікт. Мы гатовыя рашуча прымяніць усе наяўныя сілы і сродкі для абароны сваёй тэрыторыі, насельніцтва Рэспублікі Беларусь ад магчымых правакацый у паветранай прасторы».
Нарэшце на авансцэну выйшаў анчальнік Генеральнага штаба генерал-маёр Павел Муравейка.
«Становішча на нашай паўднёвай мяжы досыць складанае, — у сваю чаргу заявіў ён. — І яно мяняецца кожны дзень, прычым не ў лепшы бок. У нас 1084 кіламетры мяжы з Украінай. Літаральна ў апошнія тыдні мы назіраем пакуль нічым не абгрунтаваную і пакуль незразумелую нам актыўнасць паблізу нашых межаў з боку Украіны.
У населены пункт Оўруч на Ровенска-Жытомірскім напрамку прыбылі падраздзяленні спецыяльнага прызначэння 1-й прэзідэнцкай брыгады. Спецназ паблізу мяжы заўсёды насцярожвае. І гэта тыя аб'екты, якія фарміруюць рэальныя выклікі, якія здольныя насыціць нашу тэрыторыю дыверсійна-разведвальнымі групамі, здольныя праводзіць правакацыі.
Акрамя таго, мы бачым перамяшчэнне войскаў, перыядычныя палёты беспілотнікаў тыпу «Байрактар» паблізу дзяржаўнай мяжы. Мы сутыкаемся з правакацыямі па дзеяннях беспілотнай авіяцыі на тактычным узроўні, якая парушае нашу дзяржаўную мяжу.
Мы бачым, што адбываецца мініраванне і нарошчванне інжынерных загарод.
Мы вымушаныя перамяшчаць туды нашы падраздзяленні, уступаць ва ўзаемадзеянне з органамі памежнай службы, нарошчваць асобныя кірункі і рыхтавацца да прыкрыцця, а таксама рухаць туды артылерыю для таго, каб своечасова быць здольнымі адрэагаваць.
Скажу, што сітуацыя няпростая. Калі пакуль відавочных правакацый магутных, рэзанансных не адбылося, то гэта толькі дзякуючы таму здароваму сэнсу, які маецца на ўсіх узроўнях камунікацыі і ўзаемадзеяння. Гэта і палітычныя дасягненні, гэта і памежнае ўзаемадзеянне, гэта і дзеянні нашых падраздзяленняў, у тым ліку паблізу мяжы. Але рэальныя выклікі, умовы для таго, каб зрабіць нейкія маніпуляцыі, сёння выразна праглядаюцца. Мы гэта бачым, і мы трымаем руку на пульсе».
Ва Украіне ўжо абверглі заявы лукашэнкаўскіх вайсковых чыноўнікаў, назваўшы іх «інфармацыйнай аперацыяй Расіі па нагнятанні на мяжы з Беларуссю».
«Пагроза паступае з Беларусі — там ёсць расійскія ДРГ, — адзначыў кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі Андрэй Каваленка. — Задача расійцаў простая — за кошт нагнятання адцягнуць больш нашых сіл туды. Любая інфармацыя аб нашай актыўнасці ў памежжы з'яўляецца хлуснёй. Наяўнасць расійцаў з боку Беларусі ў якасці ДРГ — ёсць. Але для ўварвання сіл там няма».
У той жа час Дзяржаўная памежная служба Украіны ў чарговы раз падкрэсліла, што любыя дзеянні сіл абароны на мяжы з Беларуссю накіраваныя на абарону Украіны ад агрэсіўных дзеянняў ворага.
«Беларусам мроіцца сцягванне самых разнастайных падраздзяленняў, усяго наяўнага ўзбраення і тэхнікі. Каго і што яны толькі не згадвалі, і хто ўжо толькі не рабіў такія заявы. Верагодна, і самі заблыталіся ў сваіх паказаннях. Гэта зноў вельмі нагадвае тэзісы пра тое, «адкуль рыхтаваўся наступ». Магчыма, і карты ўжо намалявалі», — паіраінізаваў прадстаўнік памежнай службы палкоўнік Андрэй Дземчанка.
Ён адзначыў, што Украіна не ўяўляе пагрозы для Беларусі, а наадварот
вымушаная абараняцца. Дземчанка дадаў таксама, што Украіна нарошчвае
фартыфікацыйныя магчымасці менавіта для абароны, і зусім не нападу. Таму ніякіх
правакацый, як пра гэта заяўляе беларускі бок, у гэтым няма.