Эканоміку Беларусі напампоўваюць перад вайной, якая ўсё спіша?

Напампаваная таннымі грашыма эканоміка Беларусі працуе на мяжы сваіх вытворчых магчымасцяў і расце як не ў сябе. Нават дружалюбны Еўразійскі банк папярэджвае, што доўга яна так не вытрымае. Але, можа быць, беларускім уладам доўга і не трэба? Ім бы дзень прастаяць і ноч пратрымацца. Таму што калі рыхтуешся да вайны, народная любоў важней чым фінансавая стабільнасць. А потым вайна ўсё спіша.

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__3__logo.jpg

Як у апошні раз

Да восені мінулага года вытворчыя магутнасці ўжо былі загружаныя на 70 працэнтаў, піша Андрэй Бранішэўскі на партале planbmedia.io. Цяпер узровень яшчэ вышэйшы. Загрузка вытворчых магутнасцяў у Расіі, паводле ацэнкі кіраўніка Ашчадбанка Германа Грэфа складае 84 працэнтаў. У Беларусі наўрад ці нашмат ніжэй. І гэта мяжа, якая азначае, што эканоміка працуе з колаў і без рэзерваў. Спыняцца нельга, азірнуцца назад некалі.

За чатыры месяцы эканоміка Беларусі вырасла на 5,1 працэнта, пры аптымістычным прагнозе не вышэй за чатыры. Здавалася б, можна прытармазіць. Але не. За пяць месяцаў рост эканомікі склаў 5,2 працэнта.

Насуперак законам Божым і эканамічным тэмп росту заробкаў удвая абганяе тэмпы росту эканомікі. А ёсць яшчэ крэдыты, сярэднія стаўкі па якіх упалі да 9,5 працэнта, гэта значыць, да ўзроўню стаўкі рэфінансавання.

Не кажучы ўжо аб льготных крэдытах. На куплю айчынных тавараў банкі крэдытуюць пад чатыры працэнты гадавых. Урад кажа, што збіраецца павялічыць крэдытны ліміт з трохсот да пяцісот базавых велічынь. Таму што айчынныя тавары самі сябе не прададуць. Нацбанк Беларусі выбірае нетрадыцыйныя адносіны з эканомікай і абяцае не спыняцца.

Беларускі экспарт за чатыры месяцы вырас усяго на два працэнты. Гэта значыць, уся адказнасць за эканамічны рост ўскладзена на ўнутраны рынак. І гэта не рост інвестыцый. Пры ўсіх поспехах беларускай эканомікі ўкладвацца ў будучыню беларускіх чыноўнікаў чамусьці не цягне.

Беларуская эканоміка цяпер — эканоміка ліхаманкавага спажывання. Лішнія грошы пякуцт сцягно і шэпчуць: купі, купі, купі.

Тэмпы росту імпарту больш чым у два разы абагналі тэмпы росту экспарту. Адмоўнае гандлёвае сальда да траўня вырасла да 150 мільёнаў долараў і кампенсаваць яго няма чым, акрамя бедных рэзерваў Нацбанка.


Глядзіце таксама

За чый кошт банкет

Але ў Нацбанка ёсць хоць бы яго рэзервы. У беларускіх кампаній з рэзервамі ўсё значна горш. Кантроль цэн не прайшоў дарма. Цяпер ужо траціна прадпрыемстваў не маюць абаротных сродкаў. Гэта значыць, ім даводзіцца пазычаць, каб плаціць заробкі або разлічыцца з пастаўшчыкамі.

Прыбыткі драматычна ўпалі ў галінах, якія яшчэ нядаўна выдатна сябе адчувалі. Даходы абваліліся ў малочнікаў, півавараў і мяснікоў. Дзяржаўны кантроль цэн ужо пазбавіў прадпрыемствы ад лішняга тлушчыка, а цяпер пазбаўляе сродкаў да існавання. Улічваючы асаблівасці нацыянальных справаздач, не факт, што насамрэч справы не ідуць яшчэ горш.

Прычым чым далей, тым цяжэй цэнавому кантролю спраўляцца з цэнамі. Інфляцыя ў Беларусі ўжо ў разы вышэйшая, чым у суседзяў. Беларускія 5,7 працэнта інфляцыі выглядаюць як вельмі сумнеўнае дасягненне на фоне літоўскага паўпрацэнта.

Але нават каб утрымацца ў гэтых рамках, рэгуляваць цэны прыходзіцца больш і часцей. Гэта значыць прыбыткам прадпрыемстваў становіцца горш, а інфляцыйны навес можа зваліцца на галаву ў самы непадыходны момант.

І толькі беларускія чыноўнікі яго не заўважаюць. Урад заўзята выхваляецца перамогай над логікай і здаровым сэнсам і паводзіць сябе так, як-быццам заўтра не наступіць.


Глядзіце таксама

Усе спіша

Не турбуйцеся, што будзе заўтра, калі заўтра не наступіць. Дакладней, калі заўтра ўсе эканамічныя беды ўлады змогуць растлумачыць не сваімі пралікамі, а непераадольнымі знешнімі абставінамі. Калі сакрэтныя карты, адкуль на беларускі росквіт рыхтаваўся напад, ужо намаляваныя і чакаюць, калі іх можна будзе прад'явіць народу.

Пуцін ужо прыгразіў ударамі расійскай зброяй па тэрыторыі краін, якія пастаўляюць узбраенні Украіне. Генерал Хрэнін у панядзелак супакоіў. Сказаў, што Расіі не трэба пастаўляць у Беларусь ніякай дадатковай зброі. Усё, што трэба, у Беларусі ўжо ёсць.

«На тэрыторыі нашай краіны без ведама кіраўніцтва нашай краіны нічога не робіцца», — сказаў Хрэнін.

Ніхто ўвогуле і не сумняваўся, што калі з тэрыторыі Беларусі пачнецца новая вайна, то беларускія ўлады пра гэта загадзя паведамяць. Як яны былі загадзя ў курсе нападу на Украіну.

Насамрэч сваю вайну супраць НАТО, пакуль, праўда, неабвешчаную і ў гібрыднай форме, Масква і Мінск ужо пачалі. Нападамі мігрантаў на межы і дыверсіямі на тэрыторыі безумоўнага праціўніка. Але калі гэтую вайну стане ўжо немагчыма хаваць, то санкцыямі, вядома, не абыдзешся. Таму і рыхтаваць да іх эканоміку бескарысна.

А вось што дакладна будзе карысна, дык гэта крыху больш народных сімпатый. Ці хаця б менш народных антыпатый. І калі пачаць вайну з НАТО, а ваяваць будзе няма каму, то могуць здарыцца непажаданыя ўскладненні. Генераламі, якія прывыклі ваяваць у тэлевізары, вайны не выйграць. У такой адказнай справе без народнай любові не абысціся.

А ўяўленні пра беларускі народ у Лукашэнкі за апошнія трыццаць гадоў не змяніліся. Лозунг «Хлеба і відовішчаў» як быў асновай яго палітычнай платформы трыццаць гадоў таму, так з тых часоў не памяняўся.

Цяперашні росквіт, які ўлады напампоўваюць, не думаючы пра заўтрашні дзень — гэта хлеб. Эканоміка Беларусі працуе цяпер на народную любоў. А антыкарупцыйная кампанія павінна забяспечыць народу відовішчы.

Таму росквіту трэба проста яшчэ трохі пратрымацца. Паўгода, год ці некалькі месяцаў. А потым ужо вайна ўсё спіша.