«Прычына росту заробкаў у Беларусі — недахоп працоўных рук»
Прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч — пра тое, чаму ў Беларусі растуць заробкі, але ў гэтым няма нічога добрага.
Пра патэнцыйную дэвальвацыю ў Беларусі кажуць як незалежныя
эканамісты, так і лаяльныя рэжыму эксперты фінансавай сферы, напрыклад,
спецыялісты Нацбанка, якія асцярожна адзначаюць «рост дэвальвацыйных рызык».
Што насамрэч адбываецца ў беларускай эканоміцы, і ці бегчы грамадзянам у абменнікі, ці не даставаць заначку з-пад матрацаў?
— Трэба
разумець, што долар — гэта
такі ж тавар, як хлеб, крэсла або аўтамабіль. Яго кошт вызначаецца ў Беларусі
коштам на біржы: колькі людзей (або прадпрыемстваў) хочуць купіць долары за беларускія рублі, і
колькі хочуць прадаць. Таму ў нас усё яшчэ рынкавае цэнаўтварэнне, — цытуебізнесоўца, блогера Аляксандра
Кныровіча «Салідарнасць» са спасылкай на канал
«Кныровіч.План».
— З гэтага пункту гледжання ў эканоміцы колькасць беларускіх рублёў актыўна павялічваецца, прытым зусім непрапарцыйнымі тэмпамі ў параўнанні з ростам самой эканомікі. У чым гэта выяўляецца?
Давайце паглядзім на беларускія заробкі. Паводле справаздачы Белстата, яны, калі не ўлічваць інфляцыю, выраслі за год фактычна на 20%. Задамося пытаннем: што, мы сталі на 20% лепш працаваць або больш прадукцыі выпускаць? Не, так не атрымліваецца.
ВУП вырас нешта каля 5%, адпаведна, нават калі вы ўлічыце рост ВУП і чакаеце інфляцыю, якую спрабуюць «заціскаць», заганяць кудысьці пад крэсла — усё роўна атрымаецца, што прыкладна 10% — гэта лішнія, надрукаваныя грошы.
Прычына росту заробкаў, прадаўжае бізнесовец, простая: у беларускай эканоміцы не стае працоўных рук. Гэта таксама прызнаюць нават рэжымныя эксперты — ды і як не прызнаць, калі ў Рэспубліканскім банку вакансій кожны месяц здараецца новы рэкорд па колькасці адкрытых вакансій, і на сёння гэта лічба прыкладна ў 140 тысяч незанятых працоўных месцаў.
— Пры агульнай колькасці занятых у эканоміцы каля 4 мільёнаў людзей — гэта вельмі вялікая лічба, — падкрэслівае Аляксандр Кныровіч. — І з кожным месяцам яна ўсё большая. У выніку — заробкі растуць марна. Таму што, калі ў вас на заводзе працуе слесар, вы вымушаныя падымаць яму зарплату — інакш яго перавабіць суседні завод, дзе не хапае людзей.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Ёсць яшчэ рост спажывецкага крэдытавання. Банкі Беларусі актыўна раздаюць грошы грамадзянам. Такое крэдытаванне за мінулы год вырасла на 25%, і гэта таксама азначае прыток беларускіх рублёў у эканоміку.
Увесь гэты паток лішніх рублёў прыходзіць на рынак — і за кошт гэтага расце рознічны тавараабарот, расце фактычна ў два разы хутчэй, чым уся астатняя эканоміка.
Аднак калі хтосьці думае, што ўсё тут добра, яго чакае расчараванне, дадае бізнесовец. Таму што ёсць маленькая, але важная дэталь. Прыходзіць нехта з беларускімі рублямі на рынак — і выяўляе, што там няма беларускіх тавараў, бо іх больш, нагадаем, не зрабілі. А значыць — расце імпарт.
І толькі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю паказальна здзіўляецца, з-за чаго ў гіпермаркетах так мала айчынных тавараў, а доля імпарту пачала актыўна расці?
— Таварыш Багданаў на чале МАРГ моцна праз гэта хвалюецца і потым піша ліст аб тым, што нашы вытворцы павінны лепш працаваць і забяспечваць гандаль, — кажа Аляксандр Кныровіч. — Глупства, вядома, поўнае: калі раздаваць грошы вось так бясплатна, то якія вытворцы і што ў нас забяспечаць?
Аднак факт застаецца фактам: у нас расце імпарт, што відаць у статыстыцы знешняга гандлю. І калі ў 2022 годзе быў рэкорд, у плюс зарабілі $4 мільярды, то ў 2023-м гэтая лічба ўпала амаль у чатыры разы, хоць быў усё яшчэ плюс.
На гэты год прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка абяцаў, што знешні гандаль будзе амаль на 800 мільёнаў долараў у плюсе, гэта значыць 70 мільёнаў за месяц.... І ў красавіку гэта здарылася — толькі не ў плюс, а ў мінус.
І гэтая дзірка пачала паскорана павялічвацца. Таму
што, як адзначалася ўжо не раз, Беларусь прайграе самы галоўны для сябе
расійскі рынак кітайскім канкурэнтам — а іншых рынкаў у яе няма.