«Цяпер валютны курс у Расіі будзе фармавацца, як у 1990-х гадах»

Праз уведзеныя санкцыі на Маскоўскай біржы цяпер нельга гандляваць ні доларамі, ні еўра. Расійскі Цэнтрабанк будзе вызначаць валютны курс па выніках пазабіржавых таргоў. Якім чынам гэта будзе адбывацца, і як гэта адаб’ецца на Беларусі?

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__2__logo.jpg

— Вядома, на першы погляд, падавалася б, гаворка ідзе пра механізмы фармавання курсу непасрэдна ў Расіі, і гэта ніяк не тычыцца Беларусі, — адзначыла ў інтэрв'ю Еўрарадыё эканамістка Аліса Рыжычэнка. — Але ў той жа час гэта сур'ёзны ўдар па валютным рынку Расіі, і тут ёсць шэраг вынікаючых наступстваў, якія ў наступным могуць паўплываць і на эканоміку Беларусі.

Тое, што санкцыі забараняюць любы гандаль еўра і доларам, як і любыя аперацыі з удзелам валюты на Маскоўскай біржы, наносіць удар не толькі па самой біржы і яе даходнай часткі, але і аказвае ціск на акцыі прадпрыемстваў, якія прадаюцца на гэтай біржы, тлумачыць эканамістка.

— І фактычна курс цяпер у Расіі будзе фармавацца, як у 90-х гадах. Гэта значыць гандаль валютай будзе адбывацца на міжбанкаўскім узроўні, трэйдары будуць вусна паведамляць адзін аднаму з дапамогай мэсэнджараў або тэлефонных званкоў аб здзелках, і на падставе справаздачнасці банкаў Цэнтрабанк Расіі будзе фармаваць курс, — тлумачыць Аліса Рыжычэнка. — Усё гэта цягне за сабой досыць вялікія затрымкі па фармаванні курсу. І гэта якраз можа прывесці да таго, што Цэнтрабанку давядзецца праводзіць валютныя інтэрвенцыі, бо павялічваецца розніца паміж продажам і купляй валюты.

Наўпроставага ўплыву на курс беларускага рубля гэта, на думку эксперткі, не акажа. А калі і акажа, то ў вельмі малых працэнтных суадносінах.

— Іншае пытанне, што такія санкцыі на галоўныя фінансавыя інструменты ў Расіі могуць прывесці да таго, што расійская эканоміка будзе скарачацца, акцыі прадпрыемстваў будуць падаць, будуць скарачацца інвестыцыі ў гэтыя прадпрыемствы, — тлумачыць эканамістка. — Усё гэта, у сукупнасці з нявызначанасцю, будзе скарачаць колькасць інвестыцый і прыток валюты ў краіну. Прычым прыток любой замежнай валюты, не толькі долара і еўра.

І гэта ў сваю чаргу можа паўплываць на беларускі экспарт, таму што цяпер беларуская эканоміка, і ў тым ліку каля 70% экспарту, завязаныя на Расію.

Эканамістка нагадвае, што па выніку першых чатырох месяцаў знешні гандаль таварамі і паслугамі ў Беларусі спрацаваў у мінус на 1,2 млрд долараў.

— І вось якраз гэта можа прывесці да зменаў у горшы бок і да абясцэньвання беларускага рубля, — тлумачыць Рыжычэнка. — Таму што, калі ў нас фармуецца адмоўнае сальда знешняга гандлю, гэта значыць мы прадаем менш, чым закупляем, адпаведна, прыток валюты ў нас менш, чым у ёй патрэба на рынку.

І гэта, вядома ж, ужо аказвае негатыўны ўплыў на курс нацыянальнай валюты. Вось гэты фактар нашмат больш важны і значны для беларускага валютнага рынку, чым самі санкцыі.

Паводле Салідарнасці