Як заўсёды: У праблемах асабістага жыцця беларускага рубля вінаватыя англасаксы

Санкцыі ўвялі супраць расійскага рубля, а беларускаму рублю цяпер даводзіцца пакутаваць! Прычым, відаць, беларускай нацыянальнай валюце будзе нават горш, чым грошам РФ, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__5__logo.jpg

Хацеў расказаць табе пра невыносныя маральныя пакуты электаральнай стабільнасці праз выбары ў Каардынацыйную раду. Але давядзецца, відаць, казаць пра сумнае. Таму што ўчора Мінфін ЗША ўвёў санкцыі супраць Маскоўскай валютнай біржы.

Так што цяпер беларускі рубель можа ганарыцца тым, што ён больш канвертуемы, чым расійскі. Але ніякай практычнай карысці беларускаму рублю ў яго асабістым жыцці ад гэтага статусу не будзе. А будзе наадварот. 

Таму што асабістае жыццё ў беларускага рубля будзе цяпер значна больш насычаным, чым раней. Такім жа насычаным, як у расійскага.

Праз санкцыі супраць Маскоўскай біржы цяпер на біржы нельга гандляваць ні доларамі, ні еўра. І расійскі Цэнтрабанк ужо сказаў, што ён будзе вызначаць валютны курс па выніках пазабіржавых таргоў. Гэта калі банкі прадаюць валюту адзін аднаму на прамую.

І калі валютай гандлявалі на біржы, то Цэнтрабанк мог уплываць на курс свайго рубля разнастайнымі інтэрвенцыямі. А калі банкі прадаюць валюту адзін аднаму наўпрост — то з усіх інтэрвенцый уплыву ў Цэнтрабанка застаюцца толькі вербальныя.

Глядзіце таксама

Гэта не значыць, вядома, што расійскі рубель цяпер упадзе глыбока і яго не будзе відаць. Ён, напэўна, упадзе. Але гэта неабавязкова. Аднак гэта значыць, што расійскі рубель будзе цяпер значна больш схільны да розных нядобрых уплываў і панічных атак. Гэта значыць, валацільнасць курсу расійскага рубля вырасце.

А беларускі рубель жа прывык дзяліць з расійскім усе яго нягоды і радасці. Не, я сур'ёзна. Улічваючы, што на Расію прыпадае 65 працэнтаў беларускага знешняга гандлю,  у беларускага рубля няма ніякіх іншых варыянтаў, акрамя як дзяліць з расійскім яго радасці і нягоды.

Уласна, беларускі рубель гэтым ужо даўно займаецца, а апошнія пару гадоў ён нават перастаў гэтага саромецца. Проста калі вы прадаяце ў адну краіну дзве траціны сваіх тавараў, то вы не пакідаеце сваёй валюце ніякіх шанцаў на аўтаномнае плаванне. І калі ў расійскага рубля раптам здарыцца панічная атака, то беларускі рубель будзе кідацца, як той зайчык пад прыцэлам стрэльбы.

Гэта значыць, Нацбанку значна больш і часцей трэба будзе марнаваць свае валютныя інтэрвенцыі «на згладжванне занадта рэзкіх ваганняў курсу айчыннай валюты». А не сказаць, каб у беларускага Нацбанка было шмат лішняй валюты на ўсе гэтыя інтэрвенцыі. У золатавалютных рэзервах Нацбанка валюты, якую ён можа выдаткаваць на інтэрвенцыі, засталося менш за 3 мільярды долараў у эквіваленце.


Глядзіце таксама

Вядома, каб зэканоміць дэфіцытную валюту, Нацбанк можа часам замяняць валютныя інтэрвенцыі на вербальныя. І, напэўна, ён будзе так рабіць. Таму што мастацтва вербальных інтэрвенцый у беларускага Нацбанка ўзыходзіць яшчэ да часоў героя Беларусі Пракаповіча. Але ёсць нюанс.

Беларускаму рублю нельга занадта моцна адставаць ад расійскага ў яго звілістым жыццёвым цыкле. Менавіта таму, што, зноў жа, 65 працэнтаў беларускага экспарту прадаецца ў Расію. 

Таму што калі беларускі рубель будзе даражэйшы за расійскі, то беларускі экспарт у Расію таксама падаражэе. А калі беларускі экспарт падаражэе, то яго не будуць браць. А калі яго не будуць браць, то куды яго потым дзець? Акрамя Расіі яго падзець няма куды.

Карацей, я табе што хачу сказаць? Я хачу сказаць, што зноў ва ўсім вінаватыя англасаксы. Як заўсёды. Увялі, можна сказаць санкцыі супраць расійскага рубля, а беларускаму рублю цяпер даводзіцца пакутаваць. І, дарэчы, вельмі можа так атрымацца, што беларускі рубель пацерпіць нават трошкі мацней за расійскі. Ну ўсё ж такі ў расійскага рубля рэзерваў маецца трошкі больш.