«Народ змяніўся, а сёй-той — толькі ў горшы бок»
На старасці гадоў Лукашэнку падводзіць не толькі арганізм, але і ўласная памяць, іранізуе ТГ-канал «Лісты да дачкі», якая падкідвае дыктатару ўспаміны пра народную любоў. І вось стараецца ён, стараецца яе вярнуць — але нічога ўжо не вернеш.
Сёй-той учора зрабіў карупцыі апошняе папярэджанне. Вось увогуле апошняе. Таму што мінулае апошняе было яшчэ не апошняе. А гэта ўжо апошняе. Ну, у сэнсе, самае апошняе. Не такое апошняе, як мінулае апошняе, а іншае апошняе. Якое зусім апошняе. А мінулае было яшчэ не апошняе. А цяпер ужо апошняе. Ну вы зразумелі, карацей. Што такога апошняга, як гэтае апошняе, ўжо апошней не бывае. А як мінулае апошняе — яшчэ бывае.
А ўсё чаму? Таму, што хочацца вялікай і чыстай народнай любові, а зірнуць у вочы рэчаіснасці няма чым. І асабліва востра гэтай любові хочацца ў часіну цяжкіх выпрабаванняў. Калі вакол ворагі, а ты ўжо разам з саюзнікам малюеш мапу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад.
І перад нанясеннем ворагу прэвентыўнага абарончага ўдару лепш мець да сябе трошкі народных сімпатый. А народных антыпатый лепш да сябе не мець. З народнымі антыпатыямі можна пайсці па курсе рускага ваеннага карабля. Ты ворагам — прэвентыўны абарончы ўдар, а ударыць гэтых ворагаў няма каму.
Таму што беларускія генералы па-майстэрску паражаюць ворага ў тэлевізары. Але ў аб'ектыўнай рэальнасці генералы могуць паражаць толькі сваім альтэрнатыўным красамоўствам.
А «красаўцы» прыдатныя, калі трэба ваяваць супраць жанчын, старых, праграмістаў і дзяцей. А калі ў агляднай перспектыве з'явіцца ўзброены праціўнік, то «красаўцы» на такое не падпісваліся. Таму што ўзброены праціўнік можа адказаць шкодай арганізму, несумяшчальнай са здароўем і асабістым дабрабытам.
Тым больш я нават ужо не кажу пра сведак стабільнасці. Таму што сведкі стабільнасці гатовыя, вядома, сведчыць што заўгодна пра іх геапалітычную веліч. Але толькі пакуль іх веліч гарантуе сведкам асабістую і фінансавую стабільнасць. А калі яна не будзе гарантаваць, то навошта ж ім сведчыць? Асабліва з рызыкай для сваёй фізічнай стабільнасці.
І атрымліваецца, што, калі ты рыхтуешся да прэвентыўнага абарончага ўдару, то без народных сімпатый ніяк. А пасля генацыду, які здарыўся паміж беларускімі ўладамі і народам, сімпатыі, калі якія яшчэ заставаліся, трансфармаваліся ў сваю выключна альтэрнатыўную форму. Дзеля іх зваротнай трансфармацыі не шкада амаль нікога, уключаючы асобных фігурантаў беларускага ўрада.
Вось хто як умее шукаць з народам агульную мову, той так і шукае. Вы ж у курсе, што старога сабаку прасцей ўсыпіць, чым навучыць новым трукам? А калі ён у такім шаноўным узросце, то ў яго і старыя трукі ўжо заядаюць. Таму што лапы ломіць і нешта па дарозе адвальваецца.
Таму што народ змяніўся, а сёй-той — толькі ў горшы бок. І калі галава занятая ўспамінамі пра тое, якім ты быў маладым і народным, то фантазіі на новыя трукі ў ёй ужо не хапае. І здаецца, што калі рабіць так, як ты рабіў трыццаць гадоў таму, то народная любоў вернецца разам з некаторымі згубленымі фізічнымі магчымасцямі арганізма.
Але нічога ўжо не вернецца.