Цень імперыі над Беларуссю і Арменіяй не робіць нас бліжэйшымі. Для Лукашэнкі грошы не пахнуць?
«Здрадзіўшы» Арменіі з Азербайджанам, Лукашэнка зрабіў чарговы штуршок Пашыняну — і цяпер ужо напэўна АДКБ пазбавіцца адной удзельніцы.
Паміж Мінскам і Ерэванам разгараецца вялікі скандал. Бакі адклікалі паслоў. Армянскі прэм'ер Нікол Пашынян заявіў, што ягоя краіна можа застацца ў АДКБ, калі Аляксандр Лукашэнка выбачыцца перад народам Арменіі.
Адкуль сыр-бор? Чаму менавіта Лукашэнка павінен прасіць прабачэння і ці стане ён гэта рабіць? Разважае Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».
Горыч страты Карабаха. Армянскі прэм'ер аказаўся крайнім
Важна абмаляваць кантэкст. Заявы Пашыняна прагучалі ў парламенце, калі перад ім бушавала акцыя пратэсту з патрабаваннем адстаўкі прэм'ера.
Пратэсты пад гэтым лозунгам доўжацца ўжо больш за месяц. Іх удзельнікі незадаволеныя тым, як кіраўніцтва Арменіі дамовілася дэлітымаваць мяжу з Азербайджанам, паколькі ў выніку чатыры вёскі перайшлі пад кантроль гэтай краіны. Калі глядзець шырэй — армянскае грамадства жорстка траўмаванае паразай у барацьбе за Карабах.
Пасля прайгранай вайны армянскі прэм'ер вымушаны ісці на непапулярныя рашэнні, каб у прынцыпе захаваць краіну. Але ўсе гузы сыплюцца на яго, паколькі ў гэтай сумнай сітуацыі многім хочацца знайсці крайняга.
Лёгка ўявіць, у якім псіхалагічным напружанні знаходзіцца Пашынян. Можна меркаваць, што яго выпад супраць Лукашэнкі ў нейкай ступені быў прадыктаваны эмоцыямі. Бо толькі цяпер армянскі прэм'ер публічна пракаментаваў візіт Лукашэнкі ў Азербайджан, які адбыўся яшчэ 15-17 траўня. Вырвалася тое, што накіпела.
«Адзін з кіраўнікоў краін АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы вайны, заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азербайджана. І пасля гэтага я паеду з кіраўніком Беларусі ў фармаце АДКБ нешта абмяркоўваць?» — задаў рытарычнае пытанне Пашынян.
Лукашэнка тым візітам сапраўды насыпаў солі на армянскія раны. Ён не проста дэманстраваў цёплыя адносіны з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, але і разам з ім пабываў у адваяваным Карабаху.
Прычым госць, па сутнасці, вітаў трыумф Баку, выразна даў зразумець, на чыім ён баку: «Я яшчэ падумаў, згадаў нашу размову перад вайной, перад вашай вызваленчай вайной, калі мы па-філасофску разважалі за абедам ўдваіх. Тады мы зразумелі, што ў вайне перамагчы можна. Гэта важна. Вельмі важна ўтрымаць гэтую перамогу».
Пашынян, аднак, даў сваю эмацыйную ацэнку толькі цяпер. Таксама нядаўна стала вядома, што Ерэван адклікаў свайго амбасадара з Мінска для кансультацый.
Можна меркаваць, што армянскі прэм'ер у крызіснай для сябе сітуацыі дэманструе такім чынам рашучасць і непрымірымасць там, дзе можа гэта сабе дазволіць.
«Малодшы брат» атрымаў за дваіх
Пры гэтым у фокусе застаецца пытанне далейшага знаходжання Арменіі ў АДКБ — гэтым няўдалым «Анты-NATO». На гэтую тэму Пашынян таксама выказаўся даволі горача і не вельміа выразна, адказваючы 12 чэрвеня ў парламенце на рэпліку аднаго з апазіцыйных дэпутатаў.
«Мы выйдзем, вы мяне гэтым палохаеце? У нас усё добра, мы вырашым, калі сыдзем. Як вы думаеце, які наступны крок, ці можам мы вярнуцца назад? Не турбуйцеся», — сказаў Пашынян.
Потым кіраўніку МЗС Арарату Мірзаяну прыйшлося тлумачыць: «Прэм'ер-міністр заявіў, што мы вырашым, калі выйдзем, але назад не вернемся. Калі хтосьці сцвярджае, што прэм'ер-міністр Арменіі заявіў, што Арменія выходзіць з АДКБ, то памыляецца».
З аднаго боку, відавочна, што Ерэван у вялікай прэтэнзіі да гэтай арганізацыі, лічыць, што яна, насуперак свайму прызначэнню, не абараніла Арменію ў канфлікце з Азербайджанам, аддала на разарванне мацнейшаму суседу (за якім, у дадатак, маячыць магутная Турцыя).
З іншага боку, армянскае кіраўніцтва напэўна баіцца раззлаваць Маскву занадта рэзкімі заявамі і крокамі. У лютым Пашынян заявіў, што яго краіна замарозіла ўдзел у АДКБ, але слоў пра выхад не прагучала.
Цяпер, як бачым, фармулёўкі таксама імглістыя. Хоць, у прынцыпе, ясна, што Ерэван, расчараваўшыся ў партнёрах па друзлым, анемічным «Анты-NATO», узяў курс на збліжэнне з Захадам. Проста ад Масквы вырашана адпаўзаць павольна, каб не нарвацца на занадта рэзкую рэакцыю.
22 траўня Пашынян сказаў у парламенце: «Я ведаю як мінімум дзве краіны-ўдзельніцы АДКБ, якія бралі ўдзел у падрыхтоўцы вайны супраць нас». Лёгка было здагадацца, што меліся на ўвазе Расія і Беларусь.
Пры гэтым зразумела, што першую скрыпку ў АДКБ іграе Крэмль. Але ісці ў адкрытую атаку на Уладзіміра Пуціна занадта рызыкоўна. Вось у выніку і атрымаў за дваіх «малодшы брат».
«Паланэзы» для Аліева: грошы не пахнуць
Акрамя ўсяго іншага, Пашынян цяпер заявіў, што не паедзе ў Беларусь, пакуль там кіруе Лукашэнка. Больш за тое, «з гэтага моманту ні адзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі не паедзе ў Беларусь». Наогул. У гэтым кантэксце, мабыць, варта разглядаць і водгук амбасадара. Беларусь чакана адказала люстрана.
Ну, тое, што да візітаў у Мінск у армянскага прэм'ера душа не ляжыць, стала зразумела яшчэ ў лістападзе мінулага года, калі той праігнараваў саміт АДКБ у беларускай сталіцы. Што стварыла, у дадатак да ўсяго, юрыдычны казус, паколькі ўсе рашэнні ў гэтай арганізацыі прымаюцца кансэнсусам. Напярэдадні мерапрыемства Лукашэнка ўгаворваў Пашыняна прыляцець, а ў выніку пракаментаваў адмову з відавочнай крыўдай.
Наогул, адносіны паміж імі з самага пачатку не заладзіліся. Беларускі аўтакрат прадузята глядзеў на «выскачку», які падняўся на хвалі вулічных пратэстаў, не раз публічна яго павучаў і абсякаў. Так што тут і псіхалагічная нестыкоўка ў наяўнасці.
Але галоўныя прэтэнзіі з боку армянскага кіраўніцтва складаліся ў тым, што Беларусь, уваходзячы ў адзін з Арменіяй абаронны альянс, фактычна падыгрывае яе праціўніку Азербайджану. У тым ліку прадае яму зброю.
Лукашэнка ў 2018 годзе, калі падняўся шум у сувязі з продажам Мінскам Баку рэактыўных сістэм залпавага агню «Паланэз», сказаў, што гэтая зброя прапаноўвалася і армянам, але тыя, маўляў, адмовіліся.
Годам раней Лукашэнка, гаворачы пра ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Азербайджанам, заявіў: «Не хачу ні перад кім апраўдвацца, які характар носіць наша супрацоўніцтва. Хачу толькі сказаць, што нашы адносіны не парушаюць ні аднай міжнароднай дамовы».
Калі глядзець у корань, то беларускі рэжым кіруецца прынцыпам «грошы не пахнуць». Таму ахвотна гандлюе і наогул сябруе з азербайджанскай аўтакратыяй, якая сядзіць на нафце. З пункту гледжання Мінска, армянам проста не пашанцавала з «чорным золатам».
Цень імперыі навісае і над Арменіяй, і над Беларуссю
Цяпер Пашынян настойвае, каб Лукашэнка папрасіў прабачэння. Маўляў, Ерэван «у тэорыі» можа застацца ў АДКБ, калі Беларусь сама пакіне гэтую арганізацыю або Лукашэнка «знойдзе для народа Арменіі такія словы выбачэнняў і тлумачэнняў, якія будуць прымальныя для народа Арменіі».
Але пры гэтым Пашынян напэўна выдатна разумее, што такіх рэверансаў ад самалюбнага кіраўніка Беларусі не дачакаецца.
Ды і справа ж не ў словах. А на практыцы Мінск ні за што не адмовіцца ад выгаднага гандлю з Баку. Цяпер жа ёсць яшчэ і перспектыва падзарабіць на адраджэнні адваяваных ім тэрыторый.
Да таго ж, Лукашэнка казырае і сапраўды шануе асабістае сяброўства з Аліевым. Не раз хваліўся, што той пад сумленнае слова пазычыў 200 млн. долараў для разліку з «Газпрамам» у 2010 годзе, падчас чарговага газавага канфлікту Мінска з Масквой. У Пашыняна такіх лішніх грошай напэўна няма.
А галоўнае — паклаўшы руку на сэрца, лёс знаходжання Арменіі ў АДКБ залежыць не ад слоў ці пазіцыі Лукашэнкі. Па-першае, у гэтай арганізацыі запраўляе Масква, беларускі ж партнёр толькі нязменна ёй падыгрывае. Па-другое, Ерэван, мяркуючы па ўсім, ужо настроіўся на плаўны сыход з гэтай структуры з прынцыповых меркаванняў, зрабіў іншы геапалітычны выбар.
Іншае пытанне, наколькі дадуць ісці гэтым новым курсам. З Масквы ўжо гучаць пагрозлівыя галасы, што Арменія, маўляў, можа паўтарыць шлях Украіны.
Між тым, абвастрэннем канфлікту паміж Ерэванам і Мінскам скарысталася Святлана Ціханоўская. Яна выказала спадзеў на больш цеснае супрацоўніцтва з Арменіяй. І хвостка заявіла, што Лукашэнка аддаў гэтую краіну гэтак жа, як Украіну.
Гэта палітычна пісьменны ход. Ціханоўская ўжо сустракалася з кіраўніком МЗС Арменіі Мірзаянам, спікерам парламента Аленам Сіманянам, з самім Пашынянам. Цяпер зручны момант, каб замацаваць адносіны. Іншая справа, што ў Ерэвана занадта шмат больш надзённых праблем, чым развіццё сувязей з беларускай палітычнай эміграцыяй.
Масква ж наўрад ці лёгка пагодзіцца на сыход Арменіі са сваёй зоны ўплыву. А ўжо калі Беларусь пры змене кіраўніцтва паспрабуе рухацца ў Еўропу, у супольнасць дэмакратый, то Крэмль са скуры прэч вылезе, каб утрымаць гэты стратэгічны плацдарм.
Так што сыход Лукашэнкі (які шматлікім яго праціўнікам здаецца фінальным актам беларускай трагедыі) будзе толькі пачаткам развязання задачы, каласальным выклікам для дэмакратычных сіл. Драпежны цень імперыі навісае і над Арменіяй, і над Беларуссю.