«Такіх, як ён, Лукашэнка ўсю палітычную кар'еру трымаў у кайданках». Чаму Беларусь «здрадзіла» Арменіі?
Тое, што яшчэ год таму можна было назваць канфліктам, перарастае ў адкрытае супрацьстаянне. Як Беларусь умудрылася стаць ворагам Арменіі?
Паміж Арменіяй і Беларуссю зноў заіскрыла. Гэтым разам — праз неасцярожныя, але прыемныя для Баку выказванні Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя падчас дзяржаўнага візіту ў Азербайджан у сярэдзіне траўня. Яны сталі здабыткам галоснасці, дазволіўшы Ерэвану выявіць дачыненне Лукашэнкі да Карабахскай вайны.
З іх вынікае, што Лукашэнка ведаў пра планы Азербайджана развязаць праблему Нагорнага Карабаха ваенным спосабам і нават як быццам падтрымаў іх, нягледзячы на тое, што Беларусь і Арменія — партнёры ў вайсковым блоку АДКБ, у якім Ерэван усе гэтыя гады дарэмна шукаў абароны, а знайшоў «здраду», піша Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19».
У прынцыпе, Мінск усяго толькі паўтарае лінію Масквы, якая стала на бок Баку, але з ёй Ерэвану высвятляць адносіны небяспечна і (пакуль) сабе даражэй, хоць армянскі бок асцярожна спрабуе і гэта.
Так ці інакш, Нікол Пашынян максімальна падняў стаўкі ў пікіроўцы з Лукашэнкам і фактычна зрабіў яго крайнім у гісторыі ўскладненняў адносінаў Ерэвана з АДКБ, загаварыўшы пра магчымасці замарозкі сяброўства Арменіі ў блоку і нават выхад з яго.
Ерэван выкаціў афіцыйнаму Мінску ўльтыматум: або Беларусь выходзіць з АДКБ, або прыносіць прымальныя для Арменіі прабачэнні, або ніхто з афіцыйных асоб Арменіі не ступіць на беларускую зямлю, пакуль ля руля Лукашэнка.
У пацвярджэнне сур'ёзнасці намераў Ерэван адклікаў свайго амбасадара з Беларусі для кансультацый, што само па сабе не з'яўляецца чымсьці надзвычайным, а цалкам стандартнай формай дыпламатычнага пратэсту. Мінск адказаў узаемнасцю, адклікаўшы дадому свайго.
Магутнасць гэтага крызісу ў любым выпадку мае свае межы, і гэтым абмежавальнікам выступае Крэмль. Ён знойдзе развязку, калі Мінск з Ерэванам не змогуць «замяць» гісторыю наўпрост, а на гэты конт якраз ёсць сумневы.
Інцыдэнт дае Уладзіміру Пуціну зручны выпадак праявіць рэальную ўладу, памірыўшы аднаго васала з другім, але асадак у беларуска-армянскіх адносінах, безумоўна, застанецца. Тут ужо асабістае, а праблему асабістага можа развязаць толькі сыход з палітычнай сцэны аднаго з іх — альбо Лукашэнкі, альбо Пашыняна.
Відавочна, для Лукашэнкі больш блізкія па духу такія лідары, якія не цырымоняцца ў сілах і сродках для дасягнення сваіх мэтаў, як і ён сам, і тыя, хто яму можа дапамагчы.
Ільхам Аліеў прадэманстраваў гэтыя якасці, калі ў лістападзе 2020 года вярнуў сваёй краіне тэрыторыі і калі ў красавіку 2021-га прыняў Лукашэнку з візітам, нягледзячы на тады яшчэ вельмі гарачыя міжнародныя размовы пра мегатаксічнасць кіраўніка ўсяе Беларусі.
У сваю чаргу, Нікол Пашынян прыйшоў да ўлады ў 2018-м як апазіцыянер на хвалі «аксамітнай рэвалюцыі». Такіх, як ён, Лукашэнка ўсю палітычную кар'еру трымаў у кайданках. Прынамсі, усе беларускія пашыняны, якія замахваліся на ўладу ў 2020-м, сядзяць за кратамі або выправаджаныя па-за межы краіны.
Само па сабе наладжванне адных адносінаў за кошт іншых — даволі сумнеўная дыпламатыя, якую Беларусь не можа сабе дазволіць. У Азербайджана і Арменіі, вядома, розны гандлёва-эканамічны патэнцыял, але гэтая розніца можа кампенсавацца супрацоўніцтвам у іншых сферах.
Вытрымліваць баланс з улікам канфлікту паміж Азербайджанам і Арменіяй складана, але магчыма. Ва ўсялякім выпадку, гэтым даволі паспяхова займаюцца практычна ўсе краіны СНД, як і ў дачыненні да вайны Расіі супраць Украіны. Толькі Беларусь у абодвух выпадках прымудрылася заняць бок, не маючы ніякай цікавасці ў канфліктах.