«Не турбуйцеся, назад не вернемся»: Арменія пакіне АДКБ?
Нікол Пашынян заявіў пра намер краіны выйсці з Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), аднак канкрэтныя тэрміны не назваў. Пазней МЗС краіны пракаментаваў словы Пашыняна — і заявіў, што на самай справе прэм'ер не казаў пра тое, што Арменія пакідае АКДБ. Што адбываецца?
Арменія пакіне арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян у рамках «урадавай гадзіны» ў парламенце, паведамляе Euronews.
«Выйдзем. Мы вырашым, калі», — сказаў Пашынян, калі адказваў на заўвагу апазіцыйнага дэпутата, чаму Арменія толькі выказвае незадаволенасць АДКБ, але не выходзіць з арганізацыі.
«Думаеце, вернемся назад? Не, іншага шляху няма. Не турбуйцеся, назад не вернемся», — дадаў ён.
Пашынян заявіў, што былыя ўлады краіны ўступілі ў «Саюз-пузыр», чальцы якога разам «з Азербайджанам планавалі вайну супраць нас», цытуе прэм'ер-міністра Арменіі РБК.
Крыху пазней МЗС Арменіі пракаментаваў словы Пашыняна, заявіўшы, што той не абвяшчаў аб выхадзе краіны з АДКБ.
«Прэм'ер-міністр Арменіі не сказаў, што мы выходзім з АДКБ. Прэм'ер-міністр Арменіі сказаў, што мы вырашым, калі выйсці, але назад не вернемся», — гаворыцца ў паведамленні.
У лютым Пашынян ужо абвясціў аб замарозцы сяброўства краіны ў АДКБ. А ў пачатку траўня ўлады Арменіі абвясцілі, што не будуць удзельнічаць у фінансаванні арганізацыі.
Зрэшты, як пісаў НЧ, прэм'ер-міністр Нікол Пашынян яшчэ 22 мая, калі выступаў у парламенце, казаў, што як мінімум дзве краіны Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы «ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны» супраць Арменіі. Зрэшты, тады Пашынян не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку. Ён адзначыў, што «мэтай 44-дзённай вайны было спыненне існавання Арменіі».
У аўторак, 11 чэрвеня, ЗША і Арменія абвясцілі, што іх адносіны будуць павышаны да ўзроўню стратэгічнага партнёрства.
Раней Пашынян не раз прама заяўляў, што АДКБ не выканала сваіх абавязацельстваў перад Ерэванам.