Назад да «драўлянага». Пра некаторыя наступствы нашых замежных спраў
Добра адчуваць геапалітычную веліч, маючы за спінай моцнага «старэйшага брата». Можна выступаць з міралюбнымі ініцыятывамі. Вядома, вынік быў бы яшчэ лепш, калі б гэты старэйшы брат быў адэкватны, але... Сваякоў, як той казаў, не выбіраюць.
Наш старэйшы брат навараціў спраў на постсавецкай прасторы, але няма ліха без карысці. Менавіта яго дзеянні дазволілі выступіць з новай, можна нават сказаць, прарыўной, ініцыятывай. Беларусь прапанавала пачаць дыялог па фармаванні новай сістэмы міжнароднай бяспекі на еўразійскай прасторы, заявіў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч. Паводле яго слоў, прапанова была агучана на пасяджэнні Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ, якое адбылося ў Алматы.
«Мы прапанавалі пачаць дыялог па фармаванні новай сістэмы міжнароднай бяспекі на еўразійскай прасторы. Каб падысці да фармавання новай архітэктуры еўразійскай бяспекі, трэба задзейнічаць патэнцыял сур'ёзных міжнародных арганізацый, такіх як СНД, ШАС, СВМДА (нарада па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі)», — заявіў ён.
З ідэяй сфармаваць «новую сістэму міжнароднай бяспекі» Лукашэнка носіцца ўжо дзесяцігоддзе, прыкладна з таго часу, як «каву вёдрамі насіў» падчас перамоваў па Украіне ў 2015-м. Ён прапаноўваў «новую архітэктуру бяспекі» да месца і не да месца, сам і праз сваіх паслоў, арганізацыям кшталту АБСЕ і асобным краінам. Асабліва добра пра «новую сістэму міжнароднай бяспекі» мы ўспамінаем, калі трэба захаваць бескарысную структуру, адзінае прызначэнне якой — папілаваць бюджэт.
Вальфовіч таксама сказаў, што Беларусь прапанавала разглядзець пытанне аб фармаванні стратэгіі калектыўнай бяспекі ў рамках АДКБ на перыяд да 2035 года. «Такі дакумент дазволіць перш за ўсё вызначыць стратэгічныя мэты, задачы, расставіць прыярытэты», — сказаў ён.
Так, на АДКБ моцна пакрыўдзілася Арменія. АДКБ не выканала міратворчую функцыю ў Нагорным Карабаху, што прывяло аж да знікнення апошняга. Але чаму АДКБ не выканала сваю функцыю? Таму што ў АДКБ прыярытэтаў не было! Былі б прыярытэты, то мы б, вядома, так, а не вось гэта ўсё. Але прыярытэтаў не было, і вось так атрымалася, прабачце.
А вось у Казахстан мы зляталі. Там прыярытэты былі. Праўда, пакуль збіраліся ляцець у Казахстан, змяніліся прыярытэты ўжо Казахстана. У выніку атрымалася маленькая экскурсія: не паспелі прыляцець, як амаль адразу папрасілі ляцець назад.
Таму што ўжо вельмі спецыфічныя ў АДКБ у цэлым, у Беларусі ў прыватнасці і ў Вальфовіча персанальна паняцці пра тое, як павінна выглядаць сістэма міжнароднай бяспекі на еўразійскай прасторы.
Будзем казаць прама: у іх уяўленні яна выглядае так, што Расіі дазволена ўсё. А хто з гэтым не згодны — глядзі пункт першы.
Бо найперш сістэму міжнароднай бяспекі на еўразійскай прасторы падрываюць тыя самыя расійскія «новастварэнні» ў выглядзе незразумелых і непрызнаных «рэспублік». Але мы пра гэта сказаць не можам, а таму…
Напрыклад, усе памятаюць «вайну 08.08.08», калі Расія ўварвалася ў Грузію і акупавала 20% тэрыторыі гэтай краіны, адціснуўшы Паўднёвую Асецію і Абхазію. Міжнародная супольнасць лічыць гэтыя «рэспублікі» тэрыторыяй Грузіі, Беларусь іх афіцыйна не прызнала, і… І тым не менш, прадстаўнікі Беларусі, як высветлілася, назіраюць за «выбарамі» ў «парламент 8-га склікання» ў самаабвешчанай Паўднёвай Асеціі.
Характэрна, што 34 «міжнародных назіральнікі» ў тых «выбарах» прадстаўлялі Беларусь, Турцыю, Вугоршчыну і, уласна, Расію. Як бачым, усе краіны са «своеасаблівай дэмакратыяй».
Ці вось нехта Яўген Баліцкі пахваліўся сустрэчай з паслом Беларусі ў РФ Дзмітрыем Крутым на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме. Баліцкі — гэта так званы «кіраўнік» акупаванай часткі Запарожскай вобласці Украіны.
«Рэспубліка Беларусь з першых дзён працягнула руку дапамогі і падтрымкі Запарожскай вобласці, мы супрацоўнічаем у розных напрамках: у культуры, спорце, турызме, эканоміцы... І будзем працягваць і нарошчваць супрацоўніцтва. Вялікая падзяка брацкаму беларускаму народу за падтрымку і дапамогу, у нас вялікія перспектывы для супрацоўніцтва, і мы будзем умацоўваць і ўзмацняць узаемадзеянне», — напісаў ён у Telegram.
«Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты» — старая прымаўка, якая адразу згадваецца, чуючы Баліцкага.
А што рабіць? Іншых замежных спраў у нас няма. Праўда, некаторыя мяркуюць, што ў нас няма не «іншых» замежных спраў, а замежных спраў наогул. Бо тыя замежныя справы, якія ёсць, яны як бы і не нашы.
І бяда ў тым, што як мы пачалі шукаць сабе новых сяброў пасля 2020 года, так і не можам спыніцца. І вось Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Варонежскай вобласці Расіі Аляксандрам Гусевым зноў успомніў пра сяброў. «Думаю, настаў час нам больш цесна супрацоўнічаць адзін з адным. Нарэшце, дзякуючы абставінам, мы зразумелі, хто ёсць хто, хто сапраўдныя сябры, а хто проста прыляпляўся доўгія гады да Расіі і да нашага супрацоўніцтва», — сказаў ён.
Гэта ж цікава, хто да нас увесь гэты час прыляпляўся? Неяк не вельмі назіраецца жадаючых «прыляпіцца» ад 2020-га, а яшчэ больш — ад 2022-га года. Усё неяк наадварот: то Казахстан узбрыкне, то Арменія... Усё больш жадаючых «адляпіцца»… І іх будзе яшчэ больш.
Мінфін ЗША 12 чэрвеня ўвёў новыя санкцыі ў сувязі агрэсіяй Расіі супраць Украіны. У санкцыйны спіс трапілі больш за 30 фізічных асоб і больш за 200 кампаній, самыя галоўныя з якіх — Маскоўская біржа, Нацыянальны разліковы дэпазітарый, Нацыянальны клірынгавы цэнтр, Расійская нацыянальная перастраховачная кампанія.
Нацыянальны разліковы дэпазітарый, на хвілінку, — гэта інструмент, з дапамогай якога Беларусь планавала пагасіць доўг за еўрааблігацыі перад расійскімі трымальнікамі гэтых каштоўных папер. Цяпер у беларускага Мінфіна ўзнікла яшчэ адна нагода, каб не плаціць. Дзякуй, Байдэн!
Ну і ў выніку санкцый былі спыненыя таргі на Масбіржы па доларах і еўра. Гэта азначае, што ў Расіі не будзе біржавога курсу рубля. Цяпер курс будзе ўсталёўвацца на аснове даных аб пазабіржавых здзелках, у тым ліку выкарыстоўваючы банкаўскую справаздачнасць.
Праўда, з такім жа поспехам можна ўсталёўваць гэты курс на аснове даных аб размяшчэнні планет у сузор’ях гараскопу, карт Таро, і малюнка кававай гушчы ранішняй кавы міністра фінансаў Расіі грамадзянкі Набібулінай. А ўжо калі яна п’е каву з Крутым, то…
Адсутнасць рынкавага курсу долара па вялікім рахунку азначае, што расійскі рубель перастае быць свабодна канвертоўнай валютай. А ў нас у гэтай «валюце» — 70-80% экспарту.
Мы ж так ганарыліся, што «пераадолелі наступствы санкцый» разам з Расіяй. Што цяпер?