Пашынян: «Мінімум дзве краіны» АДКБ рыхтавалі вайну супраць Арменіі

Пашынян не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку. Ён адзначыў, што «мэтай 44-дзённай вайны было спыненне існавання Арменіі».

Нікол Пашынян. Фота AFP

Нікол Пашынян. Фота AFP

Як мінімум дзве краіны Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) «удзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны» супраць Арменіі, заявіў прэм'ер-міністр гэтай дзяржавы Нікол Пашынян, выступаючы 22 мая ў парламенце, піша «Позірк».

«Гэтыя краіны стварылі імітацыю таго, што дапамагаюць нам, але я хачу сказаць, што тая вайна была не праз Нагорны Карабах. Яна была пра тое, каб Арменія нічога з сябе не ўяўляла», — цытуе палітыка партал news.am.

Пашынян не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку. Ён адзначыў, што «мэтай 44-дзённай вайны было спыненне існавання Арменіі».

«Гэта не спрацавала і не спрацуе», — дадаў ён.

Увосень мінулага года Азербайджан правёў у Нагорным Карабаху «антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару», у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад кантроль Баку. Кіраўніцтва непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР) аб'явіла аб спыненні існавання самаабвешчанай дзяржавы з 1 студзеня 2024 года.

Арменія, якая падтрымлівае НКР, раскрытыкавала АДКБ за адсутнасць падтрымкі ў вайне з Азербайджанам за Нагорны Карабах і фактычна згарнула свой удзел у дзейнасці арганізацыі.

14 мая Пашынян заявіў, што яго краіна «фармальна з'яўляецца членам АДКБ», але яе ўдзел у дзейнасці блока замарожаны. На пытанне, ці мае намер Ерэван заставацца членам арганізацыі або плануе выйсці з яе, кіраўнік армянскага ўрада адказаў, што гэта «тэма для далейшага абмеркавання».

Глядзіце таксама

Лукашэнка назваў дэмарш армянскага прэм'ера «учынкам, які носіць правакацыйны характар».

Афіцыйны Мінск актыўна наладжвае адносіны з Азербайджанам. 17 траўня ў рамках візіту ў гэтую дзяржаву Лукашэнка наведаў Нагорны Карабах.

Спачатку ён прыляцеў у горад Фізулі, які знаходзіцца пад кантролем Баку з кастрычніка 2020 года. У суправаджэнні прэзідэнта Ільхама Аліева ён «азнаёміўся з новым аэрапортам». Потым Лукашэнка наведаў Шушу. Паведамлялася аб «трактарнай тэхніцы», якую ён падараваў гэтаму гораду. 

16 траўня падчас перамоваў у Баку ён прапанаваў Аліеву садзейнічанне ў пасляваенным аднаўленні тэрыторый Нагорнага Карабаха.

Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы — ваенна-палітычны блок, мэтамі якога заяўлены «ўмацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў». У яго ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.