Чалы — пра візіт Лукашэнкі ў Азербайджан: Так ён, напэўна, яшчэ ніколі не прасіў
Аналітык Сяргей Чалы выказаўся пра нядаўнюю паездку кіраўніка Беларусі ў Азербайджан, падчас якой ён часта аказваўся ў позе таго, хто просіць.
У праграме «Чалы:Эканоміка» на ютуб-канале Беларускага расследвальніцкага цэнтра аналітык ахарактарызаваў візіт Аляксандра Лукашэнкі словамі «цынізм і прыніжэнне».
Як адзначае «Салідарнасць», ён звярнуў увагу, што беларускія дзяржаўныя СМІ сарамліва паведамілі пра просьбу кіраўніка ўключыць Беларусь у праграмы аднаўлення «адраджаемых тэрыторый». Гэта значыць, не ўказалі, што гаворка ідзе пра Нагорны Карабах, які азербайджанскія войскі ўзялі пад кантроль коштам разбурэнняў.
Чалы таксама адзначыў, што Лукашэнка падчас візіту часта аказваўся ў позе таго, хто просіць. Напрыклад, дыктатар заявіў:
— Я на перамовах сам-насам Ільхама Гейдаравіча папрасіў: калі гэта магчыма — нейкае месца для Беларусі, — вы, калі ласка, нам яго дайце. І Ільхам Гейдаровіч такі падыход падтрымаў.
Гэта не адзіная яго падобная цытата:
— Што тычыцца фармацэўтыкі... Гэта таксама вельмі вялікая праграма. І праграма, якая нікому ў Азербайджане не перашкаджае працаваць.
Чалы адзначыў:
— Божа мой, такой прасіцельнай позы ў Лукашэнкі, напэўна, ніколі не было.
Аналітык таксама звярнуў увагу на прапанову беларускага правіцеля азербайджанскім уладам арганізаваць «сумесную вытворчасць» комплексных мінеральных угнаенняў:
— Гэта значыць, што ён прапануе? Давайце мы іх перепакуем, і яны стануць сумесныя.
Чалы тлумачыць паводзіны Лукашэнкі тым, што Расія рыхтуецца да зацяжной вайны, яе эканоміка становіцца эканомікай абложанай крэпасці.
— Рызыка таго, што струмень аб'едкаў з гэтага панскага стала будзе змяншацца, даволі моцна вырасла. Ступень адчаю, якая бачная ў гэтых зневажальных прашэннях Лукашэнкі, кажа пра тое, што сітуацыя залежнасці ад аднаго раўчука як крыніцы эканамічнага росту ўсведамляецца як крытычная. Менавіта таму назіраюцца даволі істэрычныя спробы знайсці дзесьці яшчэ, з шанцамі, як мы бачым, пакуль малаверагоднымі, — сказаў Чалы.