Карбалевіч: Пуцін прыехаў у Мінск, каб памахаць «ядзернай дубінай»
Сумесныя вучэньні Беларусі і Расеі ў справе прымяненьня тактычнай ядзернай зброі — гэта спроба Масквы запалохаць Захад, адлюстраваньне курсу на эскаляцыю, дэманстрацыя таго, што Расея ідзе на падвышэньне ставак у вайне, гатовая ўжыць ядзерную зброю і рыхтуецца ўжо да яе практычнага выкарыстаньня.
Папярэдні раз Уладзімер Пуцін наведаў Беларусь з працоўным візытам у сьнежні 2022 году, піша на «Свабодзе» палітолаг Валерый Карбалевіч. Была, праўда, яшчэ ягоная паездка на саміт АДКБ у Менск у лістападзе летась. І вось цяпер нечакана прыехаў ізноў.
Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі называе гэты візыт «афіцыйным». А на сайце прэзыдэнта Расеі статус візыту не пазначаны. Лукашэнка сустракаў Пуціна ў аэрапорце, што робіць даволі рэдка падчас наведваньня нават высокіх гасьцей.
Ніякай практычнай неабходнасьці ў гэтым прыезьдзе расейскага прэзыдэнта не было. Пуцін і Лукашэнка сустракаюцца даволі часта. Дзеля гэтага ў Маскву накіроўваецца сам Лукашэнка. Апошнія разы ён быў там 11–12 красавіка і на пачатку траўня. Напярэдадні параду 9 траўня ў сталіцы РФ Лукашэнка і Пуцін перамаўляліся да трох гадзін ночы.
Таму можна сьцьвярджаць, што цяперашні візыт у Беларусь прэзыдэнта Расеі — дэманстратыўны. Ён дасылае два мэсэджы. Паводле міжнароднай традыцыі, новаабраны кіраўнік дзяржавы ладзіць першы візыт у краіну, якая найбольш важная з гледзішча нацыянальных інтарэсаў. Гэта дэманстрацыя прыярытэту ў замежнай палітыцы. Апошнія чвэрць стагодзьдзя прэзыдэнты Расеі адразу пасьля абраньня першы візыт, як правіла, ладзілі ў Менск. Больш таго, нават расейскія прэм’ер-міністры пасьля прызначэньня найперш наведвалі беларускую сталіцу.
Гэтым разам пасьля інаўгурацыі Пуцін паехаў у Кітай. У Крамлі сыходзілі зь лёгікі, што Беларусь нікуды ня дзенецца, Лукашэнка крыўдаваць ня будзе, яму няма куды бегчы з падводнай лодкі. А ад пазыцыі Кітая для Масквы шмат што залежыць. Палітыка Пэкіна адносна вайны Расеі супраць Украіны ў значнай ступені зьяўляецца вагаром, які можа, як лічаць у Крамлі, моцна ўплываць на стаўленьне да гэтага канфлікту з боку сусьветнай супольнасьці.
А вось другі візыт Пуціну трэба было ладзіць у Менск, іншых варыянтаў тут няма. Інакш яго не зразумелі б ня толькі ў Беларусі, але і ў самой Расеі, у блізкім замежжы. Калі хто не зразумеў, то Лукашэнка гэта асабліва падкрэсьліў падчас сустрэчы дарагога госьця ў аэрапорце: «Пасьля выбараў гэта адзін зь першых візытаў. Пасьля Кітайскай Народнай Рэспублікі — нашых сяброў». На гэта зьвярнуў увагу і Пуцін падчас заключнай прэс-канфэрэнцыі.
Таму візыт выглядае як дэманстрацыя добразычлівасьці Пуціна да свайго адзінага саюзьніка. Бо саюзьнік падчас вайны дорага каштуе і ў палітычным, і ў фінансавым сэнсе. Таксама важна зьвярнуць увагу, што Пуцін прыехаў не адзін, а з урадавай дэлегацыяй, у складзе якой новы міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў, міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў, іншыя высокія чыноўнікі.
А другі мэсэдж — ворагам, то бок Захаду, Украіне. Вайна, якую вядзе Расея, дасягнула кульмінацыі. Абодва бакі робяць крокі, каб прадэманстраваць сілу і рашучасьць да перамогі. ЗША размарозілі вялікі пакет дапамогі Ўкраіне. Захад разам з украінскім кіраўніцтвам ладзяць вялікую канфэрэнцыю ў Швэйцарыі, якая, паводле задумы, павінна сфармаваць антырасейскую кааліцыю.
Масква робіць крокі ў адказ. Гэта і візыт Пуціна ў Пэкін, і пляны аднабаковых зьменаў Расеяй марскіх межаў у Балтыйскім моры.
І, можа, галоўны крок. 6 траўня Мінабароны Расеі аб’явіла аб вучэньнях у справе прымяненьня тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ). На другі дзень міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Беларусь правядзе сынхранізаваную з Расеяй трэніроўку. 9 траўня Пуцін і Лукашэнка паведамілі, што Беларусь далучыцца да Расеі на другім этапе вучэньняў па адпрацоўцы прымяненьня тактычнай (нестратэгічнай) ядзернай зброі.
Сыгнал Захаду даволі празрысты: памахаць перад іх тварам ядзернай дубінай. Абодва дыктатары прагаварылі гэта адкрытым тэкстам. Лукашэнка анансаваў парадак дня перамоваў так: «Думаю, як звычайна, мы пытаньні бясьпекі — на першы плян».
Пуцін пацьвердзіў пляны абмеркаваць з Лукашэнкам вучэньні па прымяненьні нестратэгічнай ядзернай зброі: «Пагаворым, вядома, і пра другую фазу вучэньняў. Гэта зьвязана з прамым удзелам нашых беларускіх сяброў, калег у ваеннай сфэры ў гэтых мерапрыемствах».
Варта зьвярнуць увагу, што ТЯЗ — гэта зброя лякальнага прымяненьня. Ёй немагчыма пагражаць, напрыклад, ЗША ці нават Заходняй Эўропе. Яе носьбіты не прадугледжваюць выкарыстаньня на далёкіх адлегласьцях. Таму, каб пагражаць, трэба наблізіць пункты дысьлякацыі ТЯЗ бліжэй да ворагаў. І ў цяперашніх умовах Беларусь — аптымальнае месца, якое надае Расеі стратэгічную глыбіню ў супрацьстаяньні з NATO. Ёсьць магчымасьць пагражаць Латвіі, Літве, Польшчы, Украіне.
Сумесныя вучэньні Беларусі і Расеі ў справе прымяненьня ТЯЗ — гэта спроба Масквы запалохаць Захад, адлюстраваньне курсу на эскаляцыю, дэманстрацыя таго, што Расея ідзе на падвышэньне ставак у вайне, гатовая ўжыць ядзерную зброю і рыхтуецца ўжо да яе практычнага выкарыстаньня.
Невыпадкова на выніковай прэсавай канфэрэнцыі першым пытаньнем беларускай журналісткі была якраз тэма гэтых вучэньняў. Лукашэнка адзначыў, што 90% часу сустрэч з Пуціным прысьвечаны пытаньням абароны.
Што да астатніх тэмаў перамоваў, то тут цяжка ўлавіць
нейкую канкрэтыку, ва ўсялякім разе, у публічнай прасторы. Было шмат пафасу,
рытуалу, што стане хіба што добрым матэрыялам для прапаганды абедзьвюх краін.