У Гомелі прызямліўся самалёт Віктара Януковіча — "Гаюн"
Самалёт экс-прэзідэнта Украіны Януковіча прызямліўся ў Гомелі. Паводле папярэдніх звестак, самалёт Dassault Falcon 900C (RA-09617) сеў у 12.50. Апошні раз Віктар Януковіч прылятаў у Беларксь у сакавіку 2022-га, неўзабаве пасля пачатку вайны.
У Беларусь прыляцеў самалёт былога ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча, паведаміў маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн».
Мінулы раз экс-прэзідэнт наведваў Беларусь у 2022 годзе, прыкладна праз два тыдні пасля пачатку расійскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, піша «Люстэрка».
«У 12.50 у аэрапорце Гомель прызямліўся самалёт Віктара Януковіча Dassault Falcon 900C (RA-09617)», — паведаміў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».
Сервіс Flightradar24 пацвярджае, што такі самалёт сёння прыляцеў у Гомель з Масквы.
Апошні раз Януковіч, які ў 2014 годзе збег у Расію, быў у Беларусі ў сакавіку 2022 года — тады ягоны самалёт двойчы прылятаў з Масквы ў Мінск за некалькі гадзін да пачатку другога (2 сакавіка) і трэцяга (7 сакавіка) раўндаў расійска-ўкраінскіх перамоваў.
8 сакавіка 2022 года Януковіч прапанаваў цяперашняму прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму здацца Расіі.
Нагадаем, Віктар Януковіч займаў пасаду прэзідэнта Украіны з 2010 па 2014 год. 22 лютага 2014 года ён даў апошняе інтэрв'ю ва Украіне, паабяцаўшы не пакідаць краіну, пасля чаго адразу ж уцёк.
У лютым 2022 года ДБР паведаміла Януковічу аб новым падазрэнні ў падбухторванні ваеннаслужачых да дэзерцірства.
Адметна, што сёння, 24 траўня, у Беларусі знаходзяцца таксама прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў і гендырэктар «Расатама» Аляксей Ліхачоў.
Уладзімір Пуцін прыбыў у Беларусь з афіцыйным візітам учора, 23 траўня. Перамовы Пуціна і Лукашэнкі праходзяць сёння, 24 траўня ў Палацы Незалежнасці. Заяўлена, што бакі абмяркуюць «стан і перспектывы развіцця ўсяго комплексу беларуска-расійскіх адносін, прасоўванне сумесных гандлёва-эканамічных і кааперацыйных праектаў, умацаванне бяспекі, супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы». Напярэдадні прэс-служба Лукашэнкі паведамляла, што на ягонай сустрэчы з Пуціным у пятніцу, 24 траўня, «пытанні бяспекі таксама будуць падымацца».
Раней прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін не раз казаў, што лічыць «рэвалюцыю годнасці» 2014 года ва Украіне «дзяржаўным пераваротам», а Віктара Януковіча — прэзідэнтам Украіны. Старшыня рады прарасійскага руху «Іншая Украіна» Віктар Медвядчук у лютым 2024-га называў Януковіча апошнім легітымным прэзідэнтам Украіны.
Паводле novosti.dn.ua, news.zerkalo.io