У Расіі хапун генералаў. За месяц арыштавалі ўжо чатырох — такіх чыстак яшчэ не было

У структурах Мінабароны Расіі пачаліся арышты — за месяц трох генералаў, уключаючы намесніка міністра, затрымалі па падазрэнні ў атрыманні хабараў, а былога камандуючага 58-й арміяй Івана Папова — па абвінавачванні ў махлярстве.

Фота РБК

Фота РБК

12 траўня з пасады кіраўніка міністэрства быў зняты Сяргей Шайгу, які займаў гэтую пасаду на працягу 12 гадоў. Яго месца заняў Андрэй Белавусаў, былы віцэ-прэм'ер па эканамічных пытаннях. Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, каментуючы арышты ў Міністэрстве, заявіў пра «паслядоўную барацьбу з карупцыяй», хоць да гэтага такіх «чыстак» не было.

Цімур Іваноў

23 красавіка на працоўным месцы быў затрыманы намеснік міністра абароны Цімур Іваноў, піша «Медуза». Незадоўга да гэтага ён браў удзел у калегіі Мінабароны пад кіраўніцтвам Сяргея Шайгу (праз тры тыдні Пуцін адправіў Шайгу ў адстаўку). Іванова абвінавацілі ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.

Іваноў — не кадравы вайсковец: у пачатку сваёй кар'еры ён працаваў у паліўна-энэргетычнай сферы і ў структурах «Расатама», затым у «Інтэр РАТ ЕЭС», а ў перыяд, калі Шайгу ўзначальваў Маскоўскую вобласць, некалькі месяцаў быў намеснікам старшыні ўрада рэгіёну. Намеснікам міністра абароны Іваноў быў прызначаны ў 2016 годзе. У ведамстве ён курыраваў будоўлю ўсіх буйных аб'ектаў.

У 2022 годзе ФБК Аляксея Навальнага выпусціў расследаванне пра жонку Іванова Святлану, у якім распавядалася, што з 2010 па 2018 гады яна разам з мужам кожны год ездзіла на Лазурны бераг, дзе арандавалі дарагія вілы і яхты; валодалі аўтамабілем Rolls-Royce Corniche 2001 года выпуску і адпачывалі разам з прэс-сакратаром Крамля Дзмітрыем Пясковым і яго жонкай Таццянай Наўкай.

Каманда Навальнага распавяла пра раскошнае жыццё жонкі Іванова: яна выдаткоўвала сотні тысяч еўра на адпачынак, каштоўнасці і ўборы. А яе рахункі аплачвалі фірмы, звязаныя з будоўлямі ў Марыупалі.

Акрамя таго, следчыя знайшлі ў сям'і Іванова асабняк у цэнтры Масквы, дом у пасёлку Успенскае на Рублёўскай шашы і дачу ў Цвярской вобласці на беразе Волгі.

У чэрвені 2022 года Іваноў развёўся са Святланай, і затым, як высветлілі паплечнікі Навальнага, стаў сустракацца з былой дарадцай Сяргея Шайгу Марыяй Кітаевай, якая да гэтага была замужам за іншым чыноўнікам Мінабароны — генерал-палкоўнікам Юрыем Садоўнікам, які ўзначальваў апарат ваеннага ведамства. Адвакат Іванова заявіў, што ў яго падабароннага з Кітаевай «агульная гаспадарка». Іваноў трапіў пад санкцыі ЗША і Еўрасаюза, аднак супраць яго былой жонкі Святланы санкцыі не ўведзеныя.

Іванова пасля затрымання адправілі пад арышт, а Шайгу адхіліў яго ад пасады. «Важныя гісторыі» са спасылкай на дзве крыніцы, блізкія да ФСБ, сцвярджалі, што сапраўднай прычынай арышту Іванова стала падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе, пра якую нібыта не хацелі «казаць публічна». Гэтая версія пакуль не пацверджана іншымі крыніцамі.

8 траўня ў судзе прайшло пасяджэнне па абскарджанню арышту Іванова, на якое яго адвакат прынёс, як пісалі РІА «Навіны», «чатыры пакеты» з ўзнагародамі чыноўніка. Абарона папрасіла перавесці Іванова пад хатні арышт, аднак суд пакінуў Іванова ў СІЗА. Сваёй віны па справе аб хабары Іваноў не прызнае.


Глядзіце таксама

Юрый Кузняцоў

Праз тры тыдні, 13 траўня, па тым жа артыкуле, што і Іванова, затрымалі яшчэ аднаго чыноўніка ваеннага ведамства — начальніка Галоўнага ўпраўлення кадраў Мінабароны Юрыя Кузняцова. Яго таксама абвінавацілі ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.

Матэрыялы справы тычацца перыяду з 2021 па 2023 гады, калі Кузняцоў узначальваў восьмае ўпраўленне Генштаба. Паводле версіі следства, ён атрымаў хабар ад «прадстаўнікоў камерцыйных структур». Пры ператрусе ў доме Кузняцова ў падмаскоўнай Істры, а таксама ў маскоўскай кватэры і службовым кабінеце знайшлі больш за 100 мільёнаў рублёў у расійскай і замежнай валюце, залатыя манеты, гадзіннікі і «прадметы раскошы», паведамляў Следчы камітэт.

Паводле звестак «Камерсанта», Кузняцова абвінавачваюць у атрыманні хабару памерам 30,5 мільёна рублёў за дапамогу ў заключэнні дзяржкантрактаў на 372 мільёны рублёў. Па версіі следства, у абмен на гэта адзін прадпрымальнік купіў і аформіў на жонку Кузняцова зямлю ў Краснадары і пабудаваў на ёй жылы дом.

Кузняцоў не прызнаў сваёй віны. На абскарджанні арышту, які прайшоў 23 траўня, ён заявіў, што «як прыстойны грамадзянін усе свае зберажэнні захоўваў або на рахунках, як мае быць, ці ж дома». Акрамя таго, Кузняцоў папрасіў суд улічыць яго стан здароўя. «Я чатыры гады без адпачынкаў, год без выходных, службу нёс, ну і, адпаведна, напрацаваў сабе кучу [балячак]. І цяпер вымушаны штодня ўсё піць таблеткі, трываць болі», — цытуе Кузняцова «Медиазона». Суд пакінуў начальніка ўпраўлення кадраў пад арыштам.

За дзень да затрымання Кузняцова Уладзімір Пуцін паведаміў аб адстаўцы міністра абароны Сяргея Шайгу, які займаў гэтую пасаду на працягу 12 гадоў. У тэлеграм-каналах «ваенкораў» і Z-блогераў арышты Іванова і Кузняцова звязваюць з «чысткамі» ў ведамстве — у тым ліку пасля прызначэння новага кіраўніцтва. Аўтар тэлеграм-канала «Рыбар», былы супрацоўнік прэс-службы Мінабароны Міхаіл Звінчук пісаў, што навіны пра арышт Іванова і Кузняцова на перадавой «сустрэлі з велізарным энтузіязмам».


Глядзіце таксама

Іван Папоў

21 траўня стала вядома пра арышт яшчэ аднаго вайскоўца, але гэтым разам кадравага — былога камандуючага 58-й арміяй генерал-маёра Івана Папова. У адрозненне ад двух папярэдніх фігурантаў, Папова абвінавацілі не ў хабары, а ў махлярстве ў асабліва буйным памеры.

Ад камандавання Папоў быў адхілены яшчэ ў ліпені 2023 года — пасля таго, як ён раскрытыкаваў дзеянні Генштаба УС РФ. У закрытым чаце ў тэлеграме ён запісаў галасавое паведамленне. Пазней яго апублікаваў дэпутат Андрэй Гурулёў. У паведамленні Папоў распавядаў, што ў яго «ўзнікла складаная сітуацыя з начальствам», калі трэба было «альбо змаўчаць і змаладушнічаць», альбо «назваць рэчы сваімі імёнамі». Паводле яго слоў, ён абраў другое і «пазначыў усе праблемы», якія існуюць у войску, што і стала прычынай яго адхілення.

Паводле звестак «Ведамасцяў», крымінальную справу супраць Папова распачалі ў сувязі з крадзяжом і продажам металаканструкцый, пастаўленых для будаўніцтва ўмацаванняў на фронце. У Следчым камітэце заявілі, што Папоў датычны да крадзяжу больш за 1700 тон «вырабаў металапракату» коштам звыш 130 мільёнаў рублёў, закупленых прызначанай Расіяй адміністрацыяй Запарожскай вобласці для будаўніцтва абарончых збудаванняў.

Пры гэтым 23 траўня СК папрасіў адпусціць Папова з СІЗА пад хатні арышт.

Да сваёй адстаўкі Папоў кіраваў абаронай расійскіх войскаў на Запарожскім кірунку падчас контрнаступлення УСУ летам 2023 года. Віны па справе аб махлярстве генерал не прызнаў.

Вадзім Шамарын

23 траўня стала вядома пра затрыманне начальніка галоўнага ўпраўлення сувязі Мінабароны РФ Вадзіма Шамарына. Паводле звестак следства, у перыяд з красавіка 2016 па кастрычнік 2023 года Шамарын атрымаў хабар у памеры 36 мільёнаў рублёў ад гендырэктара Пермскага тэлефоннага завода «Целта» Аляксея Высокова і галоўнага бухгалтара Алены Грышынай за «павелічэнне аб'ёму прадукцыі, якая пастаўляецца па дзяржаўных кантрактах для патрэб Мінабароны Расіі і агульнае заступніцтва». Сума хабару, у якой падазраюць Шамарына, як піша «Камерсант», складае не менш за адзін мільён рублёў (гэта лічыцца асабліва буйным памерам). Суд арыштаваў Шамарына на два месяцы.