Экс-прэзідэнта Украіны Януковіча падазраюць у падбухторванні да дэзерцірства
Следчыя Дзяржаўнага бюро расследаванняў Украіны па ўзгадненні з Офісам генеральнага пракурора выставілі былому прэзідэнту Украіны Віктару Януковічу новае падазрэнне ў падбухторванні вайскоўцаў Упраўлення дзяржаўнай аховы да дэзерцірства. Пра гэта паведаміла ў сераду прэс-служба ведамства.

Экс-прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч
«24 лютага 2014 года былы прэзідэнт Украіны, уцякаючы ад крымінальнай адказнасці за злачынствы ў дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту, схіліў намесніка начальніка Упраўлення дзяржаўнай аховы Украіны — начальніка Службы бяспекі прэзідэнта Украіны да дэзерцірства. Як вынік, начальнік яго аховы не вярнуўся да месца службы па службовай камандзіроўцы з тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым. Разам з тым, падазраваны выехаў за межы Украіны ў Расійскую Федэрацыю», — гаворыцца ў паведамленні.
24 студзеня 2019 года Абалонскі раённы суд Кіева прызнаў Януковіча вінаватым у дзяржаўнай здрадзе і дапамозе ў планаванні, падрыхтоўцы і вядзенні агрэсіўнай вайны і прысудзіў яму 13 гадоў пазбаўлення волі завочна. Былы прэзідэнт назваў прысуд незаконным. Ён адмаўляе сваю віну ў гэтых і іншых інкрымінаваных яму злачынствах. Прысуд не набыў моц, таму што быў абскарджаны.
Акрамя таго, Януковіч абвінавачваецца ў расстрэлах на Майдане і ўзурпацыі ўлады праз канстытуцыйную рэформу 2010 года, якая павялічыла прэзідэнцкія паўнамоцтвы.
Віктар Януковіч з'ехаў з Украіны ў лютым 2014 года пасля расстрэлаў на Майдане. Ён хаваецца ў Расіі.