Украіна не будзе выконваць Мінскія пагадненні на ўмовах Масквы
Кіеў не адмаўляецца ад выканання Мінскіх пагадненняў, але выключае прамы дыялог з самаабвешчанымі "ДНР" і "ЛНР". Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба, паведамляе www.dw.com.
Украіна не мае намер выконваць Мінскія пагадненні на
ўмовах Расіі. Кіеў не адмаўляецца ад выканання дамоўленасцяў, але выключае
прамы дыялог з самаабвешчанай "Данецкай і Луганскай народнымі
рэспублікамі", заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба падчас
брыфінгу. "Гэта наша прынцыповая пазіцыя", — падкрэсліў ён.
Пры гэтым украінскі міністр звярнуў увагу на наяўнасць "сапраўдных шанцаў дыпламатычнага вырашэння" канфлікту вакол Украіны. "Сітуацыя застаецца напружанай, але кантралюемай", — адзначыў Кулеба.
У краін-удзельніц "нармандскага фармату" — Германіі, Францыі, Расіі і Украіны — існуюць рознагалоссі па шэрагу пытанняў, звязаных з выкананнем Мінскіх пагадненняў. Дарадцы лідараў краін "нармандскай чацвёркі" 10 лютага правядуць чарговыя перамовы ў Берліне.