Чарга не менее. Больш за 5 тысяч фур сабралася на межах Беларусі з дзяржавамі ЕС і Украінай

Доўгія чэргі назіраліся на польскай, літоўскай, латышскай межах. А цяпер чарга з’явілася і на ўкраінскай.

Чарга ў «Казловічах» 9 лютага. Фота: «Вячэрні Брэст»

Чарга ў «Казловічах» 9 лютага. Фота: «Вячэрні Брэст»


На 8.00 10 лютага ў чэргах сабраліся 5290 фур, паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт (ДПК). Больш за ўсіх загружаны пункт пропуску «Беняконі» ў напрамку Літвы — там знаходзіцца больш за 760 машын. На польскай мяжы больш за ўсё ў «Казловічах» — звыш 750 аўтамабіляў. У латвійскім напрамку ў пункце пропуску «Грыгараўшчына» назапасіліся больш як 540 фураў.

Калі раней чэргі назіраліся толькі на межах з Еўрасаюзам, то 10 лютага ДПК дадаў і ўкраінскую мяжу. Але пакуль даўжыня чаргі значна меншая за межы з ЕС. У пункце пропуску «Макраны» чарга ў больш за 20 аўтамабіляў.

Раней Расійская Асацыяцыя міжнародных аўтаперавознікаў заяўляла аб праблемах з беларускага боку: паводле іх слоў, пры прапускной здольнасці ПП «Каменны Лог» у 500 машын за суткі, там афармляюць толькі 300–400 фур.

Аднак у Беларусі вінавацяць у чэргах памежнікаў суседніх дзяржаў. Паводле ДПК, за апошнія суткі польскія памежнікі аформілі толькі 70% транспартных сродкаў ад нормы, у Літву з Беларусі ўехала толькі 37% грузавікоў ад агульнай прапускной здольнасці.